Юрысты ГА "БАЖ" падрыхтавалі ацэнку таго, як праца ў межах правабарончага механізму ААН — Універсальнага перыядычнага агляду — спрыяе свабодзе слова ў Беларусі.
Універсальны перыядычны агляд (УПА) — гэта праваабарончы механізм, які быў створаны ААН у 2006 годзе дзеля таго, каб кожная дзяржава-удзельніца Савета па правах чалавека праінфармавала астатніх дзяржаў-удзельніц пра зробленыя ёй паляпшэнні ў галіне правоў чалавека.
Усе дзяржавы маюць магчымасць даваць рэкамендацыі той дзяржаве, якая робіць справаздачу.
Беларусь будзе праходзіць ужо трэці цыкл справаздачнасці па УПА. Разгляд адбудзецца на 36-й сесіі Савета па правах чалавека ААН з 4 па 15 траўня 2020 года ў Жэневе (Швейцарыя). Як наша краіна праходзіла другі цыкл можна паглядзець на сайце Савета ААН па правах чалавека.
Кааліцыя праваабарончых арганізацый, у якую ўваходзіць і ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, падрыхтавала і накіравала ў ААН альтэрнатыўны даклад пра выкананне Рэспублікай Беларусь абавязальніцтваў у галіне правоў чалавека. Ён складаецца з 13-ці раздзелаў, адзін з якіх — «Свабода выказвання меркавання, свабода СМІ» — быў падрыхтаваны нашай арганізацыяй.
Дадаткам да дакладу з'яўляецца табліца-матрыца з аналізам выканання рэкамендацый, якія Рэспубліка Беларусь атрымала ў межах другога цыклу Універсальнага перыядычнага агляду.
З 13-ці рэкамендацый, якія тычыліся свабоды слова і былі адрасаваныя Беларусі падчас другога цыклу УПА, пяць рэкамендацый былі ёй падтрыманыя. У краіне ў 2016 годзе быў прыняты Міжведамасны план па іх выкананні. Тады ГА "БАЖ" і іншыя праваабарончыя арганізацыі падтрымалі сам факт яго зацвярджэння.
Каб даць аб’ектыўную ацэнку дзеянням ураду па выкананні рэкамендацый па свабодзе слова, БАЖ распрацаваў адпаведны набор індыкатараў па кожнай рэкамендацыі. У 2018 годзе мы рабілі прамежкавую ацэнку працы дзяржаўных органаў у галіне свабоды выказвання.
Выснова была несуцяшальная: “Распрацоўка Міжведамаснага плана, на жаль, не прывяла да якіх-небудзь значных наступстваў для сітуацыі са свабодай слова”.
Цяпер, калі амаль скончыўся тэрмін выканання рэкамендацый УПА, атрыманах нашай дзяржавай у другім цыкле, па ацэнцы БАЖ, зробленай на падставе гэтых жа самых індыкатараў, з агульнага ліку рэкамендацый ніводная не была выканана поўнасцю, 5 былі выкананы часткова (у тым ліку дзве з непадтрыманых дзяржавай рэкамендацый).
Ніжэй прыводзяцца рэкамендацыі ў сферы свабоды словы, якія былі прынятыя Рэспублікай Беларусь, адпаведныя індыкатары і ацэнка іх выканання.
