НЕ - ВАЙНЕ!
409

«Для Эміліі Беларусь — зачараванае месца, дзе знікаюць родныя». Вікторыя Пальчыс пра выхаванне дачкі ў эміграцыі і тое, што яе падтрымлівае

15.11.2022 Крыніца: Наша Ніва

13 гадоў калоніі — такі тэрмін прысудзілі блогеру Эдуарду Пальчысу. Пакуль яго трымаюць у магілёўскай турме, жонка Вікторыя ў эміграцыі адна гадуе маленькую дачку. «Наша Ніва» паразмаўляла з ёй пра прынцыпы выхавання, свабоду для дзіцяці і тое, як яна расказвае малечы пра тату і Беларусь.

«Калі бачыць у тэлефоне лісты, пазнае, што ад таты»

Эміліі Пальчыс цяпер год і 10 месяцаў. Свайго тату, які знаходзіцца за кратамі, Эмілія пазнае на фотаздымках.

«І нават калі бачыць яго лісты на тэлефоне, тыкае ў іх пальцам і кажа «тата», — дзеліцца Вікторыя. — 

Дачка запыталася, дзе ён, я адказала, што ў Беларусі. Думаю, што для дачкі Беларусь — нейкае зачараванае месца, дзе час ад часу знікаюць родныя». 

Сувязь з Эдуардам дзяўчына стала падтрымлівае праз лісты. Яны павольна, праз цэнзуру, але даходзяць да яго. 

«Расказваю яму свае навіны: пра падарожжы па Літве (былі з Эміліяй у Каўнасе, Паланзе і Тракаі), уражанні з паўсядзённага жыцця. 

Ён піша, што яму ўсё гэта вельмі цікава, бо ў яго жыцці літаральна нічога не адбываецца. Эдзік жартуе, распытвае падрабязнасці. А са мной ён дзеліцца ўражаннямі ад прачытанай літаратуры. У апошнім лісце ён даслаў мне цэлы крытычны артыкул па некалькіх аповесцях Рэмарка. 

Эдзік адэкватна ўспрымае тое, што з ім адбываецца. Не цешыць сябе надзеямі, што вызваленне прыйдзе заўтра. Думаю, што гэта дапамагае трымацца псіхалагічна», — дзеліцца яна. 

Пра свабоду ў выхаванні, забароны і час для сябе

У жыцці Вікторыя пераважна карыстаецца рускай мовай, але калі ходзіць з Эміліяй у госці да беларусаў у Вільні — размаўляе на роднай. Дачка ў цэлым пачынае прывыкаць да беларускай мовы, рэагуе, калі на ёй да яе звяртаюцца. 

«Таксама спрабавала Эміліі паказваць дзіцячыя кнігі на беларускай мове. Быў смешны выпадак. Яна мне паказала там на намаляваны ложак, разумела, што па-руску гэта «кровать». Тут я ёй кажу: «Ложак». Яна са здзіўленнем на мяне паглядзела і перапытвае: «Ам?»

Пакуль выпрацаваць нейкую грунтоўную сістэму па навучанні яе беларускай мове ў мяне не атрымліваецца. Але думаю, што яна натуральным чынам праз беларускае асяроддзе будзе знаёміцца з мовай», — разважае Вікторыя.

Вікторыя з павагай ставіцца да свабоды дачкі.

«Па-першае, я разумею, што выхоўваю чалавека, асобу, якая знаходзіцца ў стане фармавання. 

Эмілія патрабуе накіроўвання, таму я стараюся знаходзіць баланс. Нібы будую для яе калідор, па якім Эмілія рухаецца. Ёсць пэўныя перашкоды, у якія яна стукаецца, але прасторы ў цэлым шмат», — дзеліцца прынцыпамі выхавання Вікторыя. 

Калі яна хоча Эміліі нешта забараніць, то спачатку пытаецца ў сябе, чаму гэта нельга.

«Варта шчыра сабе адказаць: не хочаш ты ці гэта небяспечна для дзіцяці? — кажа яна. — Напрыклад, Эміліі падабаецца хадзіць дома ў асенняй куртцы. Мне гэта падаецца, канечне, нелагічным, але гэта не шкодзіць ёй. Тады чаму не?

Яшчэ ёсць агульныя правілы, якія існуюць у нашай сям’і. Напрыклад, нельга кідацца ежай». 

Вікторыя лічыць, што караць дзіця за якую-небудзь правіннасць ці дрэнныя паводзіны нельга. Гэта не спрыяе выхаванню, а толькі запалохвае малечу. 

