НЕ - ВАЙНЕ!
3445

Чыноўнікі ці кандыдаты: хто набраў інфармацыйныя балы?

02.10.2015 Крыніца: Марыя Савушкіна для www.baj.by

Кантэнт-аналіз паведамленняў інфармацыйных агенцтваў БелПАН і БелТА за жнівень 2015 года.

Для аналізу паведамленняў інфармацыйных агенцтваў у жніўні аналізавалася інфармацыйная стужка Дзяржаўнага прадпрыемства “Белта. Белорусское телеграфное агенство” і прыватнага інфармацыйнага агенцтва “Беларуская інфармацыйная кампанія БелаПАН”?

Мэта аналізу: выявіць розніцу ў падыходах да асвятлення вылучаных тэмаў у працы незалежнага і дзяржаўнага медыя. Этапы аналізу:

  1. вылучэнне тэмаў,
  2. адбор ключавых словаў,
  3. замеры па ключавым словам праз пошукавыя сістэмы сайтаў інфармацыйных агенцтваў,
  4. апісанне дадзеных,
  5. параўнанне, аналіз, высновы.

Для аналізу інфармацыйных паведамленняў былі вылучаныя наступныя тэмы. Тэмы для адбору ключавых словаў:

  • выбары, кампанія па выбарах прэзідэнта РБ,
  • падрыхтоўка да школьнага сезону, збор дзяцей у школу,
  • жніво, збор ураджаю,
  • спякота, надвор’е, анамальная гарачыня,
  • вызваленне палітвязняў.

Каб пабачыць больш падрабязнае апісанне тэмаў і крытэраў, паводле якіх яны вылучаліся, гл. агляд друкаваных выданняў за жнівень, 2015 “Рэгіянальныя газеты ў жніўні: спёка, выбары, жніво”.

Ключавыя словы

Ключавыя словы выбіраліся па прынцыпу прамой асацыяцыі з тэмай. Таксама ў якасці ключавых словаў былі выбраныя словы-складнікі ўстойлівых выразаў ці словазлучэнняў, якія прынята выкарыстоўваць пры асвятленні выбарнай тэмы. Напрыклад, словазлучэнне “учебный год”, часта выкарыстоўваецца ў інфармацыйных паведамленнях па тэме “Падрыхтоўка да школьнага сезону, збор дзяцей у школу”. Адпаведна, выбрана ключавое слова - “учебный”. Для асвятлення тэмы “Спякота, надвор’е, анамальная гарачыня” у СМІ характэрны выраз “аномально высокая температура”. Ключавымі словамі для замераў па гэтай тэме адпаведна з’яўляюцца “аномально”, “температура” і гд. Такі падыход тлумачыць выкарыстанне ключавых словаў у творным склоне, што выяўляе большыя колькасныя паказчыкі.

Прыведзеныя дадзеныя збіраліся пры дапамозе пошукавай сістэмы сайтаў інфармацыйных агенцтваў БелаПАН і БелТА www.belapan.by і www.belta.by. Часовыя межы - 1-31 жніўня 2015 года. Ключавыя словы выкарыстоўваліся на рускай мове.

 
Тэмы Ключавыя словы БелаПАН БелТА
Выбары, кампанія па выбарах прэзідэнта РБ Лукашенко 295 257
Короткевич 106 21
Улахович 12 14
Гайдукевич 20 15
Выборы 139 233
Ермошина 65 71
Падрыхтоўка да школьнага сезону, збор дзяцей у школу Школа 20 240
Образовани(я) 88 335
Учебный 2 244
Учитель 4 50
Жніво, збор ураджаю Урожай 5 54
Намолот 0 38
Зерновых 6 62
Заготовка 1 18
Спякота, надвор’е, анамальная гарачыня Погода 20 106
Температура 21 97
Аномально 4 20
Вызваленне палітвязняў Политзаключенные(ых) 70 1
Статкевич 65 11(4)*

*Прозвішча “Статкевіч” БелТА ў жніўні ўзгадала 11 разоў, сярод іх 4 згадкі былога палітвязня Мікалая Статкевіча.

