Каб не папасціся на вуду прапаганды, лепш за ўсё загадзя ведаць усе іх трукі. Самы і відавочны, і невідавочны метад — вырыванне з кантэксту. Гэта вельмі распаўсюджаны метад маніпуляцыі, якім вельмі часта карыстаюцца прапагандысты, але і не толькі. Часам нават без злога намеру, але такім спосабам карыстальнікі множаць скажоную інфармацыю ў інтэрнэце.
Такія дробязі…
У спробе дыскрэдытаваць Святлану Ціханоўскую ёй часта прыгадваюць інтэрв'ю восені 2020-га, якое яна дала РБК. Там гучалі словы пра "мудрую Маскву". Пасля двух з паловай гадоў, заяваў пра тое, што расійскія войскі ў Беларусі непрымальныя, а Пуцін — ваенны злачынца, ёй усё яшчэ прыгадваюць тыя словы.
"Забываючы" пра іншыя яе словы, сказаныя ў тым жа інтэрв'ю: там Ціханоўская адказала на пытанне аб тым, чаму падкрэслівае "мудрасць" усходняга суседа: "Я б магла сказаць нешта іншае, але я ўжо засвоіла нейкія асновы дыпламатыі — мне давялося гэта зрабіць, — таму я кажу менавіта так".
Менавіта так і працуе вырыванне з кантэксту: у спробе дыскрэдытаваць апанента бяруцца яго словы, якія могуць "згуляць супраць", і падаюцца як заява — без уліку абставінаў і нават таго, як менавіта гучала поўная фраза. Такі ж прыклад: калі кажуць, што Віктар Бабарыка лічыў, што беларусам патрэбна толькі "чарка і скварка", хоць у арыгінальнай цытаце ён казаў, што гэта мэта дзяржавы. Ці спроба "наезду" на Зянона Пазняка са сцвярджэннем, што ён нібыта хоча "забраць Вільню", хоць гэтая дэзынфармацыя таксама будуецца на вырванай з кантэксту фразе і нічога агульнага з рэальнасцю не мае.
Зрэшты, часта прыклады вышэй можна растлумачыць грэбаваннем праверкай першакрыніцы, то-бок многія без усялякага намеру множаць ілжывыя наратывы. А цяпер уявіце, у якіх маштабах з кантэксту вырываюць дзяржаўныя прапагандысты, у каго стаіць мэта скажаць інфармацыю: і тычыцца гэта, вядома, не толькі беларускіх палітыкаў, чые словы яны ўвесь час перакручваюць, але і сусветных навін.
Шукайце крыніцы
Прыклады вырваных з кантэксту заяваў, асабліва на фоне вайны, з'яўляюцца толькі ў беларускіх дзяржСМІ дзясяткамі штодня. Напрыклад, БелТА паведамляла чытачам, што "УСУ сутыкаюцца з вострым дэфіцытам боепрыпасаў", пры гэтым не ўдакладняючы, што гаворка толькі пра дэфіцыт боепрыпасаў для выпушчанай у СССР артылерыі і што ў арыгінальнай крыніцы згадваецца таксама дэфіцыт боепрыпасаў у расійскай арміі.
Выразанае з кантэксту сцвярджэнне падаецца як навіна — "ва Украіны ўсё зусім дрэнна", а каб зразумець рэальную карціну — "ёсць складанасці, якія ёсць і ў Расіі, і ўсе бакі хочуць хутчэй вырашыць праблему", трэба глядзець арыгінальную публікацыю The Washington Post.
Іншы прыклад: скажэнне слоў дарадцы кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіла Падаляка аб тым, што "Украіна мае права знішчаць усё, што знаходзіцца ў Крыме і на Данбасе". Беларускія дзяржаўныя і расійскія СМІ падалі гэта як "прызнанне ў людаедстве", але ў поўнай цытаце Падаляк казаў пра тое, што з пункту гледжання міжнароднага права гэтыя тэрыторыі не з'яўляюцца часткай Расіі, і таму Украіна можа атакаваць акупацыйныя аб'екты, і гэта не будзе парушэннем "абяцання не страляць па Расіі заходняй зброяй".
Поўная цытата — здавалася б, такая дробязь, але прыкметна ўплывае і на сэнс, і на ўспрыманне слоў. Не верце пераказам, правярайце арыгінальныя крыніцы.
Чытайце яшчэ:
Прадстаўнікі журналісцкіх саюзаў Еўропы 3 траўня выступілі ў падтрымку беларускіх калег
«Я застаюся, каб тым, хто зараз за кратамі, і тым, хто быў вымушаны з’ехаць, было куды вяртацца»: погляд журналістаў знутры краіны
«Трымаемся праўды, трымаемся разам!» З Вільні стартаваў марафон салідарнасці са зняволенымі калегамі