976

Дасьледаваньне: 60% беларусаў назвалі тэлебачаньне крыніцай фэйкаў

14.10.2021 Крыніца: Радыё Свабода

Digital Skills Coalition прадставіла дадзеныя дасьледаваньня «Мэдыяспажываньне і мэдыяграматнасьць у жніўні 2021».

Што чытаюць і глядзяць беларусы

Гэта дасьледаваньне інтэрнэт-аўдыторыі, праведзенае па гібрыднай тэхналёгіі, якое ахапіла беларусаў як у сталіцы, так і ў рэгіёнах. Выбарка апытаных — 1208 чалавек, іх узрост — 18–74 гады.

Найчасьцей людзі атрымліваюць інфармацыю з інтэрнэт-СМІ і сайтаў

Асноўнай крыніцай інфармацыі ўдзельнікі дасьледаваньня назвалі інтэрнэт-СМІ і сайты. На другім месцы рэспандэнты ўказалі сацыяльныя сеткі, трэцяе месца — гэта навіны ад знаёмых і калегаў па працы, на чацьвёртым месцы — тэлеграм-каналы, і толькі на пятым — тэлебачаньне.

Паводле аўтараў дасьледаваньня, «тэзіс, што людзі атрымліваюць інфармацыю ў асноўным з тэлеграм-каналаў, не адпавядае рэчаіснасьці».

Пры гэтым дзьве траціны апытаных глядзяць тэлебачаньне тры разы на тыдзень. Больш глядзяць расейскія каналы, чым беларускія.

У інтэрнэце беларусы таксама чытаюць ня толькі беларускія СМІ — яшчэ міжнародныя і расейскія.

Самая папулярная сацыяльная сетка — «Укантакце»

«Укантакце», паводле дадзеных дасьледаваньня, — лідэр сярод беларусаў па папулярнасьці ў атрыманьні інфармацыі. Яго выкарыстоўваюць 63% апытаных. На другім месцы Instagram, на трэцім — «Одноклассники», на чацьвёртым — Facebook, на пятым — TikTok.

Telegram па папулярнасьці дагнаў Viber

Што да мэсэнджараў, то першае месца па папулярнасьці падзялілі паміж сабой Viber (выкарыстоўваюць 66%) і Telegram (66%), далей ідзе WhatsApp (28%), мэсэнджар Facebook (14%) і Skype (13%).

18% наогул не выкарыстоўваюць мэсэнджары як крыніцу інфармацыі.

90% лічаць, што СМІ іх падманваюць

У межах дасьледаваньня ў беларусаў запыталіся, ці не падаецца ім, што СМІ іх падманваюць. На гэтае пытаньне 90% адказалі станоўча. Каб спраўдзіць інфармацыю, людзі шукаюць пацьвярджэньня на міжнародных сайтах, пасьля на расейскіх і толькі потым — на беларускіх.

51% апытаных лічаць, што могуць адрозьніць фэйк ад праўдзівай інфармацыі. Траціна рэспандэнтаў не ведаюць, ці могуць адрозьніць фэйк ад праўды.

Абсалютным лідэрам сярод крыніц фэйкавых навінаў людзі назвалі тэлебачаньне — такіх 60%. Але тут трэба ўлічваць: шмат у якіх выпадках маюцца на ўвазе расейскія тэлеканалы.

Сацыяльныя сеткі — крыніца фэйкаў на думку 48% апытаных, друкаваная прэса — 39%, інтэрнэт-СМІ — 35%, тэлеграм-каналы — 31%, форумы і блогі — 28%, радыё — 26%.

Людзі думаюць, што найменшая крыніца фэйкаў — інфармацыя ад знаёмых, сяброў і калегаў па працы. Крыніцай фэйкаў іх назвалі толькі 16% апытаных.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!