280 0

“Эстафета добрых спраў” БАЖ дабралася да Маладзечна

12.05.2017 Крыніца: Наталля Тур

Журналісты “Рэгіянальнай газеты” і парталу “Край.by” зладзілі збор корму і іншых патрэбных рэчаў для пункту часовага ўтрымання жывёлаў “Хачу дадому!”

Днямі з падарункамі і гасцінцамі накіраваліся ў Вілейку, дзе і знаходзіцца прытулак. Журналістаў сустрэлі валанцёры і гадаванцы прытулку.

Амаль сляпы сабака Пірат радасна замахаў хвастом, тыкаўся мокрай пысай у рукі і калені.

– На лячэнне Пірата нам патрабуецца прыкладна 500 долараў, – расказалі валанцёры. – Таму тое, што вы разам з вашымі чытачамі завалілі нас кормам на некалькі месяцаў наперад, нам вельмі палегчыць жыццё. Тыя капейкі, што нам паступаюць на картку ад жадаючых дапамагчы, мы будзем па крупінках збіраць і лячыць Пірата.

Сёння на ўтрыманні ў прытулку дзве сабакі і некалькі катоў і котак з кацянятамі. Лёсы ў гадаванцаў розныя, трагічныя і жыццёвыя. Некага прынеслі і падкінулі валанцёрам, некага яны самі забіралі з вуліцы ў жаласным стане.

Але пры гэтым валанцёры: Павел Хаванскі, Аксана Чыжыкава-Кузьміна, Кацярына Дучко, Аляксей Ёрш і многія іншыя адносяцца за сваёй справы з гумарам. Напрыклад, калі расказваюць пра аднаго “рыжуна”, якога да іх некалькі месяцаў таму прынесла жанчына:

– Тэлефанавала жанчына, плакалася, прасіла забраць у яе трохкаляровую котку. Мы ўрэшце здаліся, – расказвае Аксана. – Прыносіць. Дастае з сумкі котку і тут жа з вялікай дарожнай сумкі высоўваецца яшчэ адзін руды нос. Жанчына просіцца: гэты кот у нагрузку, вазьміце калі ласка. А кот прыгожы. Яркі, руды. Мы яго тут жа Апельсінам назвалі. І як мы і думалі, такога прыгажуна літаральна праз пару дзён забралі ў новы дом.

– Ага, – далучаецца да размовы дзяўчынка Паліна, – Апельсіна мы аддалі праз два дні, затое цяпер уладкоўваем восем Мандарынак ад таго Апельсіна.

Валанцёры дзякавалі нам, а мы, журналісты “Рэгіянальнай газеты” і “Край. by” у сваю чаргу дзякуем нашым чытачам, якія далучыліся да “Эстафеты добры спраў” і літаральна за два дні завалілі нашы рэдакцыі прысмакамі, лекамі, лежакамі і латкамі для катоў.

Каментары