НЕ - ВАЙНЕ!
426

Да 15-годдзя «Белсату». Першапраходцы: Алесь Карніенка

21.11.2022 Крыніца: Аляксандр Пуціла, Белсат

«Белсат», першы незалежны тэлеканал у Беларусі, пачаў трансляцыю 10 снежня 2007 г., у Сусветны дзень правоў чалавека. Праект рыхтаваўся Польскім тэлебачаннем пад кіраўніцтвам Агнешкі Рамашэўскай-Гузы з чэрвеня 2006 г. Канал быў створаны як структурная адзінка Польскага тэлебачання. Да свайго 15-годдзя «Белсат» гутарыць з журналістамі, якія ад самага пачатку працуюць на тэлеканале.

– Гледачы ведаюць цябе як аўтара і вядоўцу праграмы «Вечаровы шпіль». Але гэта толькі апошнія няпоўныя чатыры гады. На «Белсат» ты прыйшоў раней.

– Крышачку! – смяецца. – У лістападзе акурат спаўняецца 15 гадоў маёй працы на канале. Мне пашчасціла быць адным са стваральнікаў першага выпуску навінаў – першага «Абʼектыву»!

Алесь Карніенка. 50 гадоў. Нарадзіўся 3 чэрвеня 1972 года ў Гомлі.

– Той, што выйшаў 10 снежня 2007 года?

– Не, першы, маленькі яшчэ, троххвілінны выпуск мы рэпрэзентавалі 28 лістапада. Атрымалася паказаць яго гледачам толькі на трэці дзень. Два дні пайшлі на наладжванне працэсу – ад планёркі да змантаванага выпуску. З гэтага часу кожны мог глядзець нашыя выданні на хвалях «Белсату» на спадарожніку альбо ў інтэрнэце. Але афіцыйным днём народзінаў каналу лічыцца 10 снежня, калі была абвешчаная Міжнародная дэкларацыя правоў чалавека. Амаль ніхто з тых, хто распачынаў працу ў інфармацыйнай службе «Белсату», да гэтага ніколі не працаваў на тэлебачанні.

– Ты мог паверыць, што «Белсат» прапрацуе 15 гадоў?

– Я быў песімістам, хаця хутчэй – рэалістам. Цудоўна памятаў белыя плямы ў газетах, памятаў, як зачынялі тэлепраграмы, радыёстанцыі, газеты. Дапускаў, што і гэты праект прыдушаць месяцы пра 3-4. Улады панічна баяліся незалежнага тэлебачання. У канцы сакавіка 2008 года, праз 4 месяцы з пачатку нашай працы, рэжым прадэманстраваў, што мы ўсе на далоні. Сілавікі прыйшлі з ператрусамі адначасова ў розных кутках краіны да больш чым 30 журналістаў «Белсату», радыё «Рацыя» і «Еўрарадыё».

– Чаго, з твайго пункту гледжання, дасягнуў «Белсат» за 15 гадоў?

– Лічу, што гэта самы маштабны і эфектыўны праект Польшчы ў дачыненні Беларусі. Гэта здаровае жаданне палякаў мець пад бокам з усходу сапраўды незалежную дэмакратычную дзяржаву, а не дыктатуру з непрадказальным кіраўніком на чале. Але 15 гадоў таму гэта не было такім відавочным. І тут ролю Агнешкі Рамашэўскай нельга недаацэньваць.

– А як ты трапіў у журналістыку?

– Хм… Можна сказаць, дзякуючы КДБ! Я прыйшоў у дэмакратычны рух яшчэ да падзення СССР і паспеў крычаць Гарбачову непрыемныя рэчы падчас ягонага прыезду ў Гомель на пачатку 1991 года пасля крывавых падзеяў у Вільні. У 1994-м, усяго ў 22 гады, узначаліў гомельскі БНФ і паспеў арганізаваць аншлагавы візіт Быкава, Барадуліна і Пазняка ў Гомлі. У 1997-м мы стварылі моладзевы цэнтр «Гарт» і ладзілі бардаўскія канцэрты, сустрэчы з пісьменнікамі ў школах і іншых навучальных установах. Але пазней, калі рэпрэсіі ўзмацніліся, зʼявілася магчымасць рабіць нешта карыснае для Беларусі ў іншай галіне – мне прапанавалі папрацаваць карэспандэнтам радыё «Рацыя».

