823

Чым адметныя журналісткі Tut.by Вольга Лойка і Алена Талкачова, якіх затрымаў ДФР

19.05.2021 Крыніца: NN.BY

Пасля ўчорашніх вобшукаў 11 супрацоўнікаў партала Tut.by знаходзяцца за кратамі. Кіраўніцтва, бухгалтары, журналісты… Сярод іх галоўны рэдактар палітыка-эканамічнага блока навін Вольга Лойка і журналістка Алена Талкачова. 

«Чыноўнікі і бізнэсмены да яе прыслухоўваюцца»

Вольга Лойка з Мінска. У яе тры — тры — вышэйшыя адукацыі. Яна вывучала журналістыку ў БДУ, маркетынг у БДЭУ, пасля чаго, як сама пісала, давялося звярнуцца ў брытанскі ўніверсітэт, каб вярнуць веру ў вышэйшую адукацыю. У Оксфардзе Вольга асвойвала спецыяльнасць «эканамічная журналістыка».

З уражанняў, якія пакінула Брытанія, — універсітэцкая бібліятэка, павага да традыцый і дысконт-вёска з крамамі вядомых марак.

Журналістка працавала ў інфармацыйных агенцтвах «Інтэрфакс» і «Прайм-Тасс». Да каманды Tut.by далучылася ў 2009 годзе. Яна курыруе блок навін пра палітыку і эканоміку, піша калонкі, вядзе разам з Сяргеем Чалым перадачу «Эканоміка на пальцах».

«У Вольгі аналітычны склад розуму — яна ўзважвае інфармацыю, супастаўляе лічбы. У яе калонках, якія збіраюць дастаткова шмат праглядаў, спалучаюцца факты з эмоцыямі. Яна можа спакойна гутарыць і з высокім чыноўнікам, і з буйным бізнэсменам — і яны да яе прыслухоўваюцца», — адзначаюць калегі.

«Воля — чалавек неабыякавы. Журналістыка — гэта яе пакліканне. Яна жыве праблемамі героя, стараецца іх данесці. У яе адсутнічае класавая непрыязнасць. І, напэўна, людзі гэта адчуваюць. Мне шмат герояў яе артыкулаў пазванілі і напісалі пасля затрымання», — дзеліцца сястра Марыя.

Свабодны ад навінаў час у Вольгі займаюць падарожжы. Ёй падабаецца шпацыраваць па старых вулачках Еўропы. З любімых гарадоў — Парыж і Калінінград. 

«Паездкі ў Калінінградскую вобласць — гэта наша сямейнае. Месца сілы, можна сказаць. Калісьці бацькі пазнаёміліся з мясцовымі і ў цяжкі савецкі час абменьваліся пасылкамі. Адны перадавалі ежу, другія — рэчы. Гэта суровае, але прыцягальнае месца. Халоднае мора, хвалі, паруснік «Крузенштэрн», — расказвае Вольжына сястра.

Журналістка наогул любіць пешыя шпацыры з музыкай у вушах. Прайсці 4—7 кіламетраў у дзень — норма для яе. Вольга добра гатуе. Асабліва ёй удаецца выпечка: кажуць, яе плюшкі на дражджавым цесце з маслам — смакоцце.

Вольга шмат чытае. Сястра згадвае, што ў дзяцінстве яны былі фанатамі Булычова, Крапівіна і Стругацкіх. 

 «Нас бацька выхоўваў на паэме Канстанціна Сіманава «Сын артылерыста». Там была такая фраза: «Держись, мой мальчик: на свете два раза не умирать». Упэўнена, Вольга трымаецца нармальна. Яна бачыла, што адбываецца з яе калегамі. Усе ідуць на гэтую рызыку і яе прымаюць».

«Думаю, тыя, хто забраў Волю, яшчэ пашкадуюць пра гэта. Яна вельмі разумная і сумленная, і не баіцца казаць праўду. У ёй шмат годнасці. Я не сумняюся — Воля гэтыя допыты перажыве, а ці перажывуць яны? — кажа яе былая калега Яўгенія Беразюк. — Мы чатыры гады працавалі разам, і мне заўсёды было важна, што яна думае. Я першы раз яе пабачыла ў лесе, на раскладным крэсліцы з ноўтбукам. Ва усіх карпаратыў, а ў яе — дзяжурства, І яна заўсёды такая. Трэба папрацаваць на Новы год, падмяніць кагосьці — не пытанне, пайсці напісаць рэпартаж з мітынгу, з выбараў — Воля проста апранала камізэльку Tut.by і ішла.

