620

Дапаможнік: Як знайсці сюжэты ў аператыўных зводках афіцыйных арганізацый

25.05.2020 Крыніца: internewscovid19.org Сюжэт: COVID-19

COVID-19 — гэта сапраўдны сюжэт дзесяцігоддзя. Нездарма журналісты прыкладаюць столькі высілкаў і намаганняў для падрабязнага вывучэння хваробы, каб мець магчымасць пісаць пра адну з самых вялікіх падзеяў у  нашым жыцці. Аператыўныя зводкі арганізацый у галіне аховы здароўя з'яўляюцца патэнцыйнай крыніцай інфармацыі для журналістаў.

Структуры ААН і грамадскія арганізацыі карыстаюцца аператыўнымі зводкамі, каб распаўсюджваць найноўшую інфармацыю пра крызісную сітуацыю. Яны могуць быць карысныя і пры падрыхтоўцы інтэрв'ю з прадстаўнікамі адпаведнай арганізацыі,   якія, магчыма, змогуць дадаць аб'ёму і мясцовага каларыту да лічбаў аператыўных зводак.

Прапануем некалькі парад, якія дапамогуць знайсці цікавы сюжэт у самых сухіх лічбах. 

Парады, якія дапамогуць вам убачыць сюжэты ў лічбах зводак:

1. Даведайцеся, што стаіць за лічбамі

Напрыклад, Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) рэгулярна публікуе аператыўныя зводкі па COVID-19 — падае самую свежую інфармацыю пра пандэмію і адпаведныя меры рэагавання. Туды ўваходзіць такая інфармацыя,  як абноўленыя лічбы па колькасці інфікаваных, тэрыторыя распаўсюду захворвання, а таксама дзеянні СААЗ і іншых арганізацый па барацьбе з крызіснай сітуацыяй.

На першы погляд можа падацца, што ў зводках цяжка разабрацца, там поўна лічбаў, графікаў, складанага прафесійнага жаргону і тэрміналогіі. Тым не менш, менавіта там можна знайсці самую важную інфармацыю, з якой можа выйсці шмат журналісцкіх сюжэтаў. Гледзячы на лічбы новых выпадкаў і стратаў, колькасць людзей на лячэнні і тых, хто выздаравеў, па кожнай краіне, можна задаць такія пытанні:

  • Што канкрэтна тут разлічана? Адкуль атрыманыя гэтыя дадзеныя і што ўваходзіць у гэтую лічбу? А што ў гэтую лічбу не ўваходзіць? Ці ёсць не ўключаныя ў падлік групы або выключэнні і чаму?

  • Якога перыяду часу тычацца гэтыя лічбы? Што яшчэ адбывалася ў гэты час, што магло паўплываць на лічбы?

  • Як выглядаюць гэтыя лічбы ў параўнанні з іншымі краінамі, абставінамі або іншымі гарадамі вашай краіны? Ці карыстаюцца розныя зводкі аднымі і тымі ж паказчыкамі? Магчыма, прыйдзецца прывесці іх у адну сістэму вымярэння, перш чым рабіць параўнанні.

  • Ці выглядаюць лічбы пераканаўча? Хто яшчэ можа пацвердзіць гэтую інфармацыю?

  • Размова ідзе пра абсалютныя ці адносныя велічыні? Пры параўнанні паміж краінамі больш значэння маюць адносныя велічыні, напрыклад "колькасць смерцяў на мільён насельніцтва".

Дадаткова: даведайцеся, як знайсці сюжэты ў лічбах і выйсці за межы расповеду пра колькасць выпадкаў захворвання і смерці. Таксама прапануем прачытаць гэтыя парады па дадзеных, крыніцах і ракурсах ад журналістаў, што працуюць непасрэдна з тэмай COVID-19.

2. Вывучыце тэрміналогію, каб пазбегнуць неадназначнасці

Аператыўныя зводкі часта ўтрымліваюць шмат абрэвіятур, прафесійнага жаргону і складанай тэрміналогіі. Гэта спецыялізаваная тэрміналогія, з якой, як правіла, добра знаёмыя толькі тыя, хто працуе ў гэтай сферы, напрыклад, медычныя работнікі і супрацоўнікі арганізацый, звязаных з аховай здароўя. Яны могуць часта выкарыстоўваць абрэвіятуры і тэхнічныя тэрміны, незнаёмыя для людзей іншых прафесій.

Вывучэнне тэрмінаў і іх дакладнага значэння можа дапамагчы вам знайсці цікавыя сюжэты ў лічбах зводак. Гэты гласарый дапаможа вам зразумець тэрміналогію COVID-19. Магчыма, вы захочаце азнаёміцца з агульнай тэрміналогіяй у галіне аховы здароўя і агульнай тэрміналогіяй па гуманітарнай дзейнасці.

Журналісту важна разбірацца ў тэрмінах, але таксама важна даносіць інфармацыю да аўдыторыі тымі словамі, якія яна зразумее.  Празмерная колькасць абрэвіятур можа зрабіць тэкст нечытабельным і адштурхнуць аўдыторыю. Гэтыя парады па даступнай мове дапамогуць вам пазбегнуць прафесійнага жаргону і ясна камунікаваць з аўдыторыяй. 

3. Візуалізацыя нясе яснасць, клікі і прагляды

Некаторыя аператыўныя зводкі ўключаюць графікі і дыяграмы, створаныя ў практычных мэтах, якія могуць не прыцягваць увагу так, як хацелася б. Падумайце, якія дадзеныя і як можна візуалізаваць, каб гэта знайшло водгук у вашай аўдыторыі. Гэтыя ўзоры могуць паслужыць прыкладам, як можна прадставіць дадзеныя так, каб вашы чытачы заўважылі ключавыя лічбы.

Паспрабуйце 10 карысных спосабаў візуалізацыі даных.

4. Ідзіце за грашыма

Аператыўныя зводкі часта наводзяць на такія тэмы, як размеркаванне бюджэту, выдаткі на ахову здароўя, сацыяльнае забеспячэнне, бяспека і іншыя паслугі сацыяльнай сферы. Спытайце ў донарскіх арганізацый, уладаў і дзяржаўных установаў, як былі выдаткаваныя фінансавыя рэсурсы. На падставе якіх фактараў прымаюцца рашэнні пра выдаткі? Ці адпавядае гэта планам закупак?

Прачытайце гэтыя парады для журналістаў па тым, як адсочваць рэальных гульцоў у закупках і рабіць журналісцкія расследаванні.

5. Не стаўцеся да аператыўных зводак як да прэс-рэлізаў

У зводках можна знайсці каштоўныя дапаможныя дадзеныя для вашых артыкулаў, але ў асноўным яны рыхтуюцца для ўнутранага выкарыстання адпаведных арганізацый. Гэтыя арганізацыі выпускаюць свае аператыўныя зводкі не як прэс-рэлізы, таму яны не з'яўляюцца прымальнай крыніцай цытат у вашых матэрыялах. Аператыўныя зводкі пастаянна абнаўляюцца, бо сітуацыя можа мяняцца вельмі хутка. Вы заўсёды павінны атрымаць пацверджанне зместу зводкі ў арганізацыі, якая яе выпусціла. Часта даныя будуць ужо не актуальнымі, але з вамі могуць падзяліцца абноўленай інфармацыяй.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!