НЕ - ВАЙНЕ!
551

Дзяніс Дудзінскі зноў едзе працаваць у Кіеў. Перад паездкай ён падзяліўся з калегамі досведам і лайф-хакамі

08.07.2022 Крыніца: Вольга Шукайла для Беларускай асацыяцыі журналістаў, усе фоты аўтаркі

Напярэдадні другой камандзіроўкі ва Украіну Дзяніс Дудзінскі сустрэўся з беларускімі журналістамі ў прасторы Mediaport Belarus у Варшаве. Ён расказаў пра самыя яскравыя моманты мінулай паездкі і падзяліўся некаторымі парадамі, як бяспечна працаваць падчас вайны. БАЖ сабраў важныя парады і цытаты.

Нагадаем, Дзяніс разам з Алесем Баразенкам працяглы час асвятлялі падзеі ва Украіне для тэлеканала “Белсат”.

Пра тое, ці журналіст Дудзінскі

— Я ніколі не быў і не стаў журналістам. Гэта досыць спецыфічная праца. Трэба валодаць нейкімі інструментамі, ведамі, каб называць сябе журналістам. [...] Я – не журналіст. Я магу назваць сябе выкладчыкам ангельскай і італьянскай моваў, гэта напісана ў дыпломе. Я магу сябе назваць вядоўцам нейкіх мерапрыемстваў, бо я займаўся гэтым і займаюся. Журналістам – не. Калі я прыехаў кудысьці і пачаў расказваць людзям што я бачу і ведаю, гэта не журналістыка. [...] Нейкая рэпарцёрская праца прысутнічала. А так не, я не журналіст. Можна называць мяне вядоўца «Славянскага базару».

Ёсць людзі, якія мне давяраюць. Давяраюць таму што я напісаў і зняў. Яны ў той момант там не знаходзяцца, а я – знаходжуся. [...] Калі я чытаю рэпартаж журналіста, я яго асабіста не ведаю, у мяне могуць быць сумневы наконт таго, што ён напісаў. Можа ён нешта ўпрыгожыў, пра штосьці прамаўчаў. Таму, калі я сам туды паеду, сваімі вачыма ўбачу, мне будзе прасцей і лягчэй данесці гэтую інфармацыю тым, хто з нейкіх прычын верыць мне.

Парады па бяспекі

Падчас сустрэчы Дзяніс Дудзінскі расказаў, што ўсе асноўныя парады па бяспецы даведаўся ад свайго калегі, аператара Аляксандра Баразенкі, які ўжо меў досвед працы ў зонах баявых дзеянняў. Штосьці яна даведаліся ўжо на месцы. Цягам гэтых трох месяцаў Аляксандар Баразенка быў і кіроўцам, і аператарам.

Абазначацца

Калі мы толькі прыехалі, Саша Баразенка пайшоў у краму і набыў белы скотч. «Трэба абазначыцца», – сказаў ён. Я адразу не разумеў, што гэта значыць, пакуль ён не стаў абклейваць машыну надпісамі «Прэса», «TV». Сабраў нашыя каскі і бронекамізэлькі, пафарбаваў іх у сіні колер. На тэрыторыі, дзе ідуць баявыя дзеянні, проста нельга хадзіць у зялёнай ваенная касцы, зялёнай бронекамізэльцы. Некаторыя калегі кажуць, што такое абазначэнне дапамагае там, дзе людзі ваююць па законах. Умоўна, «Чырвоны крыж» і людзей у сіняй экіпіроўцы не абстрэльваюць. Расейская армія не прытрымліваецца аніякіх правілаў, але абазначыцца ўсё адно варта.

Дрэс-код

Ні ў якім разе не апранацца ў камуфляж, берцы і іншую вайсковую вопратку. Трэба выглядаць максімальна як грамадзянскі чалавек. І машыну не браць колеру хакі.

Мстислав Чернов и Евгений Малолетка остались единственными журналистами в Мариуполе. Показали миру обстрелянный роддом

Міны

Ніколі не хадзіць па «зялёнцы» (па зялёных зонах – заўв.), бо там могуць быць міны. Таксама не падымаць ніякія прадметы, якія таксама могуць быць замінаваныя. Напрыклад, можа быць замінаваны імбрык на пліце, мяхі з бульбай каля дому.

