915 0

БТ уключыў — і тэмаў на месяц. Алесь Пілецкі расказаў, як піша #давайпака

10.08.2017 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Беларускі журналіст Алесь Пілецкі некалькі год збірае сотні лайкаў у Facebook пад трапнымі гумарэскамі пра Аляксандра Рыгоравіча, а таксама пад фішкай новага сезону — казачкамі. Алесь расказаў, як атрымліваецца пісаць актуальныя, смешныя гісторыі, і ці не баіцца ён жартаваць з улады.

— Алесь, што цябе натхніла пачаць пісаць #давайпака?

— Ну вось ізноў гэтае дурацкае пытанне. Вось што можа натхніць? Жанчына? Ці мужчына? Не ведаю я, што мяне натхніла. Шмат пішу рознага ўсякага. Аднойчы гады два таму захацелася паспрабаваць пісаць дыялогі. Падалося, што праз іх цікавей будзе апісваць той дурдом, які ў краіне адбываецца. Ну, і весялей, да.

У нас жа такія тыпажы ў краіне. БТ вечарам уключыў і тэмаў на месяц наперад. Так што нішто мяне не натхняла.Хутчэй ныццё надакучыла, сур’ёзнасць гэтая. Адкрыеш які сайт, там пяць разумных тэкстаў на 10 тысяч знакаў кожны. З грунтоўным аналізам сітуацыі. Пачытаеш і яшчэ менш разумееш, чым раней.

 

— А казачкі?

— Казачкі – гэта пабочны прадукт. Зімой мне надакучыла #давайпака пісаць, вырашыў нешта новае прыдумаць. Але яны не вельмі атрымліваюцца і заходзяць.

— Адкуль бярэш сюжэты?

— Са стужак інфармацыйных агенцтваў і з Facebook. Мы з вамі жывем у кнізе Льюіса Кэрала, калі нехта яшчэ не заўважыў. Навокал столькі казачнага ідыятызму і абсурду, што сядай і запісвай. Нават прыдумляць нічога не трэба, усё на паверхні. Залаты час для сарказму. Лепш у ім не жыць, праўда. Але каб пасты ў Facebook пісаць — самае тое.

 

— Спецыяльна сядзіш і думаеш, пра што напісаць? Ці хутка пішуцца гумарэскі?

— Ніколі не сяджу. Калі сесці і спецыяльна нешта пісаць, лайно атрымаецца. Тэксты самі ў галаву прыходзяць. З нейкага ўрыўку размовы, з нейкай гісторыі. Часам прыдумваю, пакуль у метро еду.

Я ж журналіст, хоць зараз і не працую стала ў штаце нідзе. Дзесяць гадоў досведу дазваляюць разумець, якая тэма людзям цікавая, а якая не. Што зойдзе, а што праваліцца.

— Ці раішся з кімсьці, ці паказваеш камусьці перад запускам?

— Не. Адзін раз, здаецца, з былым калегам Змітром Лукашуком раіўся. Але гэта было выключэнне.

Ніхто не ведае, аб чым я напішу і як. Яшчэ бывала, што людзі мяне ў каментах ці ў паведамленнях прасілі аб нечым напісаць. Але я звычайна ігнарую. Праўда, некалькі разоў усё ж пісаў па просьбе, выходзіла нядрэнна.

— Не баішся жартаваць пра першую асобу?

— Слухайце, калі мы ўжо жартаваць будзем баяцца, то можа адразу лепш у Нарвегію з’ехаць клубніцы збіраць? Я журналіст, калі я буду баяцца пажартаваць з уладаў у сваім Facebook, то гэта адразу прафесійная непрыдатнасць. Мы працуем, каб на любы крок кіраўніцтва краіны рэагаваць, мы ж "вартавыя сабакі". Крычаць мусім аб усім, любым парушэнні. Ва ўсе званы біць. А вы пытаецеся, ці я жартаваць не баюся.

Што мне можна зрабіць? У турму пасадзіць? Ну пасадзяць, ну выйду, напішу новы выпуск. Збяру замест тысячы лайкаў, дзесяць тысяч. Каму гэта трэба? Нікому. Троляў у сацсетках эфектыўней і прасцей проста ігнараваць. Мяркую, улады гэта выдатна разумеюць.

 

—  Чыноўнікі ведаюць? Не перашкаджае журналісцкай працы?

— Не ведаю, ці чытаюць мяне чыноўнікі. Верагодна, нехта чытае. Я не сачыў. А вось у працы раней перашкаджала крыху. Бо некаму звоніш, прадстаўляешся, а там адразу “давайпака, давайпака”. А мне трэба з чалавекам пра сур’ёзную справу пагаварыць. Хаця, з іншага боку, вядомасць у сацсетках цяпер журналістам жыццё аблягчае. Так што пішыце больш і цікавей.

— Ці выйдзе кніжка?

— Не. Таксама надакучыла тлумачыць, чаму. Цяпер папяровая кніга — прадукт не для ўсіх і не для ўсяго. Чалавек кнігу набывае, каб засяродзіцца, падумаць над добрым разумным і прыгожым тэкстам, каб асалоду атрымаць эстэтычную. А з давайпака якая асалода і эстэтыка? Гэта ўсё толькі ў Facebook успрымаецца. Вырві з кантэксту і ніякага сэнсу. Так што не будзе кнігі.

— Ці ёсць нейкія ужо гатовыя сюжэты, якія чакаюць свайго часу?

— Ёсць. Адзін гатовы ёсць, але пакуль не раскажу. Скажу толькі, што мне самому смешна ад гэтага дыялогу...

Фота з Facebook Алеся Пілецкага

Каментары