342 0

Будслаўскі фэст — у спісе UNESCO. Што гэта значыць і як пісаць пра нематэрыяльную культурную спадчыну

03.12.2018 Крыніца: Алена Ляшкевіч для Baj.by

Будслаўскі фэст унесены UNESCO ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва. 28 лістапада рашэнне было зацверджана на паседжанні Міжурадавага камітэта экспертаў. Што важна журналістам ведаць пра Будслаўскі  фэст і нематэрыяльную культурную спадчыну наогул?

Будслаўскі фэст. 2014 г. Фота з Інвентара нематэрыяльнай культурнай спадчыны

Фэст — адзін са складнікаў ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай, які захоўваецца ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі вёскі Будслаў Мядзельскага раёна. Абраз славіцца цудамі, а Будслаў вядомы як месца яўлення Дзевы Марыі, якое, па легендзе, адбылося 2 ліпеня 1588 г.

Абраз Маці Божай Будслаўскай з’яўляецца святыняй для вернікаў каталіцкай і праваслаўнай канфесій у Беларусі і за яе межамі.

Будслаўскі фэст адбываецца штогод у першыя выходныя ліпеня. З’язджаюцца, як правіла, усе іерархі (кардыналы і біскупы), вялікая колькасць святароў (ксяндзы) і прадстаўнікі манаскіх ордэнаў каталіцкай царквы Беларусі. Удзельнічаюць таксама прадстаўнікі грэка-каталіцкага (уніяцкага) духавенства.

Будслаўскі фэст. 2014 г. Фота з Інвентара нематэрыяльнай культурнай спадчыны

Вернікі дабіраюцца на фэст па чыгунцы, на асабістым транспарце, аўтобусамі, якія арганізоўваюць прыходы, па вадзе (на байдарках), на роварах. Усіх гэтых людзей завуць паломнікамі (пілігрымамі).

Найвялікшай павагай карыстаюцца вернікі, якія шлях у Будслаў пераадольваюць пешшу.

Сярод паломнікаў — католікі, уніяты і праваслаўныя з Беларусі, Расіі, Літвы, Польшчы, Славеніі, Украіны, Італіі. Да традыцыі ўшанавання абраза Маці Божай Будслаўскай вернікі далучаюцца праз сям’ю ці царкоўныя суполкі. Нягледзячы на тое, што абраз вызнаюць святыняй хрысціяне ўсіх канфесій, у масавай свядомасці Будслаўскі фэст успрымаецца пераважна як каталіцкае свята. Насцярожанае стаўленне праваслаўнай царквы да католікаў замінае масаваму паломніцтву праваслаўных у Будслаў.

Касцёл у Будславе. 2006 г. Фота Алены Ляшкевіч

Будслаў з’яўляецца галоўным аб’ектам паломніцтва католікаў Беларусі.

У краіне існуюць некалькі епархіяльных санктуарыяў (храмаў, шанаваных у межах буйнай царкоўна-адміністрацыйнай адзінкі — епархіі), а нацыянальны санктуарый адзін — Будслаўскі.

Яго наведваюць не толькі ў дні фэста. Будынак касцёла мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі і з’яўляецца не толькі аб’ектам паломніцтва вернікаў, але і важнай кропкай турыстычных маршрутаў.

Праграма фэста ўлучае сустрэчу і прывітанне паломнікаў святарамі, імшы, якія ідуць адна за адной, начную працэсію са свечкамі, моладзевае малітоўнае чуванне і інш. Асвячаецца будслаўская вада, якой надаюць вялікае значэнне ў аздараўленні хворых.

Цудамі славіўся не толькі абраз Маці Божай Будслаўскай, што захоўваўся ў самім Будславе, але і абразы з іншых касцёлаў, пераважна ордэна бернардынаў. Яны мелі кляштар у Будславе да 1859 г. і вярнуліся туды ў 1996 г. Культ абраза Маці Божай Будслаўскай атрымаў шырокае распаўсюджанне ў Беларусі ў XVII-XVIII стст., з другой паловы ХІХ стагоддзя насіў лакальны характар, а ў наш час абраз шануецца нават у суседніх краінах.

 

Спісы UNESCO вядуцца ў адпаведнасці з Канвенцыяй аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, прынятай у 2003 годзе і ратыфікаванай Беларуссю ў 2005-м.

Дзейнічае Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва і Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якой патрабуецца тэрміновая ахова.