Апісанне атрыманых дадзеных

Амаль усе выбраныя ключавыя словы БелТА ў жніўні ўжыла большую колькасць разоў за БелПАН. Выключэннем сталі толькі словы звязаныя з вызваленнем палітвязняў "палітзняволеныя"і "Статкевіч". Толькі па гэтай тэме колькасная розніца на карысць незалежнага агенцтва.

Самы значны разрыў – у выкарыстанні ключавых словаў па тэме “Падрыхтоўка да школьнага сезону, збор дзяцей у школу”. Перавага дзяржаўнага агенцтва ва ўжыванні словаў звязаных з адукацыяй і школай, надзвычай вялікая.

Напрыклад, слова "учебный" БелТА ўжыло ў сто разоў больш за БелаПАН (244 і 2 адпаведна). Словы “школа” і "учитель" БелТА ўжывала ў 10 разоў часцей за незалежнае агенцтва.

Слова "образования" ў жніўні дзяржаўнае інфармагенцтва выкарыстоўвала ў сваіх паведамленнях у тры разы часцей, чым БелаПАН, - зафіксавана 335 згадванняў на БелТА, а гэта значыць амаль 16 разоў кожны працоўны дзень (пры ўмове што ў месяцы 21 працоўны дзень).

Таксама колькасную перавагу БелТА трымае па ўжыванні ключавых словаў па тэме “Жніво, збор ураджаю”. "Погоду" і "температуру" дзяржаўнае інфармагенцтва згадвала прыкладна ў пяць разоў больш за незалежнае.

БелаПАН увогуле ў жніўні не выкарыстоўваў слова "намолот", мала згадваў "урожай" і амаль не пісаў пра "заготовки". Затое, гэтая жнівеньская сезонная лексіка шмат выкарыстоўвалася дзяржаўным інфармагенцтвам.

Выяўленая колькасная розніца ўказвае і на розны слоўны інструментарый, якім карыстаюцца агенцтвы: БелТА актыўна выкарыстоўвае афіцыйную лексіку, прынятую ў мове справаздач і ў тэндэнцыйнай падачы матэрыялаў. БелПАН унікае ўжывання лексікі "штампаў". Магчыма, агенцтва мае свой набор паняткаў, якім карыстаецца пры асвятленні сельскагаспадарчай тэматыкі.

Дадзеныя па ключавых словах, адпаведных выбарчай кампаніі, выявілі наступны інфармацыйны малюнак жніўня. Больш за ўсё БелаПАН згадваў Аляксандра Лукашэнка і ключавое слова “выбары”. Адметна, што ў жніўні незалежнае інфармагенцтва згадала імя дзеючага прэзідэнта больш за дзяржаўнае.

БелТА ў сваіх інфармацыйных паведамленнях выкарыстала ўласнае імя “Лукашэнка” і слова “выбары” аднолькавую колькасць разоў - 257 і 233 разоў адпаведна (застаецца толькі спадзявацца, што дзяржаўнае агенцтва ўжывала гэтыя словы паасобку, а не ў словазлучэнні). Наступнае па колькасці згадванняў - прозвішча старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, затым Таццяны Караткевіч. БелаПАН згадала Т. Караткевіч у 5 разоў больш за БелТА (106 узгадак на БелаПАН і 21 згадка на БелТА). БелТА больш за незалежнае агенцтва спасылалася на Лідзію Ярмошыну, але агульна паказчыкі па згадванні старшыні ЦВК не вельмі адрозніваюцца (БелаПАН - 65, БелТА - 71).

Па колькасці ўзгадванняў на БелТА Лідзія Ярмошына на другім месцы пасля Аляксандра Лукашэнкі. Згадванне кандыдатаў Караткевіч (21), Гайдукевіч (15) і Улаховіч (14) на БелТА маюць амаль роўныя і колькасна нізкія паказчыкі.

