517 0

Чаму незалежныя журналісты пачалі ўяўляць вялікую небясьпеку для беларускіх уладаў?

14.03.2017 Крыніца: Валер Карбалевіч, "Радыё Свабода"

12 сакавіка падчас акцыяў пратэсту было затрымана 19 журналістаў і блогераў. У чым пагроза для ўладаў ад незалежных мэдыяў? Якую ролю яны выконваюць падчас вулічных акцыяў? Якія палітычныя наступствы будзе мець перасьлед незалежных журналістаў?

Суд над удзельнікамі акцыі недармаедаў і журналістамі ў Воршы. На фота - Галіна Абакунчык, журналістка Радыё Свабода

Удзельнікі: старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец і кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

Хто даў загад паляваць на журналістаў?

Валер Карбалевіч: «У нядзелю, 12 сакавіка, да і пасьля вулічных акцыяў пратэсту былі затрыманыя 19 журналістаў і блогераў. Сярод іх — журналісты Радыё Свабода, БелаПАН, газэты „Наша Ніва“, парталу TUT.by, тэлеканалу „Белсат“. Большасьць зь іх адпусьцілі празь некалькі гадзін, а некаторых судзілі. Напрыклад, у Воршы судзілі журналістку нашага радыё Галіну Абакунчык, а таксама журналістку „Белсату“ Кацярыну Бахвалаву, фрылансэра зь Віцебску Віктара Андрэева. Яны правялі ноч у ізалятары часовага ўтрыманьня, ім прысудзілі штрафы. Такога ў Беларусі не было ўжо шмат гадоў.

Што гэта азначае? Пачалося санкцыянаванае зьверху паляваньне на журналістаў? Ці гэта перагібы на месцах?»

Андрэй Бастунец: «Ня думаю, што гэта перагібы на месцах. Бо 12.03 адбываліся затрыманьні журналістаў адразу ў чатырох гарадах. Гэта сьведчыць пра тое, што яны былі санкцыянаваныя зьверху».

Аляксандар Класкоўскі: «Калі казаць пра Воршу, то я дапускаю, што там даў пра сябе знаць імпэт мясцовых служакаў. Але вось такі факт. Журналістку парталу Naviny.by Адарʼю Гуштын, так бы мовіць, „вялі“, калі яна яшчэ ехала ў цягніку. То бок гэта былі, відавочна, не мясцовыя міліцыянты.

А ўвогуле ўся краіна бачыла тую нараду 9 сакавіка, падчас якой Лукашэнка аддаў палітычны загад нэўтралізоўваць усіх „правакатараў“. Выглядае, што незалежных журналістаў і палічылі такімі правакатарамі. Бо яны ў рэжыме рэальнага часу перадавалі інфармацыю пра гэтыя падзеі і, такім чынам, пашыралі рэзананс ад акцыяў пратэсту».

У чым пагроза для ўладаў ад незалежных мэдыяў?

Карбалевіч: «Нагадаю, што падчас той нарады 9 сакавіка Лукашэнка даў даручэньне кіраўніку адміністрацыі прэзыдэнта Натальлі Качанавай „разабрацца з СМІ“. Так і разьбіраюцца.

Вось якраз у працяг апошняй думкі сп. Класкоўскага. Чаму раптам прафэсія журналіста ў Беларусі стала такой жа небясьпечнай, нават больш, чым апазыцыйная дзейнасьць? У чым небясьпека незалежных мэдыяў? Можа, у тым, што онлайн-рэпартажы ў інтэрнэце выклікалі надзвычайную цікавасьць грамадзтва? Іх глядзяць сотні тысяч людзей».

Бастунец: «Не сказаў бы, што гэта „раптам“. Як толькі ўзрастае напружанасьць у грамадзтве, зьяўляюцца публічныя пратэсты, то адразу ўзрастае ціск на журналістаў.

Нагадаю, што самым крытычным годам у беларускай журналістыцы быў 2011 год. Тады падчас „маўклівых“ акцыяў затрымлівалі за дзень 10–20 журналістаў.

Потым апошнія гады ў грамадзтве была пэўная апатыя, вулічныя выступы пратэсту мелі маргінальны характар, і такога ціску на журналістаў не адбывалася.

А цяпер, калі пачаліся шырокія пратэсты, то ўлады імкнуцца перашкодзіць журналістам даваць інфармацыю зь месцаў падзеяў. Перасьлед працягваецца, вось цяпер падчас запісу нашай перадачы з розных гарадоў прыходзіць інфармацыя пра новыя прысуды блогерам, фрылансэрам».

Класкоўскі: «Па вялікім рахунку, незалежныя мэдыі — гэта вораг любога недэмакратычнага рэжыму. І нават у дэмакратычных краінах спрабуюць „наяжджаць“ на СМІ. Іншая справа, што там ёсьць моцныя абмежаваньні, якія стрымліваюць перасьлед мэдыяў з боку ўладаў.

А ў Беларусі існуюць даўнія традыцыі змаганьня зь незалежнымі СМІ. Тэхнічны ж прагрэс зрабіў мэдыі яшчэ больш небясьпечнымі для ўладаў. Раней, яшчэ да інтэрнэту, калі назаўтра пасьля падзеі газэта напіша, то эмоцыі ўжо астынуць. А сёньня ідуць онлайнавыя рэпартажы, і тыя месцы, дзе знаходзяцца журналісты, становяцца нават цэнтрамі групаваньня пратэстоўцаў. Асабліва гэта стала заўважна, калі ўлады затрымалі лідэраў пратэсту. У выніку людзі ў Бабруйску, Пінску падыходзілі да абʼектываў, мікрафонаў і выказваліся. І высьветлілася, што для ўладаў гэта дадатковая небясьпека. Бо гэтыя эмацыйныя, непрычасаныя, нецэнзураваныя выказваньні бачыць уся краіна. Людзі бэсьцяць уладу ў хвост і ў грыву. Таму ўлады вырашылі біць па мэдыях.

