НЕ - ВАЙНЕ!
765

“Для медыярэсурсу ахвяруем сваім вольным часам”: у ЗША з’явіўся новы сайт для беларусаў Паўночнай Амерыкі

10.08.2022 Крыніца: Аўтар для Беларускай асацыяцыі журналістаў

Пару тыдняў таму ў ЗША запрацаваў сайт для беларусаў Паўночнай Амерыкі. Сайт называецца “Беларус” і з’яўляецца пераемнікам аднайменнага папяровага часопіса, які заснавалі тут на пачатку 1950-х паваенныя мігранты з Беларусі. Пра журналісцкую “кухню” і пра тое, чаму сайт у Амерыцы стварыць лягчэй, чым у Беларусі, мы пагутарылі з намеснікам рэдактара, беларускім журналістам, які ўжо тры гады жыве і працуе за акіянам, Міхалам Чаропкам.

Рэгістрацыя – без праблем і дазволу ў райвыканкаме

— Новы сайт вырас з папяровага часопіса. Якім ён быў?

— Часопіс “Беларус” заснаваны беларусамі Амерыкі на пачатку 1950-х. Сваёй галоўнай мэтай выданне бачыла данясенне да свету голаса беларусаў свету. І сёння мы таксама працуем для таго, каб беларусы былі пачутыя. Калі я кажу “часопіс”, то не маю на ўвазе глянцавае выданне. Гэта папяровая газета ў нашым звычайным разуменні. Яна выходзіла з рознай перыядычнасцю. Спачатку — штотыдзень, пасля — усё радзей.

Цяпер, калі я прыйшоў у гэтую справу, часопіс пачаў выходзіць раз на паўгода. Але сёлета папяровае выданне з розных прычын выпусціць не атрымалася. Паралельна вялася праца па стварэнні адмысловага сайта, бо прыйшлі новыя часы, і папяровыя газеты сталі менш актуальнымі. І ўсё ж друкаванае выданне раз на паўгода, мы, напэўна, пакінем як фізічны носьбіт для архіву і гісторыі. А сайт плануем развіваць. У будучым бачым яго як медыярэсурс не толькі з тэкстамі, але з падкастамі і відэа.

Такім чынам, “Беларус” працуе больш за 70 год. Мяняецца склад рэдакцыі, але місія газеты не змяняецца. Мы як расказвалі пра беларусаў у ЗША, у свеце і пра беларусаў Бацькаўшчыны, так і працягваем гэта рабіць. Розныя людзі, розныя рэдактары, але справа адна.

Якія цяжкасці ўзнікаюць у працы?

— Асноўная праблема у тым, што ўсе мы ў ЗША працуем, каб зарабіць на жыццё. А для дзейнасці на сайце ахвяруем сваім вольным часам. Таму сайт распрацоўваўся даволі доўга — пяць месяцаў. Ды і цяпер, хоць мы запусціліся, распрацоўка працягваецца.

 — Значыць, пакуль няма магчымасці зарабіць на сайце?

— Не. Жыць нам дазваляе асноўная праца.  А дзейнасць для “Беларуса” дае нам сэнс жыцця. Людзі бачаць, што беларускае жыццё віруе і ў ЗША. Беларусы разам гуртуюцца і маюць медыя, дзе могуць выказаць свае думкі. 

Былі складанасці падчас рэгістрацыі?

— Зарэгістраваць сайт у Амерыцы нескладана. Мы ўсё рабілі на аснове папярэдняй дакументацыі як пераемнікі. Гэта дакладна не было праблемай. Тут не так, як у Беларусі: не трэба флэшак, крыптаключоў і дазволу ў райвыканкаме. Усё значна прасцей.

Беларусы даўно жывуць у ЗША. Таму, напэўна, у вас ёсць нейкія медыяканкурэнты?

— Іншыя медыя час ад часу ўзнікалі — газеты, часопісы, бюлетэні. Але гэта з часам затухала. Цяпер асноўнае медыйнае жыццё эмігрантаў у ЗША  — у Фэйсбуку.

