671

Фактчэкінг у эпоху фэйкаў. Памятка, як журналісту не стаць ахвярай маніпуляцый

01.02.2023 Крыніца: Ганна Валынец спецыяльна для БАЖ

Што такое фэйк і чым ён адрозніваецца ад маніпуляцыі? Якія лічбавыя інструменты можна выкарыстоўваць для праверкі фактаў? На гэтыя і многія іншыя пытанні адказвалі медыяэксперты падчас анлайн-курса «Фактчэкінг, праверка інфармацыі сучаснымі метадамі, спосабы пазбегнуць маніпуляцый у СМІ», які ў студзені 2023 года ладзіла Беларуская асацыяцыя журналістаў. Прапануем вам памятку з гэтага курса-інтэнсіву.

Што такое фэйк?

Фэйк — гэта адна з самых распаўсюджаных форм дэзінфармацыі ў СМІ. Для раскрыцця большасці фэйкаў дастаткова логікі і базавай праверкі інфармацыі.

Фэйкам называюць наўмыснае скажэнне ці прыхоўванне фактаў, падман, з дапамогай якога ствараецца іншая рэальнасць.

Напрыклад, навіна пра тое, што на барахлоцы ва Украіне можна набыць плюшавага Гітлера распаўсюдзілася ў 2018 годзе і апынулася фэйкам: цацка прадавалася не ва Украіне. Журналісты даведаліся пра гэта, знайшоўшы абвесткі на расейскім сайце абвестак.

Мэта тых, хто карыстаецца фэйкамі — стварыць у спажывальнікаў інфармацыі пэўнае ўражанне аб бягучых навінах, сфармаваць стаўленне да з’яў ці сацыяльных груп і г. д. Небяспека фэйкаў у тым, што яны маюць накапляльны эфект: чым больш чалавек спажывае фальшывых навін, тым мацней ён дэзарыентаваны.

Што такое маніпуляцыя?

Маніпуляцыя — гэта свядомае скажэнне інфармацыі для фармавання ў людзей пэўнага стаўлення да той ці іншай праблемы, асобы ці з’явы. Маніпуляцыі адбываюцца праз прадастаўленне няпоўнай інфармацыі, утойванне аднаго з аспектаў, змяшчэнне акцэнтаў, вырыванне з кантэксту.

Журналіст не мусіць наўмысна ствараць фэйкі, але можа памылкова дапусціць маніпуляцыю. Як гэтага пазбегнуць?

  • Быць дакладным.

Правяраць і пераправяраць інфармацыю, тэрміны, пазбягаць працы па памяці і ўжываць дакладныя цытаты. Правяраць выявы на фота, напрыклад, што знятая менавіта тая асоба, пра якую гаворка, а не цёзка ці нехта падобны тварам.

  • Аддзяляць меркаванні ад фактаў.

Не пісаць гіпотэзы, пазбягаць займеннікаў: ніколі, ніхто, кожны, усе, заўсёды і падобных.

  • Даваць поўную інфармацыю.

Перадаваць кантэкст, пры гэтым пазбягаючы лішніх фактаў.

  • Памятаць пра баланс меркаванняў.

Даваць пазіцыю ўсіх бакоў, прычым другі бок мусіць казаць пра сябе сам (а не прадстаўляць яго вуснамі апанента).

Як не купіцца на фэйк?

Адказ — сачыць за тым, каб кожнае меркаванне і факт былі пацверджаныя — праводзіць фактчэкінг. Напрыклад, калі трэба напісаць імя чыноўніка, то добрая крыніца інфармацыі — сайт дзяржаўнай установы, дзе ён працуе. Калі адбылася сустрэча двух прэзідэнтаў — сайты абодвух з іх.

У фактчэкінгу дапамагаюць сайты арганізацый і кампаній, пацверджаннем фактаў могуць служыць фота і відэа, аўдыя, дакументы (у тым ліку выпіскі з баз дадзеных), скрыншоты, праверка асобаў людзей і г. д. Інфармацыя на Вікіпедыі, дарэчы, не з’яўляецца фактам, яе таксама трэба правяраць.

Умоўна можна вылучыць два алгарытмы праверкі фактаў. Калі трэба праверыць інфармацыю хутка, то ёсць просты варыянт:

  • Паглядзець, ці распаўсюджваюць навіну сур’ёзныя медыі. Варта вызначыць 3-5 асноўных, з якімі вы звяраецеся, калі не правяраеце факт самастойна.

Ускосныя прыкметы недакладнай інфармацыі — дрэнная якасць фота, адсутнасць крыніцы інфармацыі, эмацыйны тэкст, мала падрабязнасцяў (няма адказаў на пытанні: хто? што? дзе? калі? як?).

Другі варыянт больш складаны:

Цалкам прачытаць ці паглядзець паведамленне. Знайсці першакрыніцу і зразумець, ці надзейная яна (ананімная, медыя, афіцыйны орган, іншае).

  • Праверыць, ці працуе спасылка на першакрыніцу і ці ёсць па ёй патрэбная інфармацыя.

  • Праверыць імя і біяграфію аўтара, эксперта — хто гэта, ці адпавядае яго статус у СМІ рэальнаму вопыту, ці мае асоба ангажаванасць у чыйсці бок. Заўсёды скептычна ставіцца да выказванняў палітыкаў, нават калі палітык вам сімпатычны.

  • Праверыць дату публікацыі (яна можа быць перадрукаванай са старой публікацыі, асабліва гэта тычыцца эмацыйных паведамленняў).

  • Праверыць фота, відэа, дакументы.

