1652

Фрылансер з Нарвегіі: Найбольш паспяховым будзе журналіст, які стаў экспертам у пэўнай сферы

17.11.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Фрыланс-журналістыка

ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" зладзіла сустрэчу з вядомым нарвежскім журналістам Сігурдам Орвігам. Сігурд распавёў, як фрылансеры “выбіваюць” свае ганарары ў рэдактараў з дапамогай калькулятара, і што рабіць, калі раптам пагадзіўся напісаць пра біяінжэнерынг :)

Сігурд Орвіг, да таго як сыйсці ў фрылансеры, працаваў журналістам і рэдактарам. Ён доўгі час займаў пасаду рэдактара рэгіянальнай штодзённай газеты ў Транхейме, які з’яўляецца трэцім па велічыні горадам у Нарвегіі. Але ў нейкі момант Сігурд вырашыў стаць фрылансерам. Тады яму было 45 год, сям’я, трое дзяцей.

Культурніцкая журналістыка, якой было жаданне займацца, на жаль, не прыносіла дастаткова грошай.

“Але я  гнуткая асоба і вырашыў паспрабаваць сябе ў новай якасці. Пачаў вывучаць артыкулы пра сучасныя тэхналогіі ў выданнях свайго горада. У Транхейме ёсць універсітэт сучасных тэхналогій і даследчыцкі цэнтр. З’яўляліся новыя распрацоўкі, а бізнесмэны імі цікавіліся. Я пачаў пісаць для часопіса пры ўніверсітэце і даследчыцкім цэнтры. Удзельнічаў у рэдакцыйных нарадах гэтага выдання. Праз пэўны час з’явілася шмат цікавых кантактаў. А навуковыя тэхналогіі сталі асноўным “каньком”, якому я прысвячаў сваю журналісцкую працу. Асабліва цікавілі тэхналогіі ў галіне экалогіі”, — распавёў Сігурд Орвіг прысутным на сустрэчы.

У Нарвегіі моцная нафтавая індустрыя ды сумежныя галіны. Гэтыя тэмы таксама патрапілі ў кола зацікаўленасцяў фрылансера Орвіга.

У краіне многа выданняў, якія пішуць пра розныя аспекты грамадскага жыцця, таму было каму прапаноўваць артыкулы.

“Каб работа пачала прыносіць стабільны даход, спатрэбілася недзе два гады, — згадваў спадар Орвіг пра свае крокі ў якасці фрылансера. — Аднойчы рэдактар прапанаваў мне пісаць на тэму біяінжынерынгу. Я, канешне, пагадзіўся. А пасля той тэлефоннай размовы я схапіўся за энцыклапедыю, бо насамрэч нічога не ведаў пра біятэхналогіі. Потым  звязаўся з навукоўцамі, якія займаліся біятэхналогіямі, і яны імкнуліся распавядаць пра свой занятак даступнай мовай. У выніку я напісаў мноства матэрыялаў пра ДНК, медыцыну і гэтак далей”.

Праз некалькі год Сігурд Орвіг займеў вялікую сетку кантактаў па тэме навукі і тэхналогій.

“На самай справе я магу пісаць пра ўсё, апроч спорту”, — са смехам заўважыў Сігурд.

Калькулятар для фрылансера

Сігурд Орвіг з’яўляецца сябрам Нарвежскай арганізацыя журналістаў-фрылансераў, якая ўваходзіць у Саюз журналістаў Нарвегіі.

У Саюзе журналістаў Нарвегіі 9 000 сябраў, з іх каля 900 — фрылансеры. 44 % журналістаў — жанчыны.

Колькасць часткова занятых або фрылансераў сярод журналістаў няўхільна расце.

Нарвежская арганізацыя журналістаў-фрылансераў прыклала шмат намаганняў, каб падвысіць якасць працы сваіх сябраў. Арганізацыя прапануе навучанне па менеджменту, перамовам, вядзенню ўласных фінансавых спраў.

Таксама была створаная адмысловая праграма-калькулятар, якая дазваляе фрылансеру падлічыць свае працоўныя і побытавыя выдаткі. Гэтак можна разлічыць і свой бюджэт за адвольны перыяд, і вартасць сваіх тэкстаў.

