1161

Блогер Сяргей Ціханоўскі: я магу стаць Хадаркоўскім і нават Каліноўскім

10.01.2020 Крыніца: Юлія Сівец для BAJ.BY

Гомельскі блогер Сяргей Ціханоўскі распавёў BAJ.BY пра тое, чаму ён стаў здымаць відэа на грамадска-палітычныя тэмы, хаця раней палітыкай не цікавіўся зусім.

Пакуль рыхтаваўся матэрыял, блогера асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у акцыі пратэсту супраць інтэграцыі з Расіяй. 10 студзеня стала вядома, што Ціханоўскага паўторна асудзілі на 15 сутак арышту — ён мусіў выйсці пасля "сутак" заўтра. Агулам блогер правядзе ў ізалятары часовага ўтрымання месяц. Аналагічна адміністрацыйнымі арыштамі пераследавалі і гомельскага блогера Філіповіча.

Сяргей Ціханоўскі

— Сяргей, чаму вырашылі заняцца блогерствам? Прычым пачалі пісаць не проста на нейкія надзённыя тэмы, а на палітычныя.

— Я прадпрымальнік. Працую дзесьці з пятнаццаці гадоў. Прадпрымальніцтвам займаюся, колькі сябе памятаю: напэўна, гадоў дваццаць: у мяне ёсць нейкія кампаніі, фірмы, ІП адкрытае. Працую ў сферы рэкламы, здымаю відэаролікі.

Некалькі гадоў таму я набыў у Добрушскім раёне купецкі дом XІX стагоддзя. Думаў, аднаўлю, на першым паверсе зраблю кавярню, на другім — гатэль. Тым болей, у Добрушы зусім няма гатэля. А туды турысты прыязджаюць, паломнікі, бо ёсць цікавосткі побач. Прыехалі журналісты з Onliner.by, гавораць, які цікавы прадпрымальнік — набыў гістарычны будынак. Я пачаў будынкам займацца, працаваць з дакументамі, рашэннямі выканкамаў.

Прайшло два з паловай гады. Тэлефануюць з Onliner: “Ну што там, як там? Мы перыядычна глядзім, што нашыя героі зрабілі”. Я адказваю: “Прыязджайце, пакажу”. Прыязджаюць, а ў мяне ўсё тое ж самае. Восем рашэнняў выканкама, куча праектаў БТІ, штосьці яшчэ, Мінкульт. Бюракратыя такая, што хоць святло да будынка было падведзенае, але паўгода спатрэбілася толькі на тое, каб падключылі электрычнасць.

А потым Мінкульт згубіў праект, які мы зрабілі, над якім столькі біліся. І ўсё б нічога: можна новы праект зрабіць, але змянілася заканадаўства ў сферы культуры. З’явіліся новыя патрабаванні, паводле якіх трэба было шукаць нейкіх акрэдытаваных асоб, якіх усяго дзве на вобласць, з імі заключаць дамовы, ім плаціць за новы праект, па-іншаму ўсё рабіць. Карацей, гэта была апошняя кропля.

Чыноўнікі ў Добрушы — гэта дурдом. Прапанавалі ўзяць возера ў арэнду. Намеснік старшыні райвыканкама прыехаў, кажа: гэта ж класна, грошы будзем атрымліваць. Я падрыхтаваў праект: вось тут гатэль пабудуем, вось тут домікі. Стос дакументаў адпраўляем, завозім. Мясцовы савет дэпутатаў адзінагалосна падтрымаў.

Засталося падпісаць дамову ў старшыні райвыканкама. Я іду да юрыста, але той ужо не працуе, бо звальняюць. Намесніка старшыні — таксама звальняюць. Старшыня крычыць.

— Карацей, у вас не атрымалася?

— Нічога не атрымалася.

— І гэта матывавала вас заняцца блогерствам?

— Гэта была кропка кіпення. Мала таго, што ў гэтай краіне немагчыма зарабіць, бо тут у людзей няма грошай, няма нармальных заробкаў. Дык яшчэ ёсць такія чыноўнікі, якія самі табе прапаноўваюць чымсьці заняцца, а потым ствараюць перашкоды. Адзін не ведае, што іншы хоча. І вось закіпела. Гэты былі мае першыя блогі.

Першы ролік быў пра дом. Пра возера выйшаў на іншым канале. І пайшло-паехала.

Я хацеў весці блог на эканамічныя тэмы, паказваць праблемы. Як прадпрымальнік я бачу: грошы пад нагамі ляжаць. Але паціху атрымалася, што завярнулася ўсё ў палітыку. Таму што створана такая палітычная сістэма, якая не дае працаваць.

— Ці ўдзельнічалі вы раней у нейкіх грамадска-палітычных акцыях?

— Ніколі. Я добра зарабляў. Мяне не цікавіла гэта ўсё. Як і многіх беларусаў. Стаўленне змянілася ў той момант, калі гэта стала тычыцца асабіста мяне: я змарнаваў столькі год і нічога не магу зрабіць, нават маючы грошы. Я заняў пазіцыю, што трэба штосьці мяняць. Пачаў размаўляць з рознымі палітыкамі, эканамістамі, і зразумеў, што палітычная сістэма — проста фэйк. Тут няма нічога.

— А вы адсочвалі досвед папярэдніх блогераў? Напрыклад, гомельскі блогер Максім Філіповіч стаў вядомым падчас "дармаедскіх" акцый пратэсту. І на яго сталі каласальна ціснуць, былі адміністрацыйныя арышты.

— На мяне ўжо аказваўся. Падчас парламенцкіх выбараў у мяне пад домам стаяла міліцыя.

— Ці гатовыя вы да адміністрацыйных арыштаў?

—  Я вось што скажу. Мяне завуць Сяргей Ціханоўскі. Проста звычайны чалавек, прадпрымальнік. Калі ўлады хочуць, я магу стаць Хадаркоўскім. Адсядзець, стаць у жорсткую апазіцыю. Яны ж цяпер ужо людзей не забіваюць. Нават не закрываюць. Яны на суткі адпраўляюць, потым адпускаюць. Ну сапсуюць бізнес. Крымінальную справу завядуць, дапусцім. Я магу стаць Хадаркоўскім. А калі трэба, калі яны і далей будуць ціснуць, то я магу стаць і Каліноўскім…

Што хочаце. Я падрыхтаваны. У мяне ёсць дзеці, якія тут жывуць. Я разумею, чым я рызыкую. Але тым не менш.

Сяргей Ціханоўскі ў судзе 10 студзеня 2020 года. Фота: Мікола Бянько

— Ці будзеце вы надалей працягваць займацца блогінгам?

— Я не ведаю, што будуць рабіць улады. Некаторыя гавораць, што яны будуць зачышчаць блогасферу. Мяркую, мяне па нейкіх эканамічных злачынствах пацягнуць. Прадпрымальнікаў ёсць заўжды за што прыцягнуць. У накладной памылка ці яшчэ нешта.

І ў такім выпадку я б тады прасіў падпісчыкаў, каб яны пісалі, званілі, станавіліся пікетамі — штосьці рабілі. Гэта максімум, што я магу зрабіць. Але пакуль не зменіцца дыктатура, трэба неяк змагацца.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!