499

"Добра вучылася, вывучала сталінскую эпоху": хто такая адлічаная Глафіра Жук

30.06.2021 Крыніца: euroradio.pl

Калі Глафіру Жук месяц таму затрымалі ў салоне прыгажосці, яна яшчэ была студэнткай факультэта журналістыкі БДУ і журналісткай "Народнай волі". Цяпер Глафіра проста журналістка.

Суд прызнаў яе вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве 14 траўня. Глафіра ў той дзень рабіла рэпартаж пра пасяджэнне суда па "справе студэнтаў". Аргумент "я працавала" на судзе не пачулі.

Пакуль яе аднагрупнікі здавалі іспыты, Глафіра спала на падлозе камеры ў той лёгкай летняй кашулі, у якой прыйшла ў дзень затрымання ў салон прыгажосці. Калі яна вызвалілася, даведалася, што адлічаная — прапусціла сесію.

Мінералка замест шампанскага на дзень нараджэння

Месяц таму Глафіра прыйшла ў салон, каб зрабіць манікюр. Наперадзе быў дзень нараджэння.

— Быў выхадны дзень, субота. У салон зайшлі мужчыны, падышлі асабіста да мяне, паказалі пасведчанне і папрасілі прайсці ў мікрааўтобус.

Наступныя трыццаць сутак прайшлі ў ЦІП на Акрэсціна. Днём — невыносна горача. У двухмеснай камеры часам збіралася больш за дзесяць чалавек.

Ноччу — холадна, таму што часам даводзілася спаць на падлозе, хутаючыся ў чужы швэдар. Ніводнай перадачы, ніводнага ліста за ўсе гэтыя дні да Глафіры не дайшло.

Тамсама, на Акрэсціна, Глафіра і сустрэла дзень нараджэння.

— У дзяўчат у камеры нейкім чынам захавалася бутэлька мінералкі. Мы ўявілі, што гэта шампанскае, і выпілі за мой дзень нараджэння. На наступны дзень адзін з наглядчыкаў спытаў, як гэта, святкаваць дзень нараджэння ў турме, ці спадабалася мне. Я не адрэагавала.

 

"Я адлічаная?" — "Вы адлічаныя"

Ужо калі суд выпісаў Глафіры трыццаць сутак арышту, яна разумела, што прапускае сесію. І ведала, што будзе адлічаная.

— Я проста звыклася з гэтай думкай. Так складваюцца абставіны. Вучылася я заўсёды добра. Сярэдні бал — 8,6. Я займалася навуковай дзейнасцю, даследавала журналістыку сталінскай эпохі. Была добрай студэнткай.

Глафіра займалася навуковай дзейнасцю, вывучала журналістыку сталінскай эпохі / фота з сацсетак Глафіры Жук

Калі Глафіра вызвалілася, у паштовай скрыні ляжала некалькі паведамленняў ад факультэта: у іх гаварылася, што студэнтка павінна з'явіцца на экзамен. Яна мяркуе, што на пошце яе чакае яшчэ адно паведамленне — пра адлічэнне.

Але ўчора Глафіра вырашылі пайсці не на пошту, а наўпрост у дэканат.

— Ці правільна я разумею, што адлічаная? — спытала Глафіра.

Ёй пацвердзілі.

Першыя дні за свабодзе Глафіра правяла за зборам даведак: пра тое, што вучылася, пра тое, што вучылася добра. Яна паспрабуе аднавіцца на факультэце.

Калі яе заяўку на аднаўленне задаволяць, працягне вучыцца. Калі не — прыдумае, дзе атрымаць дыплом.

 

"Ні пра што"

— Калі я ішла на факультэт журналістыкі, я думала так: журналістыка — гэта пра праўду, пра справядлівасць. Яна дапамагае ўладам звярнуць увагу на праблему. Напішу я праблемны матэрыял, нейкі чыноўнік зверне на яе ўвагу, і праблему вырашаць. Я думала, што іду вучыцца таму, як правільна падаць гэты праблемны матэрыял, — расказвае Глафіра пра свае чаканні ад адукацыі.

Першае расчараванне было на першай жа практыцы ў адной з дзяржаўных газет. Глафіра ёміста характарызуе праблематыку, якую ўзнімала газета: "Ні пра што". Ад другой практыкі засталіся падобныя ўражанні.

— Тады я задумалася пра тое, што трэба ісці ў незалежную журналістыку. Пасля жніўня я вырашыла супрацоўнічаць з "Народнай воляй", тым больш і людзі выданню былі патрэбныя.

З боку адміністрацыі факультэта пытанняў наконт месца працы не было.

Калі Глафіра трапіла на Акрэсціна, яна ўжо разумела, што будзе адлічаная

— Былі пытанні наконт маёй пазіцыі, якую я раней актыўна выказвала. А потым я перастала яе выказваць, і пытанні скончыліся.

— Зразумела, што многія аднакурснікі вас падтрымліваюць. А выкладчыкі?

— Папраўдзе далёка не ўсе аднакурснікі падтрымліваюць. Меркаванні падзяліліся. Грамадства падзялілася. З маёй групы мне напісала літаральна тры чалавекі. Гэта мяне крыху збянтэжыла. Многія хлопцы і дзяўчаты ўжо даўно працуюць у дзяржаўных выданнях. Магчыма, таму не хочуць са мной кантактаваць.

А вось многія выкладчыкі якраз напісалі ці сказалі мне цёплыя словы.

І бацькі Глафіру падтрымалі. Пытанняў "Чым ты думала?" яна не пачула.

І хоць Глафіра яшчэ не ведае, ці зможа вярнуцца на журфак, планы на прафесію ў яе не змяніліся. Да апошняга незалежнага выдання плануе заставацца ў беларускай журналістыцы.

 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!