Тут ёсць суполка “Беларусы ЗША. Разам лягчэй”. У суполцы — і навіны, і абвесткі, і анонсы. Тут людзі шукаюць патрэбныя рэчы, апісваюць свае прыгоды, просяць парады. З часам гэтую функцыю хацелі б выконваць мы. Старонку ведаюць, на яе заходзяць. 

Але мы не можам кінуць нашага “Беларуса” і будзем развіваць яго. Хочацца, каб было беларускае слова. Мы ж — беларускамоўныя, а ў той фэйсбучнай суполцы мала беларускай мовы. Культурніцкую і моўную місію мы не можам адкінуць. 

Рэдакцыя ў саборы? Звычайная справа

Раскажыце пра каманду “Беларуса”.

— На сёння ў складзе рэдакцыі восем чалавек. Галоўны рэдактар — Ганна Сурмач. Яна займаецца “Беларусам” 20 год. Я — намеснік рэдактара. Ёсць журналісты, сярод якіх Алесь Пазнякбылы журналіст “Ганцавіцкага часу”, ёсць чалавек, які адказвае за фінансы. Фізічна знаходзімся ў Брукліне, але можам атрымліваць матэрыялы ад пазаштатнікаў — беларусаў з розных канцоў Паўночнай Амерыкі: Канады, Каліфорніі, Мексікі.

— Ці складана было набраць каманду беларускіх журналістаў у Брукліне?

— Збірала каманду Ганна Сурмач. Таму пытанне хутчэй да яе. Але я лічу, што складанасцей не было. На сустрэчах беларусаў Ганна бачыла, хто цікавіцца гэтай справай. Мы падыходзілі з пытаннямі. Яна заўважыла нашу цікавасць і запрасіла.

А ці мае рэдакцыя памяшканне?

— Так, у Брукліне, у цэнтральным саборы аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Пры саборы ёсць грамадска-культурны цэнтр, там мы і збіраемся.

Гэта звычайна для Амерыкі, калі на адным паверсе — царква, на другім — грамадска-культурны цэнтр, дзе можна камунікаваць, збірацца для сустрэч, абмеркаванняў. Тут усё беларускае жыццё віруе вакол гэтай царквы.

А будынак, дарэчы, выкупілі тыя самыя беларусы, што трапілі сюды пасля Другой сусветнай і заснавалі часопіс “Беларус”.

Тарашкевіца – традыцыя паваеннай міграцыі

— Хто вашы чытачы?

— Людзі ва ўзросце ад 25 да 52 год, якія прыехалі з Беларусі, жадаюць удзельнічаць у жыцці беларусаў, якія шукаюць навіны пра Беларусь, удзельнічаюць у мерапрыемствах.

— Як пра сайт даведваюцца людзі?

— Распрацоўваем стратэгію працы з сацсеткамі, даём спасылкі на старонцы ў Фэйсбуку. Асноўны паток наведнікаў якраз адтуль.

Сёлета ў верасні рыхтуецца 34-ты кангрэс беларусаў Амерыкі ў Нью-Джэрсі.

Абвестку мы апублікавалі на сайце, далі спасылку на абвестку ў суполцы ў Фэйсбуку “Беларусы ЗША. Разам лягчэй”, і асноўная аўдыторыя прыйшла адтуль. Праца з сацсеткамі, перадача праз іх інфармацыі будзе асноўным кірункам працы. Пакуль нашы сацсеткі – гэта Твітар і паралельна Фэйсбук. 

Чаму для сайта вы абралі тарашкевіцу?

— Гэта традыцыя паваеннай міграцыі. І нам здаецца, што менавіта тарашкевіца — сапраўдная беларуская мова. Наркамаўка брала запазычанні з рускай, а тарашкевіца — з заходнееўрапейскіх моў. Культурна і ментальна нам бліжэй класічны правапіс, а не зрусіфікаваная беларуская мова. Мы за захаванне сваёй спадчыны. 

Чытайце яшчэ:

Ці кантралююць у Беларусі незалежныя медыі? Што за Камісія этыкі БАЖ

Каким было 9 августа 2020 года для будущей команды MOST

«Людзі, якія хацелі бачыць мяне за кратамі, вырашылі, што 2,5 года „хіміі“ для мяне замала». Рэдактарка «Новага часу» пра ад’езд зь Беларусі

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!