Калі дакументы "злілі" — можна паглядзець, які зыходны нумар у дакумента, і нават запытаць, ці быў такі ў арганізацыі, паглядзець, ці супадае форма дакумента з формай у арганізацыі і г. д. Калі гэта дакумент-справаздача з вялікай колькасцю лічбаў — можна праверыць некалькі з іх выбарачна і зрабіць выснову аб праўдзівасці.

Фота і відэа можна правяраць з дапамогай адмысловых інструментаў, якія апісаныя ніжэй.

Як праверыць праўдзівасць фота і відэа?

Каб вызначыць, ці праўдзівыя фота і відэа, варта шукаць сляды таго, што яны былі змененыя ці зробленыя ў іншы час у іншым месцы. Для гэтага трэба праверыць, дзе, калі і хто іх выклаў. Калі першакрыніца ў сацыяльных сетках — прачытаць каментары да допісу. Звярнуць увагу на дэталі (назвы вуліц) і зверыць іх з Google street view. Праверыць яго, пашукаўшы ў сеціве па ключавых словах. Уважліва пачытаць дадзеныя пра файл (метададзеныя).

Якія інструменты дапамогуць?

  • Пошук па малюнку ў Google, Yandex ці іншых сістэмах.

Пошук можна правесці, звяраючы вашае фота з астатнімі (ці ёсць адрозненні); параўноўваючы подпісы пад фота, дату публікацыі і г. д. Каб пошук праходзіў больш дакладна, з фота лепш абрэзаць любыя лагатыпы і вадзяныя знакі.

Можна шукаць па цэлым малюнку ці яго фрагменце. У Google можна клікнуць “знайсці крыніцу выявы”, там можна камбінаваць ключавыя словы. Але Yandex затое шукае ў тым ліку па “Вконтакте”.

  • TinEye дазваляе храналагічна выбудаваць вынікі пошуку: ёсць сартыроўка па даце, ступені рэдагавання, па памеры (арыгінал звычайна найбольшы па памеры).

  • FotoForensics паказвае кантрастным колерам месцы на фота, якія маглі быць адрэдагаваныя.

  • InVid — інструмент для праверкі відэа і фота. Гэта плагін для браўзераў, шукае ў сеціве, асобна ў сацсетках і па базах фактчэкінгу (пераважна для англамоўнай інфармацыі). Можна атрымаць бясплатны доступ для Advanced версіі, звязаўшыся з камандай.

  • Pic2map — інструмент для пошуку метададзеных: дзе і калі зроблена фота, калі ёсць геалакацыя, калі было апрацавана, то якімі праграмамі.

Метададзеныя часта захоўваюцца пасля публікацыі фота ў сацыяльных сетках, але ў скрыншотах метададзеных няма.

  • Сэрвіс Deepfake-o-meter дазваляе вызначыць відэа, сінтэзаваныя штучным інтэлектам.

Апроч таго, падобнае відэа можна пазнаць па ценях, якія падаюць ненатуральна; рухі, мірганне чалавека запаволеныя, пазбаўленыя рэзкасці. Гэта можна ўбачыць, гледзячы відэа пакадрава.

Спіс крыніц з эканамічнай інфармацыяй

Калі вы працуеце з інфармацыяй пра бізнес і палітыку, то варта валодаць базавымі ведамі пра краіну, уключна пра колькасць насельніцтва, памер ВУП — так вы зможаце пазнаць непраўдзівую інфармацыю вельмі хутка.

Для фактчэкінгу эканамічнай інфармацыі пра кампаніі і дзяржавы можна выкарыстаць наступныя інструменты:

  • Legat.by — анлайн-сістэма праверкі кампаній Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана, Малдовы, Кыргызстана, Узбекістана.

Часткова там можна знайсці справаздачы кампаній. Некаторыя таксама друкуюць іх у адкрытым доступе.

Таксама можна карыстацца міжнароднымі крыніцамі, у частцы з іх ёсць звесткі і пра Беларусь:

  • База дадзеных ААН пра глабальны гандаль са штогадовай і штомесячнай статыстыкай.

  • Еўрастат — статыстычная служба з дадзенымі па краінах-удзельніцах ЕС.

  • OpenCorporates — вэб-сайт з дадзенымі аб карпарацыях па ўсім свеце, узятымі з дзяржаўных сайтаў. Можна даведацца, ці існуе кампанія, ці дзейнічае, які адрас і г. д.

  • Адкрыты рэестр кампаній з Вялікабрытаніі са справаздачамі.

  • Адкрыты рэестр Аўстрыі.

  • База дадзеных журналісцкай расследніцкай арганізацыі OCCRP па розных краінах (адкрытая).

  • Іх жа база дадзеных, каб адсочваць грашовыя плыні дзяржаў, кампаній і асобных людзей (з абмежаваным доступам, заяўку на доступ запаўняць тут).

  • База дадзеных журналістаў-расследавальнікаў з ICIG утрымлівае дакументы зліваў пра афшоры, такіх як Архіў Пандоры (Pandora Papers) і іншых.

Іншыя інструменты

Who.is — сэрвіс, які дазваляе даведацца, як даўно з’явіўся сайт і хто яго ўладальнік.

Wayback Machine  — бясплатны архіў інтэрнэта, сярод іншага дае магчымасць праглядзець старонкі, якія былі змененыя ці выдаленыя, часам нават дазваляе спампаваць выдаленыя файлы з гэтых старонак.

Чытайце яшчэ:

"Суразмоўца медыя павінен разумець рызыку". Дыскусія пра экстрэмізм і этыку

"Пра людзей, якія змагаліся за волю": бэкстэйдж са здымак кліпа Кацярыны Ваданосавай

Вечар памяці Аляксея Стрэльнікава ў музеі Вольнай Беларусі

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!