«Калі яна мяне не слухаецца, робіць наперакор, я проста забіраю ад яе забароненыя рэчы ці саму яе забіраю з небяспечнага месца. Яна можа плакаць, скандаліць, але я даю ёй магчымасць выліць эмоцыі», — расказвае маладая мама. 

Няпроста Вікторыі і пастаянна знаходзіцца з Эміліяй.

«Дачка ў такім узросце, калі ёй аб’ектыўна трэба шмат увагі, — тлумачыць Вікторыя. — Яна пакуль што не разумее, што маці можа стаміцца, у яе могуць быць іншыя справы. Яна лічыць, што я належу толькі ёй. Ёсць неабходнасць, каб побач быў чалавек, якому хаця б на нейкі час можна было перадаць дачку. Мне дапамагае мая маці. Прыязджае да мяне з Беларусі, калі трэба.

У Літве ў дзіцячы садок аддаюць з двух гадоў. Але мы не пойдзем пакуль, бо яна не гатовая яшчэ надоўга адарвацца ад мяне. Таксама тут важнае жаданне маці зрабіць гэта, бо калі яна не хоча, дзіця добра гэта счытвае і супраціўляецца». 

У цэлым Вікторыя лічыць, што для дзіцяці зашмат увагі ад бацькоў не бывае. 

«Пытанне ў тым, каб да сябе ставіцца клапатліва, разумець, што вам таксама трэба адпачынак, — кажа яна. — Таму я стараюся з раніцы, напрыклад, правесці час з дачкой: мы абдымаемся, гуляем, валяемся ў ложку. Потым яна можа пэўны час пабыць адна, а пасля будзе перыядычна да мяне прыбягаць з нейкай цацкай ці пытаннем. І тут я ўдзяляю ёй увагу, адказваю на пытанне. Стараюся сказаць, чым цяпер я занятая, і што пасля змагу з ёй пагуляць. Таксама часам заахвочваю яе прыняць удзел у маіх справах, напрыклад, яна глядзіць, як я нешта гатую».

«Моцна падтрымлівае асэнсаванне таго, што мы маем рацыю»

Да спаўнення Эміліі трох гадоў Вікторыя не планавала яе знаёміць з гаджэтамі, але ўсё пайшло не па плане. 

«У нас ёсць адведзены час, звычайна раніцай, калі Эмілія глядзіць мульцікі. Гэта вельмі кароткі перыяд. 

Яна гэты свой законны экранны час патрабуе толькі раніцай», — расказвае яна. 

Вікторыя кажа, што для яе вельмі важна падтрымліваць сацыяльныя кантакты, сустракацца з сябрамі, каб не пагружацца ў эмацыйнае выгаранне.

«Яшчэ важна прасіць аб дапамозе. Напрыклад, магу папрасіць кагосьці пасядзець з Эміліяй, пакуль я куды-небудзь схаджу. 

Вельмі моцна падтрымлівае асэнсаванне таго, што мы маем рацыю, у адносінах да нас робяцца несправядлівыя, злачынныя рэчы. Жывём зараз на закаце эпохі лукашызму, нават калі ён цягнецца ўжо два гады, усё роўна гэта канец», — кажа яна. 

Затрыманне Дар’і Лосік, з якой Вікторыя падтрымлівала стасункі, было нечаканым.

«Любому чалавеку ў Беларусі, нават калі ён не звязаны з грамадзянскім актывам, пагражае небяспека. Дар’я Лосік таксама ўвесь гэты час была пад пагрозай, яна гэта разумела. Заставацца ў краіне было яе свядомым выбарам. Але мне здавалася, што яе ўжо не затрымаюць, бо, калі б хацелі, зрабілі б гэта раней», — расказвае яна. 

На пытанне, як Вікторыя будзе расказваць сваёй дачцэ пра Беларусь, калі для гэтага прыйдзе час, яна адказвае, што «вельмі праўдзіва». 

«Скажу, што мы былі вымушаны з’ехаць, бо кепскі дзед захапіў уладу. Можа, прыпляту туды яшчэ нейкія казачныя вобразы, каб ёй было больш зразумела».

Чытаць яшчэ: 

Зміцер Лупач: Я спаліў за сабой усе масты і вярнуцца не магу пры гэтай уладзе

«Светлана Тихановская — это тихая сила»: тандем беларусских фотографов — об историческом снимке, беларусской революции и третьем глазе

«Каб вызвалілі Дашу, яму было б значна лягчэй». Ігар Лосік вельмі трывожыцца за жонку

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!