3211

Дзіяна Чаркасава: “Чаму зноў гінуць самыя лепшыя?”

20.07.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Гучныя справы

Прэс-служба ГА “БАЖ” пагутарыла з Дзіянай Чаркасавай – маці Веранікі Чаркасавай, якая сябравала з Паўлам Шараметам.  

– Для мяне гэта было як удар – нібыта я раптам згубіла вельмі блізкага чалавека. У мяне аднялася гаворка, я не знаходзіла сабе месца, не магла паверыць і зразумець – як, за што?

Чаму зноў гінуць самыя лепшыя, самыя разумныя людзі, якія разумеюць, што адбываецца і як адбываецца? Чамусьці за гэтае разуменне яны плацяць сваім жыццём, спрабуюць адкрыць іншым вочы…  

Але потым я ўзгадала сваю дачку, сваю гісторыю і зразумела, як цяжка цяпер маме Паўла. Я патэлефанавала Людміле Станіславаўне, і мы вельмі добра зразумелі адна адну.

Яна сказала мне: “Узгадайце сябе. Немагчыма тут нешта казаць. Трэба неяк трымацца”.

Гэтая жанчына ўжо загартаваная жыццём, якое ёй дасталася, – пачынаючы ад арышту Паўла за рэпартаж пра беларуска-літоўскую мяжу, ад яго збіцця ў Мінску… Гэта ж усё маці павінная была перажыць! І яна ўвесь час жыла ў страху…

З Пашам у Нікі былі вельмі сяброўскія стасункі – яны кантактавалі і па працы, і ў поглядах сыходзіліся… Чамусьці мне запомніўся вянок на магіле Нікі, які быў ад Шарамета і Калінкінай. Ён быў не падобны да іншых – там былі адметныя словы.

Вельмі балюча, бо гінуць людзі, якія былі сапраўды блізкія…

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!