Калі знікла святло ў канцы тунэля, накаціла хандра — усе ідуць да Волі. Яна і пра эканоміку раскажа, і пра тое, якое цяпер неба над яе любімым Парыжам. А галоўнае, у ёй шмат веры ў тое, што ўсё будзе добра.

Волю чытаюць і ведаюць усе — чыноўнікі, эканамісты, бізнэсмены, але самыя яе вялікія фанаты — дзяржаўныя журналісты. Калісьці яны назвалі яе «жанчынай, зручнай у побыце», але для іх, як і для ўсёй сістэмы, яна якраз вельмі нязручная. Занадта праўдзівая, празмерна аптымістычная, вельмі моцная духам».

«Калі затрымалі яе калегу, яна начавала пад РУУС»

Алена Талкачова — выпускніца Інстытута журналістыкі БДУ. Працавала ў «Камсамольскай праўдзе», на Tut.by — з 2014 года. Спачатку пісала пра нерухомасць, а пасля перайшла ў раздзел «Грошы і ўлада».

«Яна цудоўны чалавек і выдатны прафесіянал — у яе вельмі шырокае кола кантактаў. Яна часта давала інфармацыю першая, на прэс-канферэнцыях задавала вострыя пытанні, ставіла дзяржаўных асоб у няёмкае становішча. Мяне яна натхняе, гэта прыклад, як трэба працаваць», — кажа журналістка Аляксандра Багуслаўская.

Алена шмат працавала падчас выбарчай кампаніі, асвятляла акцыі пратэстаў.

«Яна стойкая, моцны чалавек. І можа быць надзвычай саркастычнай — з'едлівай, вострай на язык, але ў тэму. Нягледзячы на тое, што яна выглядае такой жорсткай (памятаю, пабойвалася да яе падысці), Лена спагадлівы чалавек. Яна добрая, заўсёды дапаможа. Калі затрымалі яе калегу, яна начавала пад РУУС, казала, што не зможа спаць спакойна дома ў сваім ложку».

Дома ў журналісткі жыве сабака — ангельская кокер-спаніэль Тоні Старк. Лена завяла шчанюка ў лістападзе. Сябры кажуць, што яна даўно хацела сабаку, думала, зрабіць сабе такі падарунак яшчэ на дзень народзінаў летам, але ўсё адкладала — маўляў, пасля выбараў, можа, будзе больш адпаведны час.

«Мне здаецца, сабака стаў аддушынай для яе. Тоні вельмі актыўная, гуллівая — Лена гуляе з ёй па некалькі гадзін на дзень. У сабакі ёсць нават свой інстаграм», — усміхаецца Аляксандра.

«Лена для мяне — прыклад сілы і трываласці, — дадае сяброўка Алеся Шэлепнева. — Апошнія некалькі год яна актыўна займаецца спортам — бег, трэнажорная зала. Гэта той чалавек, які заўсёды з сабой бярэ красоўкі. Памятаю, як мы разам паехала ў адпачынак, і здавалася б: ляжы сабе ранкам, балдзей, ні пра што не думай. Але Лена надзявае красоўкі, пераконвае мяне зрабіць тое ж самае, і мы бяжым.

Аднойчы мы адправіліся вялікай кампаніяй у пешы паход па Лікійскай сцежцы ў Турцыі, сем дзён ішлі па гарах. Мы былі ў шоку ад нагрузкі і ад таго, у што ўвязаліся. Але праз пару дзён Лена ішла першая, абганяючы інструктара. Дагэтуль успамінаем гэтую паездку як найлепшыя прыгоды.

Нядаўна спытала яе, ці пайшла б яна са мной скараць Эльбрус. Што магла адказаць Лена? Канечне, пойдзем!

Тыдзень таму мы разам гулялі ў сквош і вырашылі, што раз на тыдзень трэба абавязкова разам выбірацца на трэніроўку. Веру, што вельмі хутка паўторым».

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!