Высновы

Сабраныя дадзеныя кажуць, што незалежнае інфармагенцтва амаль не прапанавала сваёй аўдыторыі навінаў на тэму пачатку навучальнага года і школьнага сезона. Тэма ў стужцы БелПАН засталася амаль не заўважанай. У той час як дзяржаўнае агенцтва стварыла цэлы інфармацыйны паток з навінаў пра адукацыю, школу і настаўнікаў. Магчыма, гэта інфармацыя афіцыйнага характару,  - БелТА ўлілася ў дзяржаўны трэнд і ўзмацніла яго сваёй інфармацыйнай падтрымкай. Магчыма, што сваю ролю ва ўвазе да сістэмы адукацыі адыграла і тое, што настаўнікі і сістэма адукацыі маюць вызначальную ролю ў арганізацыі бягучых выбараў: большасць выбарчых участкаў арганізаваныя на базе школ, а супрацоўнікі сістэмы адукацыі, як правіла, з’яўляюцца асновай выбарчых камісій. У гэтым выпадку можна сказаць, што дзяржаўнае інфармагенцтва ў жніўні мэтаскіравана ўзмацніла і забяспечыла інфармацыйнай падтрымкай супольнасць супрацоўнікаў сістэмы адукацыі, - ключавога гульца выбарчага працэсу, ад лаяльнасці якога залежыць арганізацыя выбараў. Ньюсмейкерамі і спажыўцамі гэтай PR-кампаніі, хутчэй за ўсё, былі адны і тыя ж людзі, - дзяржаўныя служачыя і супрацоўнікі дзяржаўнай сістэмы адукацыі.

Абвергнуць дадзеную гіпотэзу магчыма, калі параўнаць сабраныя дадзеныя з падобнымі лічбамі за мінулы год, альбо за любы іншы нявыбарчы год. Калі дадзеныя будуць прыкладна такімі ж, – значыць у празмернай увазе БелТА да сістэмы адукацыі выбары не прычым. Калі наадварот – жнівень 2015 будзе адрознівацца ў бок большай колькасці згаваднняў настаўнікаў і іншых ключавых словаў датычных да працы сістэмы адукацыі, - значыць, фактар уплыву палітычнай кампаніі мае месца.

Адметнымі з’яўляюцца вялікія колькасныя паказчыкі згадвання інфармагенцтвамі галоўнага чыноўніка звязанага з выбарчым працэсам – Лідзіі Ярмошынай і самога слова “выбары”. Гэта гаворыць пра тое, што ў цэнтры інфармацыйнага асвятлення бягучага палітычнага працэсу, не дэбаты, дыскусіі і асобы кандыдатаў, а выбарчыя працэдуры. СМІ актыўна тлумачаць аўдыторыі, што і на якім этапе робіцца ўладай дзеля таго, каб выбары адбыліся. Галоўны ньюсмейкер кампаніі - не кандыдат, а Цэнтрвыбаркам.

Фактычна, усю медыйную сілу, якая павінна рухаць дыскусіі, дэбаты, забяспечваць спаборніцтва ідэй і кандыдатаў, сёння ў Беларусі сканцэнтраваў дзяржаўны камітэт - ЦВК . Замест таго, каб быць проста “арганізатарам”, менеджарам працэсу, установа, надзеленая інструментамі кантролю, пакарання, маніпуляцыі і стымуляцыі выбарчага працэсу. Дадзеныя функцыя ЦВК культывуюцца і ўзмацняюцца праз працу СМІ. Ва ўладзе ўстановы даць большы ці меншы крэдыт даверу кандыдатам, згадванне таго ці іншага прозвішча (патэнцыйнага) кандыдата чыноўнікамі ЦВК уплывае на рэйтынг і вобраз у СМІ, робіць чалавека больш пазнавальным і папулярным. СМІ з задавальненнем цытуюць дзяржаўных служачых, магчыма таму, што гэта самая бяспечная пазіцыя ў асвятленні бягучай выбарчай кампаніі.

Такім чынам, асоба, якая набрала больш за ўсё інфармацыйных балаў у жніўні, гэта старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. У СМІ яна з’яўляецца там, дзе павінны былі б з’яўляцца кандыдаты. Чыноўнік – галоўны медыягерой выбарчай кампаніі. Менавіта асоба Лідзіі Ярмошынай актыўна, з вельмі вялікай дынамікай акумулюе ўвагу аўдыторыі, што надае ёй сур’ёзную вагу, як публічнай асобе.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!