– То бок у 2007, калі ты трапіў на «Белсат», ты быў «маладым журналістам»?

– Маладым, але ўжо ў пэўным сэнсе – заслужаным! Пасля інфармацыі пра мой выклік у пракуратуру ад незалежных і «залежных» СМІ пасыпаліся прапановы супрацы.

– Твая праграма зʼявілася ў эфіры напачатку 2019-га. Што ты рабіў на «Белсаце» да гэтага часу?

– З першага дня і цягам 10 гадоў быў выдаўцам дня ў рэдакцыі інфармацыі, пару гадоў, у 2015–2016-м, – намеснікам кіраўніка, а потым, у 2017–2018-м, і кіраўніком гэтай рэдакцыі. Тыя апошнія 4 гады былі найбольш цяжкімі, але адначасова і найбольш плённымі! У Беларусі пачаўся крызіс, стала відавочна, што дыктатура скінула маску сацыяльнай дзяржавы. Людзі былі ў адчаі ў чаканні Дэкрэту № 3, а я сачыў, каб нашая рэдакцыя штодня надавала гэтай тэме максімальную ўвагу. Да нашых карэспандэнтаў (перадусім, Кастуся Жукоўскага, Андрэя ТолчынаВольгі ЧайчыцАндруся Козела) станавіліся чэргі ахвочых падзяліцца сваёй бядой! «Белсат» быў на баку людзей, нягледзячы на велізарныя штрафы, якімі абкладалі нашых журналістаў амаль за кожны рэпартаж! Напачатку 2017 года мы пачалі рабіць шматгадзінныя (да 8 гадзінаў) стрымы! І нас глядзелі ўжо сотні тысяч. У 2016-м мы здабылі першы мільён праглядаў у сацсетцы «Одноклассники», а потым – і на YouTube. У тым жа 2017-м мы выкрылі існаванне слыннай 19-й рэзідэнцыі Лукашэнкі і запусцілі расейскамоўную рэдакцыю.

– То бок менавіта ты той русіфікатар «Белсату»?

– Толькі нікому не кажы! – смяецца. – Аб’ём беларускамоўнага эфіру не зменшыўся. Проста праз варварскія дзеянні Пуціна трэба было несці асвету і расейскай аўдыторыі. І вось ужо больш за 5 гадоў расейскамоўныя матэрыялы і трансляцыі «Белсату» даходзяць да мільёнаў грамадзянаў РФ, Казахстану, Беларусі. Дарэчы, гэта тычыцца не толькі палітыкі. Калі напачатку 2018 года ў Кемераве згарэлі дзясяткі дзяцей, а пракрамлёўскія СМІ маўчалі, «Белсат» быў ці не адзіным тэлеканалам, што асвятляў гэтую жудасную трагедыю ў належным аб’ёме! Тое спецвыданне паглядзелі больш за 8 мільёнаў гледачоў. З 24 лютага гэтага года, падаецца, ужо кожнаму скептыку мусіць быць зразумелая слушнасць стварэння расейскай рэдакцыі.  Калі дазволіш, хацеў бы яшчэ дадаць пару словаў, бо ты ў мяне сам не запытаеш.

– Гэта пра што?

– Хутчэй, пра каго. Пра Сцяпана Пуцілу, якога я ў якасці шэфа рэдакцыі інфармацыі запрасіў працаваць у нас яшчэ напачатку 2017 года. Тады не было вядома, хто хаваецца за псеўданімам НЕХТА. А ў мяне зніклі любыя ваганні, калі высветлілася, што гэта твой сын, з якім мы пазнаёміліся ў вашым доме, калі яму было яшчэ 10. Сцяпан стаў каштоўным здабыткам для каналу! YouTube- і тэлеграм-канал

«НЕХТА» – гэта з’ява ў беларускай і постсавецкай медыйнай прасторы! Спадзяюся, што ў тым ліку дзякуючы і досведу, здабытаму на «Белсаце»!

