215 0

Дзмітрый Гнап: “Хочам дайсці да канца і назваць імя тых, хто забіў Шарамета”

12.05.2017 Крыніца: Зміцер Лукашук, "Еўрарадыё"

Рэдакцыя расследаванняў Громадского "Слідство.Інфо" сумесна з калегамі з міжнароднай сеткі журналістаў-расследавальнікаў OCCRP прадставіла фільм-расследаванне аб забойстве журналіста Паўла Шарамета. Чаму журналісты амаль адразу пасля злачынства распачалі ўласнае расследаванне, што стаіць за “няўважлівасцю” ўкраінскіх следчых, за што забілі Паўла Шарамета і што журналісты плануюць рабіць далей, "Еўрарадыё" расказвае кіраўнік "Слідство.Інфо" Дзмітрый Гнап.

"Еўрарадыё": Вы пачалі раследаванне адразу, у вас не было веры ў тое, што паліцыя зможа раскрыць злачынства?

Дзмітрый Гнап: Ва Украіне склалася такая практыка, што праваахоўныя органы не вельмі рупліва праводзяць расследаванні рэзанансных забойстваў. Мы бачылі гэта на шматлікіх прыкладах. І асабліва на прыкладзе забойства іншага вядомага журналіста “Украінскай праўды” Георгія Гангадзэ. Яго забойцаў шукалі 9 гадоў, а знайшлі толькі выканаўцаў, арганізатары засталіся неназванымі. Таму калі адбылося забойства Паўла Шарамета, мы ўжо працавалі на месцы падзей, каб не толькі адшукаць праўду, а таксама каб следчыя разумелі, што мы будзем правяраць, як яны працуюць. Цяпер мы бачым, што на сабраныя намі доказы праваахоўнікі не звярнулі ўвагі.

"Еўрарадыё": Гледзячы па вашым фільме, не ўсе відэа праваахоўнікі сабралі з камер відэаназірання, чаму так?

Дзмітрый Гнап: Альбо такое расследаванне праводзіцца няякасна праз некампетэнтнасць праваахоўных органаў, альбо гэта робіцца наўмысна праз нейкі палітычны ціск. Адназначнага адказу ў нас няма, але ў абодвух выпадках гэта нядобра.

"Еўрарадыё": Музыкантаў, якія трапілі на відэа, вы таксама не знайшлі? Ці будзеце шукаць далей?

Дзмітрый Гнап: Напэўна, не. Бо калі іх знайсці, яны не будуць такімі важнымі сведкамі. Калі б іх знайшлі адразу, яны б шмат чаго маглі б прыгадаць. Цяпер ужо прайшло шмат часу, шмат якіх дэталяў яны могуць не памятаць. Але мы маем іншыя зачэпкі, іншыя важныя дэталі, якія могуць прывесці да магчымых выканаўцаў забойства. Над імі мы і будзем працаваць.

"Еўрарадыё": То бок, расследаванне працягнецца?

Дзмітрый Гнап: Мэта кожнага журналісцкага расследавання - даць адказ на пытанне “Хто?”. Хто стаіць за канкрэтным злачынствам. І калі гэта забойства, то мэта - назваць імя выканаўцаў, імя арганізатараў. У гэтым расследаванні мы паказваем, што шмат дэталяў, шмат рэчаў не апрацаваныя афіцыйным следствам. А мы іх знайшлі, і яны даюць пэўныя ніткі. Куды вядуць доказы? Мы будзем працаваць далей і хочам паабяцаць беларускаму народу, што мы, украінскія журналісты, будзем шукаць праўду столькі, колькі будзе трэба. Мы хочам дайсці да канца і назваць імя тых, хто гэта зрабіў.

"Еўрарадыё": Падчас працы над гэтым матэрыялам да вас не было пагрозаў?

Дзмітрый Гнап: Пакуль такога не было. Але гэта можа адбыцца раптоўна, гэта нас не спыніць. Пагрозы былі падчас іншых расследаванняў, і гэта нас не спыняла.

"Еўрарадыё": У вас асабіста ёсць версія, чаму забілі Паўла?

Дзмітрый Гнап: Мы можам зараз толькі меркаваць. Мне здаецца, што гэта пэўным чынам звязана з палітыкай. Ён быў уплывовым і шанаваным журналістам. Такое гучнае забойства нехта з палітыкаў мог выкарыстаць ва ўласных мэтах. Прычым, як палітыкі з Украіны, так і палітыкі з Расіі. Спецслужбы ў гэтай гісторыі маглі проста выкарыстоўвацца, быць інструментам, калі яны датычны да гэтага. Хто з палітыкаў за гэтым стаіць, мы будзем высвятляць. На нашу думку, гэта стоадсоткава не бытавое забойства. Гэта гучнае палітычнае забойства. Пытанне ў тым, куды вядзе след, ён застаецца ва Украіне, ці вядзе ў Расію.

"Еўрарадыё": Але ў Беларусь след не вядзе?

Дзмітрый Гнап: Пакуль не бачым тут сувязяў з Беларуссю. Магчыма, нешта зменіцца падчас далейшага раследавання.

"Еўрарадыё": Наконт кіроўцы машыны “Skoda”, як высветлілася, супрацоўніка СБУ, які амаль ноч правёў непадалёк ад дома, дзе жыў Шарамет, ― не думаеце, што яго прысутнасць там сапраўды магла быць супадзеннем?

Дзмітрый Гнап: Занадта шмат супадзенняў… Чалавек знаходзіцца там у той час, калі пад машыну закладавюць выбухоўку, як выявілася пазней, СБУ усё ж прызнала, што ён раней працаваў у іх. А журналісты “Украінскай праўды” кажуць, што за некалькі месяцаў да забойства Паўла за імі сачыла СБУ. Той жа кіроўца “Skoda” прызнаў, што ён напярэдадні забойства Шарамета вёў слежку, але за іншым “аб’ектам”. Бачыце, колькі супадзенняў? Шмат такіх “супадзенняў” выявілася і калі вялося расследаванне забойства журналіста Георгія Гангадзэ. Я не веру ў такую колькасць супадзенняў. Асабліва калі чалавек не можа дакладна і пераканаўча давесці, што ён рабіў той ноччу ў тым месцы.

"Еўрарадыё": Вы сапраўды па каментар з нагоды гэтага чалавека ў СБУ не звярталіся?

Дзмітрый Гнап: Мы ўжо стаміліся лавіць гэтых людзей на хлусні! У іх ляжыць наш запыт, з якім мы звярталіся да іх і прасілі наконт інтэрв’ю. Але яны пераадрасавалі нас да Нацпаліцыі ― сказалі, што гэта не іх кампетэнцыя. Таму зараз іх словы выглядаюць слаба.

"Еўрарадыё": Ёсць вера, што забойцы Шарамета будуць знойдзеныя і пакараныя?

Дзмітрый Гнап: Забойцаў Георгія Гангадзэ знайшлі праз 9 гадоў. Таму, не трэба апускаць рукі. Не ведаю, як яно будзе, атрымаецца ці не іх затрымаць, асабліва з улікам таго, што час страчаны, але мы ўсё адно будзем працягваць рабіць сваю справу.

Фота gordonua.com

 

"Забойства Паўла". Расследаванне гібелі журналіста Шарамета

Каментары