№ |
Рэкамендацыі, прынятыя Рэспублікай Беларусь у межах другога цыклу УПА |
Індыкатары выканання рэкамендацый, прадстаўленыя ўраду |
Ацэнка прагрэсу ў рэалізацыі рэкамендацый |
1 |
Забяспечыць большыя гарантыі свабоды прэсы і свабоды выказвання меркаванняў, а таксама права на інфармацыю, якая адлюстроўвае розныя пункты гледжання |
У заканадаўства аб СМІ і аб доступе да інфармацыі ўнесены змены, накіраваныя на рэалізацыю канстытуцыйных палажэнняў аб свабодзе выказвання меркавання і праве на інфармацыю, у якіх улічаны рэкамендацыі Прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ. |
Не выканана. |
Распрацаваны і прыняты дэмакратычны закон «Аб доступе да інфармацыі». |
Не выканана. |
||
Усе недзяржаўныя выданні, якія звярнуліся ў дзяржаўнае прадпрыемства-манапаліст па распаўсюдзе СМІ па падпісцы «Белпошта», уключаны ў падпісныя каталогі. |
Выканана. |
||
Дзяржаўныя прадпрыемствы сістэмы «Белсаюздрук» прадаюць праз сваю рознічную сетку і па падпісцы недзяржаўныя выданні незалежна ад іх рэдакцыйнай палітыкі. |
Выканана. |
||
Адсутнічаюць выпадкі неабгрунтаванай адмовы ў рэгістрацыі друкаваных СМІ. |
Выканана. |
||
Адменена рэгістрацыя распаўсюднікаў прадукцыі СМІ. |
Не выканана. |
||
Дзяржава не абмяжоўвае доступ да сайтаў, што распаўсюджваюць прадукцыю СМІ. |
Не выканана. |
||
З Крымінальнага кодэкса выключаныя артыкулы, якія ўстанаўліваюць адказнасць за дыфамацыйныя злачынствы, у прыватнасці: 188 (Паклёп), 189 (Абраза), 367 (Паклёп супраць Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), 368 (Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), 369 (Абраза прадстаўніка ўлады), 3691 (Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь), 391 (Абраза суддзі або народнага засядацеля). |
Не выканана. |
||
Дзяржава ўступіла ў дыялог з прадстаўнікамі медыя, грамадзянскай супольнасці і інтэрнэт-бізнесу па пытаннях кіравання Інтэрнетам. |
Выканана. |
||
Унесены змены ў закон «Аб сродках масавай інфармацыі», якія адмяняюць неабходнасць абавязковай акрэдытацыі замежных журналістаў для ажыццяўлення дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. |
Не выканана. |
||
Адсутнічаюць выпадкі неабгрунтаваных адмоваў у акрэдытацыі замежных журналістаў. |
Не выканана. |
||
Выключаны выпадкі прыцягнення да адказнасці журналістаў, якія працуюць на замежныя СМІ без акрэдытацыі ў Рэспубліцы Беларусь. |
Не выканана. Колькасць выпадкаў прыцягнення да адказнасці журналістаў, якія працуюць на замежныя СМІ без акрэдытацыі ў Рэспубліцы Беларусь рэзка ўзрасла (з 10 выпадкаў у 2016 годзе да 118 — у 2018 годзе). У 2019 годзе да канца мая мелі месца 38 штрафаў журналістаў. Ад пачатку чэрвеня 2019 года выпадкі прыцягнення да адказнасці журналістаў, якія працуюць на замежныя СМІ без акрэдытацыі, не фіксаваліся. |
||
2. |
У поўнай меры гарантаваць свабоду выказвання меркаванняў і ўстрымлівацца ад адвольных арыштаў журналістаў |
Адсутнічаюць выпадкі арыштаў журналістаў падчас ажыццяўлення прафесійнай дзейнасці, а таксама ў якасці пакарання за сваю дзейнасць. |
Не выканана. Дзяржава дэманструе гатоўнасць затрымліваць журналістаў падчас ажыццяўлення прафесійнай дзейнасці. Колькасць затрыманняў залежыць ад пратэстнай актыўнасці ў грамадстве, якую асвятляюць журналісты. Найбольшага піку яна дасягнула ў 2017 годзе ў сувязі з выступамі супраць так званага "падатку на дармаедаў" (101 выпадак у параўнанні з 13 у 2016 годзе). |