Перамяшчэнне аўтамабілем

Калі на машыне заязджаеце ў зону баявых дзеянняў, трэба выключыць музыку і не размаўляць. У салоне павінна быць цішыня, каб чуць, што адбываецца навокал. Лепш  адкрыць вокны (каб аскепкамі не параніцца), не блакаваць дзверы (каб можна было хутка выскачыць). Калі пачаўся абстрэл, трэба выбегчы як мага далей ад машыны, адкаціцца ў канаву ці схавацца за якую агароджу.Таксама не рэкамендуюць цалкам зачыняць дзверы, бо выбуховай хваляй можа пераклініць так, што нельга будзе яе адчыніць. У адкрытае вакно можна павесіць яшчэ адну бронекамізэльку, калі яна ёсць. Ну і канешне, увесь час круціць галавой і слухаць, што адбываецца спераду, ззаду і па баках.

Не быць Шварцнэгерам

Калі ў вас ёсць штатыў, то падчас даглядаў на блокпастах не трэба ўскідваць яго на плячо. Трэба акуратна несці яго ў руках унізе. Можа быць смешна, але здалёк гэта можа выглядаць як Шварцнэгера з фільма «Камандас». Чым менш лішніх рухаў будзе, тым лепей.

Распазнаванне гукаў

З часам ты навучаешся па гуку распазнаваць, гэта прылёт ці адлёт. Як мясцовыя кажуць, «уваходны» або «выходны». Калі прылёт – гэта міна ці ракета. Калі выходны і страляе ўкраінскі бок, то трэба чакаць адказ. Ён будзе прыблізна праз 30 хвілін. За гэты час можна дапіць каву і не спяшаючыся пайсці дадому. Бывае, размаўляеш з чалавекам і падскокваеш пры кожным выбуху. А суразмоўца не рэагуе. Бо ўжо можа распазнаць па гуку, што гэта за дзесяць кіламетраў, ці за тры. Калі выбух побач – то будзе адчувацца вібрацыя пад нагамі.

БАЖ, «Вясна» і АБФ збіраюць гуманітарную дапамогу для Украіны. Як далучыцца ці падтрымаць

Час паміж абстрэламі

Неяк пасля абстрэлу лекар, якога мы здымалі, скамандаваў, каб мы беглі ў машыну. Але я памятаю, што так рабіць нельга. Я не разумею, навошта, а мяне цягне туды фельчар. Быў выбух і праз некалькі імгненняў нешта пасыпалася па машыне – аскепкі. Пасля абстрэлу патрэбна, каб прайшоў час, перад тым, як туды прыедуць пажарныя і хуткая дапамога. Таму што рускія запускаюць міну, адбываецца выбух, туды з'язджаюцца ратаўнікі, хуткія, пажарныя, суседзі прыходзяць паглядзець што здарылася, і тады можа быць другі ўдар.

Таму калі людзі прапаноўваюць табе «паехалі», трэба спачатку ўдакладніць, што было на месцы і як даўно, каб не трапіць на паўторны ўдар.

Каменданцкая гадзіна

На акрэдытацыі, якую выдае журналістам ЗСУ, напісана, што з ёй можна працаваць і перамяшчацца падчас каменданцкай гадзіны. Але на практыцы гэта амаль не працуе і лепш гэта не рабіць. На блокпастах могуць забараніць перамяшчэнне.

Беларуская асацыяцыя журналістаў дзякуе за аповед і жадае Дзянісу галоўнага – удалай працы і бяспечнага вяртання, а ўсім нам – хутчэйшага заканчэння вайны.

Мы таксама нагадваем, што журналісты, якія едуць працаваць у зоны баявых дзеянняў, абавязаныя прайсці прафесійныя акрэдытаваныя курсы па бяспецы. З 24 лютага ва Украіне падчас працы загінулі дзясяткі нашых калег з украінскіх і сусветных медыя.

Як падтрымаць украінскія медыя — шмат варыянтаў

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!