653 0

Бляск і галеча з глянцам і без. Як выглядалі беларускія часопісы ў 1990 — 2000 гадах

03.10.2018 Крыніца: Павел Дарохін для baj.by

Дызайн часопіса — справа не менш важная, чым ягоны змест. Ва ўспрыманні інфармацыі, нярэдка падсвядомым, вялікую ролю грае візуальная частка. І цяпер, калі выглядае, што зорны час папяровых часопісаў мінуў, мы лёгка можам пазнаць тое ці іншае інтэрнэт-выданне, нават калі з яго прыбраць усе тэксты.

Беларускія часопісы гартаў сябра Саюзу дызайнераў Беларусі Павел Дарохін.

Дызайн часопіса — гэта не толькі малюнак на вокладцы, гэта фірмовы стыль, выбар тыпаграфікі,  фотамастацтва. Нярэдка, ключавую ролю грае вёрстка: тэхнічная задача пераўтвараецца тут у сапраўднае мастацтва кампазіцыі. Натуральна, немагчыма распавесці ўсю стракатую гісторыю больш чым паўсотні выданняў за тры дзесяткі год на трох старонках, але найбольш красамоўныя моманты варта адзначыць. Вядома, гісторыя беларускіх часопісаў даўжэйшая за 30 год, адзін толькі міжваенны дызайн варты размовы, але не пра яго цяпер.

30 год таму, падчас Перабудовы, адбыўся зорны час часопісаў, калі з аднаго боку яны ўсё яшчэ субсідаваліся дзяржавай, плюс з'явілася нейкая камерцыйная рэклама, але разам з тым абвешчаная галоснасць дазваляла шматлікія эксперыменты як са зместам, так і з формай. Вядома, усё залежыла ад рэдакцыйнай палітыкі часопіса і ад таленту аўтараў. Некаторыя з іх праз варункі лёсу канцэнтравалі вакол сябе сапраўдныя dream team.

У часопісе "Крыніца" мастацкімі рэдактарамі былі С. Філіпаў і К. Вашчанка, часопіс нярэдка аздабляў вокладку працамі тагачасных актуальных мастакоў, вераснёўскі ж нумар за 1991 год выйшаў у мінімалістычным бел-чырвона-белым вырашэнні. У многія нумары ўшывалі  постэры тагачасных папулярных гуртоў. Часопіс багата аздабляўся фатаграфіямі,  ілюстрацыямі.

 

Вядомы на ўвесь СССР моладзевы “Парус” (мастацкі рэдактар — С. Сцельмашонак) у якасці асноўнага выяўленчага сродку таксама выкарыстоўваў эфектныя фотаздымкі, звязаныя з тэматыкай нумара, але меліся і графічныя ўстаўкі ў папулярнай тады манеры “дзіцячага малюнка”.

У часопісе “Бярозка” вёў рэй малады графік і ўжо вядомы плакатыст Міхал Анемпадыстаў, куды яго запрасіў Адам Глобус. Стылізаваныя ілюстрацыі Анемпадыстава на той момант вызначылі фірмовы стыль “Бярозкі”.

Міхал Анемпадыстаў афармляў і вокладкі часопіса "Маладосць".

 

Першыя самвыдатаўскія часопісы, у асноўным праз тэхнічныя абмежаванні, звычайна абыходзіліся тыпаграфікай або чорна-белай ілюстрацыяй, як у полацкага “Ксэракса беларускага”. Самвыдатаўскі магілёўскі “Окорок”, прысвечаны рок-музыцы і скіраваны на ўвесь СССР, упрыгожваўся карыкатурамі ды панкаўскай хаатычнай вёрсткай.

Прастытуцыя і галоснасць: карыкатура ў беларускіх СМІ ў часы Перабудовы

10 беларускіх плакатаў да 8 сакавіка: жанчына з работніцы ператвараецца ў прыгажуню

Міхал Анемпадыстаў: Я люблю Беларусь збольшага не за штосьці, а насуперак

У найбольш прасунутых часопісах стрыманы “інтэрнацыянальны” стыль пачаў разбурацца інвазіяй новых падыходаў у графічным дызайне — постмадэрнізма, панка, стыля “мемфіс” і “новай хвалі” з іх адвольнай вёрсткай, разнастайнасцю шрыфтоў, плямамі і растрамі, прымітызаваным, нібы з каменнага веку, малюнкам, моцнай стылізацыяй формаў, нечаканымі каляровымі спалучэннямі. Але гэтыя тэндэнцыі, канечне, закранулі далёка не ўсе часопісы.

Літаратурныя і грамадска-палітычныя часопісы афармляліся больш кансерватыўна, з выкарыстаннем часам адной толькі тыпаграфікі, але, згодна з тэматыкай, маглі аздабляцца і фотаздымкам або ілюстрацыяй.

