НЕ - ВАЙНЕ!
3393

“Дайце нам працаваць”. Пра што пісала эканамічная перыёдыка пачатку ХХ ст.

04.06.2016 Крыніца: Ігар Мельнікаў, кандыдат гістарычных навук

Цікавымі крыніцамі, якія даюць магчымасць зразумець эканамічныя працэсы на тэрыторыі Беларусі на мяжы ХІХ і ХХ ст.ст., з’яўляюцца польскія выданні “Эканаміст” і “Сельскагаспадарча-гандлёвы цыркуляр”.

Банкаўскія праблемы

Гэты час вызначыўся буйнымі палітычнымі і эканамічнымі перабудовамі на тэрыторыі імперыі Раманавых. Адмена прыгону, паўстанне Кастуся Каліноўскага, увядзенне земстваў далі жыхарам гістарычнай Літвы веру ў тое, што самадзяржаўе ўсё ж пойдзе па шляху дэмакратызацыі. Аднак за знешняй лібералізацыяй хаваўся недавер царскай бюракратыі да шляхты беларускіх губерняў, што, у сваю чаргу, перашкаджала развіццю галоўнага эканамічнага рухавіка рэгіёна – дваранскіх гаспадарак. На гэта не маглі не рэагаваць тагачасныя перыядычныя выданні.

Часопіс “Эканаміст” выходзіў у перыяд з 1865 г. па 1874 г. і з 1900 г. па 1939 г. у Варшаве. У сваю чаргу, газета “Сельскагаспадарча-гандлёвы цыркуляр”  выдавалася ў перыяд з 1897 г. па 1904 г. У пачатку ХХ ст. большасць іх аўтараў звяртала ўвагу на ацэнку становішча і перспектыў развіцця крэдытна-фінансавай сферы з улікам патрэб сельскай гаспадаркі, якая, нягледзячы на буйное развіццё прамысловасці, працягвала адыгрываць вырашальную ролю ў эканоміцы еўрапейскіх дзяржаў. Пры гэтым лейтматыў большасці артыкулаў зводзіўся да простай фразы: “Мы ўмеем працаваць і зарабляць грошы, толькі дайце нам гэта рабіць”.

Польскі эканаміст А. Лянтоўскі ў сваіх артыкулах “Абкладанне даўгамі шляхецкай зямельнай уласнасці ў Літве”(1911 г.) i “Абкладанне даўгамі шляхецкай зямельнай уласнасці на Русі” (1912 г.), надрукаваных у часопісе “Эканаміст”, звяртаў увагу на нестабільную сістэму крэдытавання на тэрыторыі беларускіх губерняў Расійскай імперыі. Па яго меркаванні, крэдытна-банкаўская сістэма беларускіх губерняў слаба развівалася, а існуючыя банкі не толькі не паляпшалі эканамічнага стану рэгіёну, але вялі барацьбу з так званым “польскім землеўладаннем”.

На думку публіцыста, дзяржаўныя саслоўныя банкі – Дваранскі і Сялянскі – нічога не рабілі для паляпшэння эканамічнага стану буйных землеўладальнікаў. “Сялянскі банк выдзяляў пазыкі малым гаспадаркам. За прыклад дзейнасці для сябе ён браў працу прускай каланізацыйнай камісіі. Крэдытна-фінансавая ўстанова выкупляла зямлю ў асноўным у палякаў (у Ковенскай і Віленскай губернях) для таго, каб насадзіць на ёй выхадцаў з Расіі. З чаго можна было зрабіць выснову, што дзейнасць Сялянскага банка насіла перш за ўсё палітычны характар. Што тычыцца Дваранскага банка, то ён выдзяляў пазыкі на лепшых, чым прыватныя банкі, ўмовах. Аднак галоўнай мэтай шляхецкага банка з’яўляўся той жа выкуп зямлі з польскіх і перадача яе ў расійскія рукі”, - падкрэсліваў А. Лянтоўскі.

Сапраўды, пасля падаўлення паўстання 1863-1864 гг. расійскія ўлады ўзяліся за ліквідацыю эканамічнай моцы каталіцкага дваранства, якое трактавалася імі як галоўны дэстабілізуючы фактар на тэрыторыі беларускіх губерняў. Яшчэ калі гучалі стрэлы паўстанцаў у лясах гістарычнай Літвы, віленскі генерал-губернатар М. Мураўёў у лісце да міністра дзяржаўных маёмасцяў падкрэсліваў неабходнасць памяншэння колькасці насельніцтва “польскага паходжання” на тэрыторыі Паўночна-Заходняга края, а таксама выказваўся за як мага хутчэйшую перадачу “польскай” зямельнай маёмасці ў рукі расіян.

Страхоўка ад Мінскага сельскагаспадарчага таварыства

У гэты ж час у часопісе “Эканаміст” з’яўляліся змястоўныя публікацыі, прысвечаныя дзейнасці страхавых арганізацый у Беларусі. Усё той жа А. Лянтоўскі адзначаў, што створаная ў 1900 г. па ініцыятыве Мінскага сельскагаспадарчага таварыства страхавая арганізацыя паспяхова абслугоўвала землеўласнікаў на тэрыторыі ўсіх беларускіх губерняў. Статутны капітал арганізацыі складаў 500 тыс. руб., а сума страхавых узносаў – каля 400 тыс. руб.  “Мінскае страхавое таварыства ў перыяд з 1901 г. па 1911 г. застрахавала маёмасці на агульную сумму 374,5 млн. руб. Пры ім было прадстаўніцтва Варшаўскага страхавога таварыства “Ceres”, якое ў прыватнасці страхавала землеўласнікаў ад наступстваў градабою”, - пісаў аўтар артыкула.