Адсутнічаюць выпадкі адабрання, пашкоджання, канфіскацыі тэхнікі і абсталявання ў журналістаў. |
Не выканана. У 2018 годзе пачасціліся выпадкі ператрусаў, якія суправаджаліся адабраннем тэхнікі і абсталявання ў журналістаў і блогераў (па меншай меры 16 у параўнанні з 5 у 2017 годзе). |
||
3. |
Выконваць прынятыя абавязацельствы ў частцы забеспячэння гарантый свабоды асацыяцыі і свабоды выказвання меркаванняў |
|
Дзеянні дзяржаўных органаў у дачыненні да журналістаў і СМІ часта супярэчаць прынятым Рэспублікай Беларусь абавязацельствам у частцы забеспячэння гарантый свабоды выказвання меркаванняў. |
4. |
Заахвочваць і абараняць свабоду сродкаў масавай інфармацыі і права на свабоднае выказванне меркаванняў; прыняць меры да прывядзення заканадаўства і практыкі ў адпаведнасць з артыкулам 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах; і справядліва расследаваць усе выпадкі нападу, пераследу і запалохвання ў мэтах прыцягнення да адказнасці вінаватых |
У заканадаўства аб СМІ ўнесены змены, накіраваныя на паляпшэнне сітуацыі са свабодай слова, у тым ліку: 1.1. Адменена адказнасць уладальнікаў сайтаў за каментары карыстальнікаў. 1.2. Абмежаваны паўнамоцтвы Міністэрства інфармацыі па адвольным прыняцці рашэнняў аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсаў. |
Не выканана. |
Адсутнічаюць выпадкі «тэхнічнага» блакавання інтэрнэт-рэсурсаў падчас значных грамадска-палітычных падзей альбо ў перыяд абвастрэння эканамічнага крызісу.
|
Выканана. |
||
Праведзены поўныя і ўсебаковыя расследаванні гвалтоўных злачынстваў супраць журналістаў (у першую чаргу, выкраданне Дзмітрыя Завадскага, забойства Веранікі Чаркасавай), а вінаватыя прыцягнуты да адказнасці. |
Не выканана. |
||
Расследаваныя выпадкі парушэння правоў журналістаў, у тым ліку супрацоўнікамі міліцыі, вінаватыя прыцягнуты да адказнасці. |
Не выканана. |
||
5. |
Палепшыць агульную сітуацыю са свабодай сродкаў масавай інфармацыі |
Журналісты, праваабаронцы, эксперты, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці ацэньваюць сітуацыю са свабодай СМІ ў Беларусі як лепшую, чым раней. |
Не выканана. - змяненне заканадаўства ў сферы СМІ ў бок узмацнення жорсткасці дзяржаўнага кантролю; - крымінальны пераслед, звязаны са свабодай выказвання меркавання (справа “рэгнумаўцаў”; ўзбуджэнне крымінальнай справы супраць блогера Пятрухіна; справа кіраўніка інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Алеся Ліпая, спыненая ў сувязі з яго смерцю; "справа БелТА", якая скончылася асуджэннем галоўнага рэдактара папулярнага беларускага інтэрнэт-рэсурсу TUT.BY Марыны Золатавай); - пазасудовае блакаванне ў Беларусі папулярных інфармацыйных інтэрнэт-рэсурсаў; - узмацненне ціску на журналістаў-фрылансераў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі); - выкарыстанне заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму для абмежавання свабоды выказвання меркавання (у першую чаргу — у сетцы Інтэрнэт). |
Месца Беларусі ў рэйтынгах па свабодзе слова ў параўнанні з папярэднім перыядам: - Свабода прэсы ў свеце, Freedom House - Сусветны індэкс свабоды прэсы, "Рэпарцёры без межаў", - IREX |