І калі рэдактар мяркуе, што вы просіце многа за свой артыкул, можна прывесці яму аргументы з праграмы-калькулятара, якая паказвае колькі сыходзіць грошай на камунальныя, тэлефон, падаткі і гэтак далей.  

Фрылансеры ў Нарвегіі працуюць, па сутнасці, як прадпрымальнікі, таму ўменні весці фінансавыя справы актуальныя.

Раней рашэнне наконт сумы ганарару прымаў рэдактар, цяпер гэта ў кампетэнцыі  менеджараў вышэйшага звяна. І журналісту сапраўды няпроста адстойваць сваю пазіцыю перад бізнесоўцамі.

Пэўныя выдавецкія дамы прапануюць фрылансерам падпісваць кантракт, які прадугледжвае наступнае выкарыстанне матэрыялаў без абмежаванняў. Арганізацыя журналістаў пачала змагацца з гэтым і змагла змяніць некаторыя пункты ў кантрактах.

Але нельга сказаць, што фрылансеры ва ўсім і цалкам змаглі адстаяць свае правы.  

Разам з тым Сігурд Орвіг адзначыў, што фрылансеры набылі большую павагу сярод калег і рэдактараў. Гэта ў тым ліку вынік больш прафесійнай дзейнасці.

Таксама ў Нарвегіі існуе каталог фрылансераў, дзе ўказаныя звесткі пра чалавека, яго досвед, кампетэнцыі і гэтак далей. Доступ да каталога маюць сябры арганізацыі.

“Я адпісаўся ад гэтага каталога, бо ўвесь час ідуць замовы, а мне ўжо хацелася б менш працаваць”, — распавёў Сігурд.

Ён тлумачыць цікаўнасць рэдактароў да сваёй асобы вузкай спецыялізацыяй — жадаючых пісаць пра навуку і тэхналогіі не так шмат.

Сігурд Орвіг пра прафесійныя праблемы і ідэальны выбар

Эфект “загнанасці” ёсць у журналістаў. Але я цяпер больш эфектыўны, чым у часы, калі пачынаў сваю працу. Я магу рабіць фота, бо маю лічбавую камеру, магу карыстацца інтэрнэтам і хутка адпраўляць матэрыялы. Тэхналагічны прагрэс станоўча паўплываў на працоўныя магчымасці.  

У Нарвегіі свабода слова гарантуецца Канстытуцыяй. І гэта сапраўды так.

Нарвежскія СМІ звальняюць журналістаў. Такім чынам нагрузка на журналістаў узрастае,  а патрэбы ў колькасці спецыялістаў змяншаюцца. Медыйны рынак звужаецца. Людзі не хочуць плаціць за інфармацыю з інтэрнэта, рэкламы становіцца менш. Медыябізнес становіцца ўсё больш камерцыялізаваным, кантэнт забаўляльнага характару. Зацікаўленасці ў журналісцкіх расследаваннях усё менш.

Многія фрылансеры падзяляюць работу на часткі: праца для грошай і нейкі праект для душы.

Кампеляцыя і рэрайт — такая праблема існуе і ў Нарвегіі. Юрысты даволі часта атрымліваюць такія кейсы ад фрылансераў, калі тыя “вылоўліваюць” свае тэксты ў медыях. Судовыя пасяджэнні па такіх справах адбываюцца вельмі рэдка. Але выданні, якія так робяць, губляюць рэпутацыю. Тут размова больш пра “таварысцкі суд”. Часта дастаткова, каб юрыст проста звярнуў увагу рэдактара на гэты факт.

Калі ты фрылансер, то рэдактараў цікавіць найперш партфоліо, а не дыплом. Многа значыць рэпутацыя. Сёння важна шукаць розныя тэмы, ў якіх вы хацелі б працаваць як фрылансер. Найбольш паспяховыя — журналісты-фрылансеры, якія сталі спецыялістамі ў пэўных галінах. Больш практыкі. Шукаць сваю нішу, каб дасягнуць экспертнага ўзроўню.

Сігурд Орвіг нарадзіўся ў Осла ў 1949 годзе. Працаваў журналістам і рэдактарам. Мае больш чым 20-гадовы досвед працы пазаштатным журналістам.