Аналізуючы сітуацыю з прамысловасцю ў беларускіх губернях, аўтар часопіса “Эканаміст” Я. Касцюшка-Валужыніч звярнуў увагу на гісторыю стварэння і дзейнасці чыгункі ў Расійскай імперыі і падкрэсліў, што развіццё прамысловасці ў Магілёўскай губерні замаруджвалася таму, што Чэрыкаўскі, Клімавіцкі і Мсціслаўскі паветы губерні былі адрэзаны ад чыгуначных шляхоў. Публіцыст небеспадстаўна пазначаў, што стварэнне чыгуначнай сістэмы ў заходніх губернях Расійскай імперыі з’яўляецца асноўным фактарам эканамічнага развіцця гэтага транзітнага рэгіёну.

“Бізнэс-навіны” пачатку ХХ ст.

У газеце  “Сельскагаспадарча-гандлёвы цыркуляр” было некалькі пастаянных рубрык. На тытульнай старонцы выдання часцей друкаваўся рэдакцыйны артыкул, далей - гандлёвыя, сельскагаспадарчыя матэрыялы, навіны з біржаў, а таксама лісты чытачоў. Асобна вылучалася рубрыка “З вёскі”, дзе змяшчаліся сельскагаспадарчыя навіны з розных куткоў імперыі Раманавых.

Напрыклад, ужо ўзгаданы вышэй Я. Касцюшка-Валужыніч у рэдакцыйным артыкуле (1905 г.), прысвечаным аналізу сітуацыі з палівам на прамысловасці заходніх ускраін Расійскай імперыі, падкрэсліваў, што галоўным відам паліва было дрэва. Аўтар пісаў, што на пачатку ХХ ст. адбывалася павышэнне цэн на драўніну, што выклікала неабходнасць яе замены на мінеральнае паліва. Акрамя гэтага, ён пазначаў, што на Маскоўска-Берасцейскай чыгунцы цягнікі перараблялі пад выкарыстанне торфабрыкету, якога ў палескім рэгіёне было шмат. Акрамя гэтага, папулярнасць у прамысловасці Беларусі набывалі такія віды паліва, як каменны вугаль і мазут.

На старонках “Сельскагаспадарча-гандлёвага цыркуляра” друкаваліся шматлікія справаздачы з тагачасных “бізнэс-форумаў”, якія праводзілі шляхецкія эканамічныя таварыствы, а таксама аналізаваліся прынятыя там рашэнні.  З матэрыялаў вынікала, што беларускія землеўласнікі дабіваліся ліквідацыі церазпалосіцы і ўз’яднання сялянскіх зямельных надзелаў.

 Таксама яны выступалі за стварэнне фінансавых арганізацый, якія б выдавалі дробныя крэдыты. На адной з нарад прадстаўнікі Мінскага сельскагаспадарчага таварыства выказалі пажаданне адкрыць у Сялянскім банку крэдытную лінію для малазямельнай шляхты і сялян, не ўлічваючы іх веравызнання і маёмаснага стану.

Такая мера магла б станоўча паўплываць на памяншэнне колькасці неапрацаванай зямлі ў беларускіх губернях. Акрамя гэтага, мінчане выказвалі думку аб неабходнасці развіцця вышэйшай сельскагаспадарчай адукацыі ў рэгіёне. Справа ў тым, што значная колькасць буйных землеўладальнікаў тагачаснай Беларусі не мела вышэйшай аграрнай адукацыі, і гэта, па меркаванні ўдзельнікаў пасяджэння, значна замаруджвала развіццё сельскай гаспадаркі рэгіёну.

Аб рэальнай эканамічнай дзейнасці беларускіх землеўласнікаў і дваранства можна меркаваць па адной са справаздач аб працы Мінскага сельскагаспадарчага сіндыката, надрукаванай ў газеце “Сельскагаспадарча-гандлёвы цыркуляр”. У рэдакцыйным артыкуле выдання адзначалася, што даход сіндыката за 1903 г. склаў 33 157 тыс. руб. Больш за палову гэтай сумы (16 458 тыс. руб.) даў продаж сельскагаспадарчых машын, якія на пачатку ХХ ст. карысталіся значным попытам сярод землеўласнікаў Беларусі. Амаль 2,5 тыс. рублёў удалося зарабіць на продажы збожжа і насення. Рэалізацыя прадуктаў харчавання прынесла 5213 тыс. рублёў, штучных угнаенняў - 857 рублёў, продаж збожжа войску - 990 рублёў, даход ад філіялаў у Пінску і Бабруйску - яшчэ каля 2,5 тыс. рублёў.

Матэрыялы, якія друкаваліся ва ўзгаданых вышэй перыядычных выданнях, змяшчаюць у сабе багаты факталагічны матэрыял, які характарызуе розныя бакі сацыяльна-эканамічнага жыцця Беларусі пачатку ХХ ст.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!