 У “Вясёлцы” ад канца 1960-х гг. за мастацкае аздабленне быў адказны Сяргей Волкаў, вядомы ілюстратар і карыкатурыст. Дарэчы, карыкатуры А. Каршакевіча, А. Карповіча, П. Козіча, А. Гармазы ды іншых мастакоў тады друкаваў не толькі “Вожык”, але і многія зусім не гумарыстычныя часопісы, бо і публікаваць танна, і выглядае трапна. У Беларусі ў 1980-я гг. была даволі моцная фоталабараторыя, школа фатографаў, але на пачатку 1990-х не ўсе часопісы маглі дазволіць сабе выкарыстанне фотаздымкаў наўпрост праз недахоп або высокі кошт адпаведнай паперы. Таму многія часопісы абмяжоўваліся чорна-белым або манахромным друкам.

Падчас адноснай эканамічнай стабілізацыі 1996—1998 гг. у Беларусі з’яўляецца першы глянец — тут можна ўзгадаць часопісы “Нессі” (дызайн-студыя “Нессі”) і беларускі варыянт міжнароднага часопіса Euro Style  (мастацкі рэдактар А. Кабанаў) з мелаванымі старонкамі, багатым ужываннем фотаздымкаў і разнастайных гарнітур.

 У тым жа ключы быў аформлены і вузкатэматычны часопіс Jazz-квадрат, што меў распаўсюд па ўсім СНД. Праўда, паколькі тэматыка яго сягала на ўвесь свет джазу, то ў многіх выпадках выкарыстоўваліся і фотаздымкі замежных фатографаў. Канечне, грамадска-палітычныя чаоспісы, што дзяржаўныя, што недзяржаўныя, праз недахоп грошай шмат у чым мусілі эканоміць. Напрыклад, Arche меў багата аформленую вокладку, тады як асноўная частка часопіса друкавалася на газетнай паперы. Але часам змест важнейшы за форму.

У другой палове 1990-х адбыўся масавы пераход на лічбу, вёрстку рабілі не ўручную, а ў якім-небудзь “корэле”. Да таго ж — гатовыя шрыфты, бібліятэкі малюнкаў і фотаздымкаў ды іншыя магчымасці, якія, праўда, часам гралі адмоўную ролю.

Многія выдаўцы паглядзелі, што мастацкія рэдактары ці, як яны тады ўжо зваліся, графічныя дызайнеры, увогуле не патрэбныя, а з камп’ютарнай вёрсткай і малпа справіцца. Адтуль смешныя спалучэнні гарнітураў, дрэнна “адфаташопленыя” здымкі, вясёлкавыя шрыфты з Word ды іншае дзікунства, якое зрэдку і сёння можна пабачыць. Але, на шчасце, так лічылі не ўсе рэдактары.

Тым часам самвыдат нікуды не знік. Варта адзначыць панкаўскія “зіны”, якія часам выдаваліся даволі густоўна і якасна, такія, як “Клёк 2” давалі рады тагачаснаму глянцу. На вастрыні моды ў часопісным графічным дызайне была “Студэнцкая думка” ў 1998—2005 годзе, спалучаючы эстэтыку вышэйназваных “зінаў” і моладзевых тусовачных маскоўскіх часопісаў кшталту “Птюч” або “Ом”. Эстэтыка “шэрага глянцу” па самавызначэнні, прадыктаваная ў нечым немагчымасцю друкаваць поўны колер, што кампенсавалася за кошт адвольнай вёрсткі, рассыпанымі гарнітурамі, гранж-тэкстурамі ды хайтэк-шрыфтамі (дызайнеры У. Пакацілаў, А. Канавалаў, vitaminv ды інш.). Пэўныя традыцыі, закладзеныя “Студэнцкай думкай” можна заўважыць і ў іх непасрэдных інтэрнэт-спадкаемцах 34mag.

Сапраўдны росквіт беларускага “глянцу” — гэта ўсё ж 2000-я гг., калі паўстаў даволі моцны рэкламны рынак, з’явіліся лішкі грошай, інтэрнэт тады канкурэнцыі не складаў, таму сродкі скіроўвалі ў паліграфію. Мець глянцавы часопіс было прэстыжна. І спярша, канечне, большасць кантэнту складала менавіта рэклама. Асаблівасцю такіх карпаратыўных часопісаў было актыўнае выкарыстанне фотаздымкаў, шчыльнае размяшчэнне інфармацыйных блокаў, каб ніводны сантыметр не застаўся вольным. Ілюстрацыя выкарыстоўвалася рэдка, як адно з выключэнняў можна ўзгадаць афармленне часопіса “Карвет” дызайнеркай Н. Усманавай.