– З такім досведам лагічна было б для цябе весці нейкую аналітычную праграму. Чаму сатыра?

– Я даўно заўважыў, што вялікая частка людзей у дыктатарскіх краінах не хоча нават адкрываць «звычайных» навінаў, а смех – добры інструмент, каб гэтаму супрацьстаяць. У першыя гады прэзідэнцтва Лукашэнкі заўважыў, што прабіцца да атручаных ягоным папулізмам суайчыннікаў атрымліваецца праз давядзенне некаторых тэзаў да абсурду. Кожны агітацыйны матэрыял я стараўся зрабіць інтэрактыўным і смешым, каб яго хацелася паказаць іншым.

– Ці была альтэрнатыва ў назвы «Вечаровы шпіль»?

– Так. «Суб’ектыў». Гэту назву я прыдумаў у першыя дні працы ў якасці выдаўцы «Аб’ектыву» яшчэ ў лістападзе-2007, але падарыў яе Сцяпану Пуцілу, калі мы з ім прыдумлялі канцэпцыю ягонага агляду напачатку восені-2018. Наступныя 2 гады гэта была адна з самых папулярных праграмаў каналу. Сабе прыйшлося некалькі тыдняў ламаць маю лысую і сівую ўжо галаву над новай назвай. Наш нязменны графік і мантажыст Андрэй Рабко прапанаваў зрабіць ролік у стылі шпіёнскіх фільмаў, і тут я ўсё і прыдумаў – і «Вечаровы шпіль», і кубак «навічок», і дэвіз праграмы: «Навіны, падобныя да жартаў, і жарты, падобныя да навінаў»!

– Колькі сцэнарыстаў стварае праграму?

– Ой, вельмі шмат! Занатоўвай: Пуцін, Лукашэнка… Па сутнасці, гэта два персанажы, якія ў Савецкім Саюзе не зрабілі б ніякай кар’еры. Пуцін ужо б выйшаў на пенсію максімум намеснікам кіраўніка райаддзелу КДБ дзесьці ў Ленінградскай вобласці. Лукашэнка вышэй за дырэктара саўгасу так і не скочыў бы. Яны самі – хадзячыя пародыі на саміх сябе, кожны іхны крок – гатовы анекдот. У мяне як аўтара сатырычнай праграмы – адна праблема. Рэальныя навіны і заявы часта перасягаюць самую смелую фантазію! Але, на жаль, многія нашыя скетчы, зробленыя год, два, тры таму застаюцца актуальнымі.

– Былі моманты, калі хацеў усё кінуць?

– У першыя дні вайны хацеў ехаць на фронт ва Украіну. Але «Шпіль» тады пачаў збіраць мільёны праглядаў, трапляў у трэнды ўкраінскага YouTube, сотні людзей пісалі, што глядзяць праграму ў бамбасховішчы і пасміхаюцца ўпершыню з пачатку вайны.

– Хто ён, глядач «Шпілю»?

– З году ў год сітуацыя моцна змяняецца. Статыстыка YouTube паказвае, што часам 80 % – гэта гледачы з Казахстану, а часам – 90 % з Беларусі. Апошнія месяцы палова гледачоў – з Расеі. Гэта вельмі важна – прабіцца да расейскай аўдыторыі праз смурод крамлёўскай прапаганды.

– Ты не мог уявіць, што «Белсат» прапрацуе ажно 15 гадоў. А як думаеш, колькі яшчэ ён будзе існаваць?

– Каверзнае пытанне! Калі беларускі народ не будзе дастаткова рашучым, як гэта было два гады таму, «Белсат» і іншыя СМІ ў выгнанні будуць яшчэ доўга патрэбнымі.

Чытайце яшчэ: 

Сёння 500 дзён, як рэдактары «Нашай Нівы» ў засценках

Беларусы змогуць глядзець футбольныя матчы чэмпіянату свету. Але не па тэлевізары

Галоўную літаратурную прэмію Беларусі сёлета прысудзілі кнізе журналіста пра разбурэнне гістарычнага Мінска. Чаму яе варта прачытаць?

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!