Будслаўскі фэст — першы элемент ад Беларусі, што трапіў у Рэпрэзентатыўны спіс.

У Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якой патрабуецца тэрміновая ахова, унесены абрад "Калядныя цары" вёскі Семежава Капыльскага раёна. Туды ж прапанаваны абрад "Юраўскі карагод", што праходзіць 6 траўня ў вёсцы Пагост (Жыткавіцкі раён). Дакументы будуць разгледжаны ў снежні 2019 года падчас сесіі Міжурадавага Камітэта UNESCO.

Юраўскі карагод ў Пагосце (Жыткавіцкі раён, Гомельская вобласць)

На Юр’е гомельскія журналісты “адмыкалі зямліцу” ў вёсцы Пагост

Абавязковай умовай для разгляду элемента ў UNESCO з’яўляецца яго ўнясенне ў Нацыянальны інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны. На сённяшні дзень у гэтым інвентары — 71 элемент.

Адпаведна Канвенцыі 2003 года нематэрыяльная культурная спадчына (НКС) — гэта звычаі, формы выражэння, веды і вопыт, а таксама звязаныя з імі інструменты, артэфакты, прадметы і культурная прастора, якія прызнаюцца супольнасцямі ў якасці іх культурнай спадчыны.

У тэрміналогіі Канвенцыі кажуць “элемент НКС”. Слова “аб’ект” выкарыстоўваецца для архітэктурных і прыродных каштоўнасцей, у дачыненні да НКС гэта будзе памылкай. Элементам нематэрыяльнай культурнай спадчыны могуць быць звычаі, абрады, святы, вусныя формы выражэння, выканальніцкія мастацтвы, веды і вопыт, звязаныя з традыцыйнымі рамёствамі, народнай медыцынай, гатаваннем традыцыйнай ежы, адносіны людзей да свету і прыроды.

Некалькі карысных парадаў для журналістаў, што пішуць пра нематэрыяльную культурную  спадчыну:

Спраўджвайце інфармацыю! Калі Вы не прыхільнік псеўдафальклорнага мастацтва, то, каб не змарнаваць час на другасныя/сцэнічныя/узятыя з кніжак формы, лепш перад выездам патэлефанаваць на месца і ўдакладніць. Ключавыя фразы: “Ці рабілі ў вас так даўней?”; “Ці ёсць старыя людзі, якія могуць распавесці пра…?”

Звяртайцеся да экспертаў! НДА Студэнцкае этнаграфічнае таварыства акрэдытавана UNESCO як арганізацыя-эксперт па НКС. Шукайце кансультантаў таксама ў навуковых, культурніцкіх і адукацыйных установах, не забывайцеся на мясцовых краязнаўцаў. Урэшце можна напісаць аўтарцы артыкула ў сацсетках ці на пошту alena.leshkevich@ethno.by.

Пільнуйцеся тэрміналогіі! “Элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны” — для любой з’явы, што падпадае пад азначэнне НКС, прынятай ці не прынятай пад ахову дзяржавы. “Нематэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць Рэспублікі Беларусь” — для элементаў, унесенных у Інвентар НКС, у выпадку, калі трэба падкрэсліць іх “афіцыйны” статус.

Калі пішаце пра рамёствы, то не “паясы”, “вышыўка”, “ганчарныя вырабы”, “выцінанкі”, “музычныя інструменты”, а “тэхналогія ткацтва паясоў”, “прыёмы вышыўкі”, “ганчарства”, “мастацтва выразання з паперы”, “майстэрства вырабу музычных інструментаў” — пазначаюць не матэрыяльнае ўвасабленне, а элемент НКС.

 Перанос свячы ў Вяляцічах (Барысаўскі раён, Мінская вобл.), 2012 г. Фота Алены Ляшкевіч

Амаль па ўсёй Беларусі, але найбольш ва ўсходняй частцы, сустракаюцца абрады пераносу свячы. “Свячой” завецца як сам абрад, так і комплекс рытуальных прадметаў, што складаеца са свечкі, абраза і часам дадатковых атрыбутаў. Абраз, калі ён пераносіцца ці даўней пераносіўся, можа таксама звацца “свячой”.

“Свечка” — гэта ўласна выраб з воску, што гарыць. У гэтым кантэксце “свяча” — больш шырокае паняцце, чым “свечка”, імкніцеся не блытаць.