1318

Fake news і што рабіць са стратай даверу да СМІ — размова з віцэ-прэзідэнтам Музея журналістыкі і навін у Вашынгтоне Барбарай МакКормак

16.02.2018 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Словазлучэнне fake news (фальшывыя навіны, фэйкі) настолькі часта згадвалася ў 2017 годзе, што слоўнік англійскай мовы Collins прызнаў яго словам года. "Ілжывая, часта сенсацыйная інфармацыя, якая распаўсюджваецца пад выглядам навінавых паведамленняў" (вызначэнне ў слоўніку — рэд.) трапляе ў стужкі навін нават аўтарытэтных выданняў. Што ж такое фэйкавыя навіны ў сучасным рытме жыцця? Пра гэта разважалі падчас сутрэчы ў офісе ГА “БАЖ” з віцэ-прэзідэнтам Музея журналістыкі і навін у Вашынгтоне Барбарай МакКормак.

У агульным вале інфармацыі ілжывыя паведамленні складана выявіць. У 2017 годзе ў апытанні Harvard-Harris 84 % рэспандэнтаў заявілі, што ім цяжка вызначаць праўдзівасць навіны. Амаль дзве траціны апытаных амерыканцаў заявілі, што масмедыя поўныя фэйкаў.

Барбара МакКормак падкрэсліла, што цяпер з мэтаю прыцягнення ўвагі многія медыя пачалі блытаць жанры і ў тыя ж рэпартажы і навіны дадаваць суб’ектыўныя ацэнкі аўтараў. Такія матэрыялы не ёсць ілжывымі, але і аб’ектыўнымі іх назваць ужо нельга.

У сучасным свеце вельмі лёгка атрымліваць і ствараць інфармацыю. Разам з тым мае месца палярызацыя меркаванняў. Палярызацыя меркаванняў сёння сягае ва ўсе сферы: ад ладу жыцця (вегетарыянцы супраць мясаедаў) да палітычнага выбару. У выніку людзі пачынаюць ненатуральна адносіць сябе ў розныя групы, якія не могуць паразумецца паміж сабой. Разам з тым ёсць запатрабаванасць з боку аўдыторыі ў такіх матэрыялах. Ёсць такі тэрмін як “суб’ектыўнае пацверджанне” — людзі заўсёды радыя бачыць матэрыялы, якія сугучныя з іх поглядамі.

Даследванні паказваюць цікавую заканамернасць у ЗША: там людзі нават імкнуцца не жыць побач з людзьмі, якія не падзяляюць іх погляды.

Разам з тым інфармацыйны час дае шмат перавагаў: навіны дасяжныя і можна атрымаць інфармацыю адразу ж з месца падзей, эпоха плюралаізму, бо любое меркаванне можа знайсці пляцоўку і аўдыторыю.

Згодна апытанняў Reuters, 47 % рэспандэнтаў атрымліваюць навіны праз Facebook. Другое месца ў пошуку інфармацыі займае Youtube, на першым месцы — Google.

У ЗША сярод моладзі вельмі папулярны Snapchat, але на гэтай пляцоўцы навіны курсуюць паміж асобамі і групамі карыстальнікаў.

Хто вінаваты ў тым, што з’яўляюцца фэйкавыя навіны? Вінаваты кожны: вытворца навінаў (прафесійныя журналісты), агрэгатары (сацыяльныя сеткі, тэхналогіі), аўдыторыя навінаў.

Стваральнікаў навін вельмі шмат і кожны спрабуе атрымаць фінансаванне. Таму многія рэпарцёры цяпер выказваюць у матэрыялах свае ўласныя ацэнкі, тым самым “падаграваюць” навіны.

Але ў 2017 годзе даследаванні Амерыканскага інстытута прэсы паказалі, што 32 % амерыканцаў заявілі: для іх цяжка аддзяляць у навінах меркаванне ад навінаў. Таксама навінам цяпер вылучаецца менш часу, чым дыскусіям і меркаванням экспертаў.

Размяшчаючы навіны на розных пляцоўках, выдаўцы карыстаюцца такім механізмам як клікбэйт — даюць больш яркі загаловак, ілюстрацыі, якія прымушаюць “клікнуць” карыстальніка на навіну. І паколькі ўсе змагаюцца за першынства ў часе публікацыі, то рэгулярна здараюцца памылкі падчас размяшчэння матэрыялу.

Да таго ж, падкрэсліла ў сваім выступе Барбара МакКормак, СМІ, якія мусяць быць незалежнай чацвёртай уладай, крытыкуюцца і грамадствам, і прэзідэнтам, і ўрадам. Дадаем усеагульную гонку за першынства публікацый, што правакуе памылкі і — як вынік, пагаршэнне даверу да медыя.

Паводле даследавання інстытута Гэлапа, з 2006 да 2016 года давер людзей да медыя апусціўся на 10 пунктаў: да тэлебачання з 31 да 21 пункта, да газет — з 30 да 20 пунктаў.

Разам з тым СМІ — чацвёртая ўлада, якая павінна існаваць, падкрэслівае Барбара МакКормак. І змагацца за давер можна толькі прафесійнасцю і празрыстасцю.

Як прыклад самарэгуляцыі, Барбара распавяла пра супольнасці журналістаў у Францыі і Вялікабрытаніі, якія аб’ядноўваюцца ў супольнасці, каб назіраць за працай калег, правяраць праўдзіваць інфармацыі.

У некаторых краінах “правераныя” рэсурсы нават пазначаюць умоўным знакам якасці.

Але віцэ-прэзідэнт Музея журналістыкі і навін у Вашынгтоне Барбара МакКормак адзначае, што пытанне пра нейкі “каталог” якасных выданняў — адкрытае. Бо адразу паўстае пытанне даверу да тых, хто складае гэты каталог. І ці не паўплывае ўвогуле такі падыход на свабоду слова?

Кожную хвіліну ў свеце адбываецца 3,6 млн клікаў, скіраваных на пошук інфармацыі. Адпаведна,высокі попыт на інфармацыю вымушае медыя шукаць новыя метады яе распаўсюду.

Барбара МакКормак прапанавала карыстацца наступным алгарытмам у праверцы навінаў на сапраўднасць:

  1. Глядзець на факты, якія прадстаўленыя ў матэрыяле, і правяраць іх. Шмат што можна спраўдзіць звычайным пошукам праз Google.

  2. Правяраць ілюстрацыі, якія выкарыстоўваюцца ў матэрыяле, ці сапраўды яны ілюструюць рэальныя падзеі.

  3. Правяраць персонаў, якія згадваюцца ў матэрыяле.

  4. Знайсці і вызначыць аўтарытэтнасць крыніцы матэрыялу.

  5. Аналізаваць агульны кантэкст.

  6. Аналізаваць мэтавую аўдыторыю матэрыялу. Гэта таксама дапамагае праверыць яго праўдзівасць.

  7. Звяртайце ўвагу на стылістыку мовы.

  8. Звяртайце ўвагу на мэту аўтара: гэта прапаганда, інфармаванне ці навіна.