1587

Даследаванне: У Беларусі 22 % журналістак сутыкаліся з сэксуальным дамагальніцтвам

29.03.2017 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Мужчыны-журналісты, якія бралі ўдзел у гендэрным даследаванні медыяполя Беларусі, заявілі, што ніколі не сутыкаліся з падобным.

Шведскі медыяінстытут FOJO падрыхтаваў даследаванне “Гендэр у медыйным ладшафце Беларусі” — вынікі паказваюць, што захоўваецца рэтрансляцыя патрыярхальнай мадэлі грамадства, але сама прафесія ўсё больш фемінізуецца.

Даследаванне рабіла Алена Жэрздзева па замове FOJO.

Прадстаўляючы вынікі працы прадстаўніца FOJO Агнета Сэдэберг Якабсон падкрэсліла, што даследаванне не акадэмічнае, але яно дазваляе зрабіць пэўныя высновы. Падобнае даследаванне медыяінстытут FOJO таксама праводзіў у Бірме, Самалі, Расіі.

У рамках даследавання было апытана 94 асобы, 25 удзельнікаў фокус-групы, а таксама праведзена 10 глыбокіх інтэв’ю. Агулам — 129 рэспандэнтаў.

Такім чынам, у Беларусі больш за 70 % супрацоўнікаў сферы медыя — жанчыны. Гэта становіцца трэндам: колькасць жанчын у журналістыцы павялічваецца з кожным годам. За пяць год паказчык вырас на 30 %.

Агнета Сэдэберг Якабсон заўважыла, што гэтая тэндэнцыя тычыцца і Швецыі. “Мы можам гаварыць пра фемінізацыю прафесіі”, — адзначыла супрацоўніца FOJO.

У Беларусі жанчыны добра прадстаўленыя на сярэднім кіраўнічым узроўні. Але на вышэйшых кіраўнічых пасадах больш мужчын.

Прэстыжнасць журналістыкі цяпер невысокая з прычыны недастаковага эканамічнага ўзнагоджвання за працу і немагчымасці рэалізаваць свае амбіцыі. Адток мужчын з гэтай сферы дзейнасці працягваецца.

Агульнавядома, калі адбываецца фемінізацыя прафесіі, гэта сведчыць пра тое, што зніжаецца эканамічная прывабнасць. Разам з тым у Беларусі ў мужчын і жанчын роўныя шансы атрымаць журналісцкую адукацыю. Але на нізкааплочваемых працах больш журналістак, чым журналістаў.

І толькі 22 % з апытаных журналістак ацанілі свой досвед як “добры” ў плане магчымасцяў уладкавацца на працу,  кар’ернага росту.

Таксама падчас прыёму на працу журналісткі з дзецьмі больш зведваюць дыскрымінацыю, чым мужчыны-журналісты з дзецьмі.

Цікава, што 22 % апытаных журналістак заявілі, што сутыкаліся з сэксуальнымі дамагальніцтвамі на працоўным месцы. У большасці выпадкаў гэта былі кантактныя асобы падчас выкананя прафесійнай дзейнасці.
У мужчын гэтая лічба была роўная нулю.

“Але, наколькі я зразумела, большасць жанчын у Беларусі не будзе лічыць дамагальніцтвам тое, што назавуць  сэксуальнымі прэтэнзіямі жанчыны ў Швецыі. Гэта звязана з культурнымі адрозненнямі. — заўважыла Агнета Сэдэберг Якабсон. — Да прыкладу, падчас даследавання ў Бірме мы патлумачылі ў анкеце, што падразумеваем пад сэксуальнымі дамагальніцтвамі. І 98 % жанчын напісалі, што не сутыкаліся з такім. Мы падумалі: гэта проста фантастыка. Але пазней мы зразумелі: там жанчыны пад сэксуальным дамагальніцтвам падразумеваюць менавіта згвалтаванне”.

Яшчэ адна цікавая прафесійная адметнасць: 80 % журналістак і 52 % журналістаў адчуваюць абмежаваны ўплыў на змест матэрыяла, які яны ж і ствараюць.

Пры гэтым журналісткі, прадказальна, больш пішуць на тэмы навакольнага асяроддзя, экалогіі, культуры, адукацыі, на сацыяльныя тэмы. Разам з тым павялічваецца колькасць кантэнта на палітычныя і эканамічныя тэмы, створанага журналісткамі.

Жанчыны рэдка выступаюць у ролі экспертаў па эканамічным і палітычным пытанням.

Рэпрэзентацыя мужчын і жанчын у медыя

Адбываецца адлюстраванне патрыярхальнай мадэлі грамадства, жанчыны звычайна выступаюць або як сэксуалізаваныя аб’екты, або ў вобразе маці, гаспадыні. Таксама даволі частай з’явай ёсць стыгматызацыя ЛГБТ-супольнасці. Агнета адзначыла, што часта самі журналісты з’яўляюцца носьбітамі і рэтранслятарамі згаданых стэрэатыпаў.

Пры гэтым многія з апытаных мяркуюць, што ў Беларусі няма гендэрных праблем або яны не стаяць востра.

Намесніца старшыні ГА “БАЖ” Аліна Суравец распавяла, што назіраецца моцнае разыходжанне паміж чаканнямі і рэаліямі прафесіі:

“Я доўга займалася Школамі маладога журналіста, і заўважыла, што ўяўленні маладых людзей пра журналістыку на пачатку вельмі рамантызаваныя. Маўляў, буду прыгожа задаваць пытанні любым вядомым людзям. Але праз год навучэнцы Школ маладога журналіста амаль не гаварылі такіх слоў. Яны гаварылі пра прафесію, што гэта — праца, адказнасць, цяжкасці. Звычайна на курсы прыходзіць больш дзяўчат, і па выніку застаюцца дзяўчаты. А хлопцы сыходзяць, бо разумеюць, што гэта малааплочваема і патрабуе шмат затрат часу, высілкаў. Для тых хто застаецца, матывам часта выступае папулярнасць”.

Жанна Літвіна даўно працуе ў журналістыцы і пагаджаецца з тым, што жанчын у прафесіі стала больш. “Я не магу знайсці адказу на гэтае пытанне, але так — ёсць тэндэнцыя. Я не зусім падзяляю пункт гледзішча, што гэта добра. Бо журналістыка звязаная і з працаю ў гарачых кропках, і на вулічных акцыях, што сапраўды няпроста. Таксама я не згодная, што журналістыка страціла прэстыжнасць. Журналістыка — прэстыжная, гэта прафесія для амбітных людзей. Але ёсць такая рэч, як недастатковае асэнсаванне, што з сябе насамрэч уяўляе журналістыка, што гэта не толькі прыгожая карцінка і слава.”

У дыскусіі, якая адбылася пасля прэзентацыі вынікаў даследавання, гаварылі пра магчымыя прычыны фемінізацыі прафесіі, прыводзілі прыклады як недыскрымінацыйнага падыходу, калі жанчыны не мелі праблем у кар’еры, так і адваротныя прыклады. Студэнткі Інстытута журналістыкі БДУ распавялі пра своеасаблівае стаўленне выкладчыкаў да дзяўчат: маўляў, не важныя адзнакі, табе ж хутка замуж. А гэта, натуральна, не робіць добрага ўплыву на імідж прафесіі для будучых журналістаў.