3800

Ці закрыюць крымінальную справу супраць Аляксандра Алесіна пасля інаўгурацыі?

16.10.2015 Крыніца: Барыс Гарэцкі, прэс-служба ГА "БАЖ"

Вядомы беларускі журналіст і эксперт Аляксандр Алесін па-ранейшаму з’яўляецца абвінавачаным па крымінальнай справе аб супрацоўніцтве з замежнымі спецслужбамі і мае падпіску аб нявыездзе з краіны.

– Следчыя ўпарта кормяць мяне абяцаннямі. У КДБ раяць чакаць рашэння Лукашэнкі, які сваім указам нібыта павінен дэкрыміналізаваць тое, у чым мяне абвінавачваюць. Але вось ужо прайшлі выбары, палітвязні выйшлі на волю, а я па-ранейшаму пад крымінальнай справай, – распавёў Алесін прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

Па словах Аляксандра Алесіна, на яго па-ранейшаму распаўсюджваецца падпіска аб нявыездзе і неразгалошванні матэрыялаў справы. Аналітык гаворыць, што з-за гэтага вымушаны адмаўляцца ад шматлікіх замежных запрашэнняў.

– Цяпер я чакаю інаўгурацыі Лукашэнкі на новы прэзідэнцкі тэрмін. Не ведаю. Спадзяюся, пасля інаўгурацыі у прэзідэнта знойдзецца час, каб падпісаць папраўкі ў заканадаўства, якія, па словах супрацоўнікаў КДБ, ужо даўно распрацаваныя і чакаюць падпісання, – дадае журналіст.

Нагадаем:

Вайсковага эксперта, аглядальніка штотыднёвіка «Белорусы и рынок» Аляксандра Алесіна затрымалі беларускія спецслужбы 25 лістапада. Пра гэта стала вядома толькі на пачатку снежня, але ні прычын затрымання, ні месцазнаходжання журналіста КДБ не паведамляла. Пазней высветлілася, што яго ўтрымліваюць у следчым ізалятары КДБ.

8 снежня сваякі Алесіна паведамілі, што яму выстаўлена абвінавачанне ў здрадзе дзяржаве (артыкул 356 Крымінальнага кодэкса) і ўсталяванні супрацоўніцтва са спецыяльнай службай органаў бяспекі або выведвальным органам замежнай дзяржавы (артыкул 356-1).

10 снежня Алесіна вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе. Журналіст паведаміў калегам, што абвінавачанне ў здрадзе дзяржаве з яго знялі і цяпер абвінавачваюць толькі ў супрацы з замежнай спецслужбай.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!