5027

Этычна ці не?

03.05.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Некалькі рэальных кейсаў з практыкі Прэсавай Рады Германіі (German Press Council).

Прыклад №1.

„Голая праўда“. На вокладцы паказаны „голы“ (экс-) канцлер ФРГ Герхард Шродэр.

Пытанне: Ці дазволена прэсе паказваць кіраўніка ўраду голым?

Рашэнне Прэсавай Рады: Скаргу прызналі неабгрунтаванай. Тут няма прыніжэння чалавечай годнасці альбо службовай рэпутацыі канцлера. Дапушчальная сатыра з адсылкай да класікі (“Голы кароль” Андэрсэна).

Спасылка на прынцып 1 Кодэкса этыкі: Павага да ісціны, захаванне чалавечай годнасці і дакладнае інфармаванне грамадскасці з'яўляюцца базавымі прынцыпамі прэсы. Кожная публічная асоба павінна спрыяць умацаванню рэпутацыі і даверу да медыя.

Прыклад №2.

“Так памірае надзея Герты” (берлінская футбольная каманда, адзін з удзельнікаў якой памёр ад інфаркту на полі).

Пытанне: Ці дазволена прэсе паказваць паміраючага чалавека?

Рашэнне Прэсавай Рады:  Скаргу задаволілі. Чытач можа зазірнуць паміраючаму чалавеку проста ў вочы. У гэтым няма “грамадскай патрэбы” – толькі нездаровы вуаерызм.

Спасылка на прынцып 11.1 Кодэкса этыкі: “Рэпартаж з’яўляецца неналежна сенсацыйным, калі паказвае чалавека як аб’ект, як прадмет. Гэта асабліва важна, калі паведамленні пра чалавека, які памірае альбо фізічна/псіхічна церпіць, выходязць за рамкі грамадскага інтарэсу і патрэбы чытача ў інфармацыі. Пры размяшчэнні ілюстрацый актаў гвалту ці няшчасных выпадкаў на першых палосах прэса павінна мець на ўвазе магчымыя наступствы для дзяцей і маладых людзей.

Прэсавая Рада Германіі (German Press Council) заснаваная ў 1956 годзе. Штуршком для яе стварэння стаў законапраект федэральнага закона аб СМІ, паводле якога ўрад мог атрымаць рычагі кантролю праз прэс-камітэты. Каб пазбегнуць гэтага, асацыяцыі журналістаў і выдаўцоў Германіі вырашылі заснаваць орган самарэгулявання.

У 1971 годзе Рада прыняла Кодэкс этыкі, які перыядычна абнаўляецца. Апошнія папраўкі датаваныя сакавіком 2016 года і тычацца працэдуры абскарджання рашэнняў. Патрэбу ўнясення паправак вызначае сама Рада, у склад якой уваходзяць 3 камісіі па скаргах (па 8 чалавек у кожнай), пленум з 28 чалавек, асамблея сябраў спонсарскіх арганізацый (8 чалавек), офіс у Берліне (10 чалавек).

За год Рада разглядае ў сяроднім каля 2000 зваротаў.  

Кодэкс тычыцца толькі друкаваных і анлайн-СМІ, але асобны “інтэрнэт-пункт” у ім толькі адзін (2.7) – ён тычыцца кантэнту, згенераванага карыстальнікамі. Згодна з ім, адказнасць з юзерскі кантэнт ускладаецца на прэсу, як і выразнае абазначэнне такога кантэнту.

«Была вялікая дыскусія адносна таго, ці адказныя медыяхолдынгі за карыстальніцкі кантэнт. Мы вырашылі, што як лісты да рэдактараў, што яны публікуюць, гэтак жа і згенераваны юзерамі кантэнт, які рэдактар ставіць анлайн, – сфера адказнасці рэдакцыі”, – кажа супрацоўнік офіса Прэсавай Рады Роман Портак (Roman Portack).

Больш прыкладаў з практыкі German Press Council і больш інфармацыі пра гэтую структуру - у прэзентацыі Романа Портака (гл.далучаны PDF-файл наверсе).

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!