1681

ЦВК – журналістам: пішыце скаргі ў раённую камісію

09.10.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У сувязі з некалькімі нядаўна зафіксаванымі парушэннямі правоў журналістаў на выбарчых участках прэс-служба ГА “БАЖ” звярнулася ў Цэнтральную выбарчую камісію па тлумачэнні – як дзейнічаць у такіх сітуацыях.
 

Нагадаем, што толькі цягам пятніцы з выбарчых участкаў выгналі адразу двух журналістаў, якія ў адпаведнасці з заканадаўствам выконвалі свае прафесійныя абавязкі – у Мінску і Бабруйску. Раней інцыдэнт з перашкодамі журналістам на ўчастку быў у Брэсце. У Баранавічах гарадская камісія адмовіла незалежным журналістам у інфармацыі.

Як распавялі ў ЦВК, найлепшым шляхам вырашэння падобных канфліктаў з’яўляецца напісанне скаргі ў камісію, якая стаіць вышэй.

 – Калі на выбарчым участку ў журналіста адбыўся нейкі канфлікт, ён можа напісаць скаргу ў раённую камісію, якая гэту скаргу разгледзіць і разбярэцца з сітуацыяй, – заявілі ГА “БАЖ” у ЦВК.

У выпадку ўзнікнення канфлікту можна звяртацца на гарачую лінію Цэнтравыбаркаму па тэлефоне +375-17-327-19-03. Аднак канфлікт ў любым выпадку будзе разбіраць раённая камісія, кажуць у ЦВК.

Пра законнасць вядзення здымкаў на ўчастках журналістамі СМІ некалькі дзён таму ЦВК нагадвала у адмысловай метадычцы.

Са свайго боку, ГА «БАЖ» просіць журналістаў паведамляць пра ўсе падобныя выпадкі на тэлефон ГА «БАЖ» +375 -29- 126-70-98 (будзе працаваць усе выходныя), а таксама назіральнікам на e-mail elections2015@spring96.org.