І яшчэ адзін момант. Спэцыфіка працы сілавікоў такая, што яны ня хочуць засьвечваць свае фэйсы. А тэлекамэры незалежных мэдыяў іх паказваюць. Таму тут яшчэ і такая каставая, прафэсійная помста».

Гэта канец лібэралізацыі?

Карбалевіч: «Якія палітычныя наступствы можа мець затрыманьне журналістаў? Бо стаўленьне да незалежных мэдыяў стала пэўным маркерам. Вось, сп. Бастунец, вы сказалі, што гэта ня новая зьява, такое было і раней. Але ж апошнія два гады ў Беларусі праводзілася такая касмэтычная лібэралізацыя, калі падчас вулічных акцыяў увогуле нікога не затрымлівалі. Дык гэта канец такой лібэралізацыі?»

Бастунец: «Гэтая лібэралізацыя сапраўды мела касмэтычны характар. Напрыклад, у сфэры заканадаўчага рэгуляваньня СМІ сытуацыя толькі пагаршалася. Але, сапраўды, рэпрэсіі супраць мэдыяў зьменшыліся. За мінулы год было толькі 13 выпадкаў затрыманьня журналістаў. А тут за адзін дзень 12 сакавіка гэтая лічба была перавышана ў паўтара раза. Але толькі пасьля 15 і 25 сакавіка мы атрымаем адказ, ці скончылася лібэралізацыя ў Беларусі».

Класкоўскі: «Думаю, цяпер там на вярхах ідзе дыскусія паміж чыноўнікамі, якія выступаюць за мякчэйшы падыход, і «ястрабамі». Бо вось учора прылятае ў Менск нямецкі міністар — і кіраўнік беларускага МЗС Макей павінен круціцца, каб патлумачыць гэтыя рэпрэсіі.

Думаю, што пакуль усё ж улады імкнуцца палку не перагінаць. Ну, так, як яны гэта разумеюць — стараюцца дазаваць рэпрэсіі. Глядзіце, прафэсійных журналістаў стараюцца не садзіць. Калі не лічыць таго, што Галіна Абакунчык і Кацярына Бахвалава правялі ноч у пастарунку, але потым ім далі толькі штраф.

А вось блогераў саджаюць на суткі. Бо яны, з гледзішча ўладаў, не сапраўдныя журналісты, ім лягчэй «прышыць» тое, што яны ўдзельнічаюць у несанкцыянаваных акцыях.

Думаю, улады спадзяюцца, што яны трымаюць сытуацыю пад кантролем, што хутка сабʼюць гэтую хвалю пратэсту. Маўляў, да лета трэба неяк перакантавацца. А там людзі разьедуцца па гародах і лецішчах.

Як паўплываюць рэпрэсіі супраць журналістаў на працэс нармалізацыі адносін Беларусі з Захадам?

Карбалевіч: «Як гэта паўплывае на працэс нармалізацыі адносін Беларусі з Захадам? Ці азначае гэта, што, як вечарам 19 сьнежня 2010 году, улады, апынуўшыся перад нялёгкім выбарам, махнулі рукой на адносіны з Захадам і ўключылі рэпрэсіі? Бо ўладам жа вядома, што стаўленьне да свабоды СМІ на Захадзе вельмі пільнае. Рэпрэсіі супраць журналістаў там успрымаюцца, можа, нават больш нэгатыўна, чым рэпрэсіі супраць апазыцыі. Вось затрымалі і судзілі журналістку нашага радыё Галіну Абакунчык. А вынік перамоваў з МВФ аб крэдыце моцна залежыць ад пазыцыі ЗША.

І ўжо ёсьць рэакцыя з боку афіцыйных прадстаўнікоў і ЭЗ, і нямецкага дзяржаўнага міністра МЗС, і ЗША, і міжнародных праваабарончых арганізацыяў. Дык гэта канец нармалізацыі адносін з Захадам? І што далей? Паварот у бок Расеі?»

Класкоўскі: «ЭЗ мае інэрцыю. Працэс увядзеньня санкцыяў там адбываецца доўга. У ЭЗ нямала палітыкаў і функцыянэраў паставілі на разрадку ў дачыненьнях зь Менскам. А беларускія дыпляматы тлумачаць заходнікам, што вось тут разгойдваюць лодку, вам не патрэбен яшчэ адзін Майдан, яшчэ адзін галаўны боль, а тут яшчэ Пуцін на танку можа прыехаць. Магчыма, на частку эўрапейскіх палітыкаў гэтыя страшылкі працуюць.

А ступень рэпрэсіяў супраць журналістаў будзе залежаць ад ступені фобіяў уладаў, ад таго, ці моцна ўлады будуць адчуваць небясьпеку. І чым больш яны будуць бачыць для сябе небясьпеку, тым больш будуць „вінціць“ журналістаў, нягледзячы ні на Захад, ні на што. Інстынкт захаваньня ўлады для існага рэжыму на першым месцы».

Бастунец: «Мы робім усё, каб спыніць рэпрэсіі супраць журналістаў. Думаю, сытуацыя цяпер на шалях. У бліжэйшыя тыдзень-другі мы пабачым, што пераважыць».

Рэпрэсіі супраць журналістаў у Беларусі ў 2017 годзе (Табліца, абнаўляецца)

Заява ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" у сувязі з затрыманнямі журналістаў 12 сакавіка і судовымі працэсамі над імі

Каментары