Пазіцыя Беларусі ў рэйтынгах па свабодзе слова ў параўнанні з папярэднім перыядам незначна палепшылася, аднак эксперты адзначаюць, што гэта збольшага звязана з пагаршэннем агульнай сітуацыі са свабодай слова ў свеце. - Freedom in the World 2019 (Freedom House): Беларусь застаецца несвабоднай краінай, але больш не ўваходзіць у групу краін з найгоршай сітуацыяй; - Сусветны індэкс свабоды прэсы ("Рэпарцёры без межаў"): Беларусь перамясцілася са 155-га на 153-е месца ў рэйтынгу з 180 краін); - Media Sustainability Index (IREX): Беларусь па-ранейшаму застаецца ў групе краін з "няўстойлівай змяшанай сістэмай" (каэфіцыент нязначна палепшыўся з 1,23 у 2015 годзе да 1,46 у 2018 годзе). |
||
Колькасць фактаў неабгрунтаваных абмежаванняў свабоды СМІ з боку дзяржаўных органаў зменшылася. |
Не выканана. |
||
Дзяржава адмовілася ад дыскрымінацыйных мер прававога і эканамічнага характару ў дачыненні да недзяржаўных СМІ. |
Часткова выканана. Усе недзяржаўныя выданні, якія звярнуліся ў дзяржаўнае прадпрыемства-манапаліст па распаўсюдзе СМІ па падпісцы «Белпошта», уключаны ў падпісныя каталогі. Дзяржаўныя прадпрыемствы сістэмы «Белсаюздрук» прадаюць праз сваю рознічную сетку выданні незалежна ад іх рэдакцыйнай палітыкі. Такім чынам, дзяржава адмовілася ад шэрагу дыскрымінацыйных мер эканамічнага характару ў дачыненні да недзяржаўных СМІ. Аднак захоўваецца фінансаванне за кошт дзяржаўнага бюджэту дзяржаўных СМІ на пазаконкурснай аснове. |
З гэтай табліцы бачна, што за час праходжання другога цыклу УПА значнага паляпшэння ў сферы свабоды слова ў Беларусі не адбылося, хаця можна адзначыць, што дзяржава ўступіла ў дыялог з грамадзянскай супольнасцю і зрабіла некаторыя крокі па выкананні рэкамендацый.
Можна адзначыць пагаршэнне сітуацыі са свабодай выказвання ў Інтэрнэце, звязанае з узмацненнем кантролю дзяржавай.
Відавочна, яшчэ трэба нямала зрабіць па выкананні міжнародных абавязацельстваў, якія гарантуюць свабоду слова. Таму ГА "БАЖ" рэкамендавала ў кааліцыйным дакладзе, каб у трэцім цыкле УПА іншыя дзяржавы параілі Беларусі наступнае:
-
прывесці ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі заканадаўства, якое рэгулюе свабоду выказвання меркаванняў у Інтэрнэце;
-
распрацаваць і прыняць заканадаўства для забеспячэння эфектыўнага доступу да інфармацыі пра дзейнасць дзяржаўных органаў;
-
адмовіцца ад дазвольнага парадку рэгістрацыі друкаваных і анлайн-медыя;
-
прывесці панятак "акрэдытацыя" ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі і адмяніць забарону на дзейнасць журналістаў замежных СМІ без акрэдытацыі, а таксама прадугледзець магчымасць абскардзіць адмову ў акрэдытацыі, у тым ліку ў суд;
-
абмежаваць паўнамоцтвы Міністэрства інфармацыі па пазасудовым ўмяшанні ў дзейнасць СМІ, у тым ліку па блакаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсаў;
-
дэкрыміналізаваць дыфамацыйныя склады злачынстваў;
-
цалкам адмовіцца ад практыкі адвольных затрыманняў журналістаў, у тым ліку падчас асвятлення імі масавых мерапрыемстваў;
-
пры супрацьдзеянні злачынствам на глебе нянавісці не дапускаць адвольных абмежаванняў права на свабоднае выказванне меркавання і кіравацца прынцыпамі, выкладзенымі ў Рабатскім плане дзеянняў, у тым ліку перагледзець вызначэнне панятку "экстрэмізм", каб ліквідаваць магчымасці для яго празмерна шырокага тлумачэння.
Спадзяемся, што ўлады прымуць рэкамендацыі наступнага цыклу Універсальнага перыядычнага агляду і пачнуць рэальна паляпшаць сітуацыю са свабодай слова ў Беларусі.