Тым часам, акрамя рэкламных пачалі з’яўляцца і часопісы тэматычныя, літаратурна-мастацкія, але ў новай форме. Напрыклад, Беларускі саюз дызайнераў у 2001–2007 годзе выпускаў нестандартнага квадратнага фармату часопіс ProDesign з арыгінальнымі вокладкамі, часопіс ствараўся рознымі аўтарамі пад нязменным кіраўніцтвам Дзмітрыя Сурскага і Уладзімера Голубева.

pARTizan, скіраваны на сучасную беларускую культуру, засяроджаны і на актуальнасці ўласнага дызайна, са шматлікімі эксперыментамі ў вёрстцы і тыпаграфіцы, ствараецца з 2002 года шэрагам аўтараў, але заўсёды непасрэдна або пад куратарствам Артура Клінава.

“Макулатура” — часопіс хутчэй літаратурны, здолеў аб’яднаць вакол сябе цэлае кола дзівосных мастакоў — В. Паляніну, Д. Зайчанка, С .Сакуму, Л. Лазук, В. Якубоўскую, Ian Pavetra, Г. Бундзелеву.

Літаратурна-мастацкі “Монолог” звычайна аформлены працай якога беларускага авангардыста, а знутры — фотаздымкамі лепшых беларускіх фатографаў. Стварэнне ж спецыялізаванага часопіса па фотамастацтве скончылася, мабыць, адзіным нумарам “Фотомагіі” з працай Сяргея Плыткевіча на вокладцы.

Адзіны нумар Filet magazine таксама быў аформлены фотаздымкам, які нібы сімвалізуе развітанне з тлустым гламурам нулявых.

Праблемай падобных прагрэсіўных літаратурна-мастацкіх культуртрэгерскіх часопісаў і тады і тым больш цяпер ёсць не недахоп талентаў, а недахоп грошай, прычым не на ганарары нават, бо часцяком гэта праца на энтузіязме, але найперш на друк. Калі  ProDesign ячшэ знаходзіў рэкламадаўцаў у шчаслівыя 2000-ыя, з іх інтэр’ерна-паліграфічным бумам, то цяжэй было часопісам, скіраваным на больш вузкае кола падрыхтаваных чытачоў. Тут даводзілася і даводзіцца звяртацца да замежных фондаў,  краўдфандынгу, і далёка не заўсёды ўдала.

Паступова склалася ўяўленне, хто ёсць тым самым крэатыўным класам спажыўцоў тлустых часопісаў. З’явіліся пецыялізаваныя выданні, такія як “Обстановка”, “Мажордом” ды іншыя, скіраваныя на матэрыяльны стыль жыцця. Узніклі інфармацыйна-забаўляльныя выданні пра “куды пайсці, што з’есці”, некаторыя з якіх, такія як “Taxi”, існуюць і зараз. У іх акцэнт скіраваны на ўдалыя і смачныя фотаздымкі прыгожага жыцця, традыцыйны гламур.

Іншую ж катэгорыю склалі часопісы пра modus vivendi сучаснага гарадскога прасунутага чалавека 25-35 год, які будзе яго не толькі праглядаць, але, па мажлівасці, чытаць. Першай ластаўкай тут быў, відаць, “ДоберМан”(2006–2009), які, у адрозненні ад звычайнага глянца, адрадзіў каштоўнасць часопіснай ілюстрацыі. Галоўным дызайнерам часопіса была А. Несцярэнка.

Крызіс у Расіі 2009 года  падкасіў многія маскоўскія выданні і ўскосна закрануў Беларусь, аднак не аптымізм выдаўцоў. На мяжы 2000-ых і 2010-ых узнікаюць Sexus, аздоблены ілюстрацыямі С. Пачыцкага або партрэтнымі фотаздымкамі і “Большой”, што дажыў і да сённяшняга часу.

Да афармлення вокладкі “Большого” спрычыніліся такія ілюстратары, як А. Несцярэнка, А. Ашмянец, Н. Макеева ды іншыя.

У 2010-ыя імкліва развіваліся інтэрнэт-парталы, што стварыла канкурэнцыю маларэнтабельным папяровым часопісам.

Некаторыя часопісы, аднойчы знайшоўшы фірмовы стыль, так і трымаюцца яго, прыкладам тут можна назваць “Дзеяслоў”, стыль якога не змяняецца з 2002 года, іншыя ж эксперыментуюць з дызайнам, і часам гэта сапраўды на карысць, як, напрыклад, у “Маладосці” апошніх гадоў.

Верагодна, папяровыя часопісы не сыйдуць зусім, а будуць статуснай рэччу для вузкай аўдыторыі, як джаз ці вініл, а значыць, не знікне і патрэба ў часопісным дызайне. Што да інтэрнэт-часопісаў, то гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

Каментары