682

Блогер, будаўнік, мае чорны пояс у каратэ. Хто такі Аляксандар Кабанаў, якога будуць судзіць за масавыя беспарадкі

10.02.2021 Крыніца: "Радыё Свабода"

Хто такі Аляксандар Кабанаў, якога разам з блогерам Сяргеем Пятрухіным 11 лютага будуць судзіць у Кастрычніцкім судзе Магілёва.

Аляксандар Кабанаў, архіўнае фота Photo: Ганна Красуліна (Courtesy Photo)

Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна абвінавачваюць паводле часткі 1 артыкула 342 КК — «арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, зь яўным непадпарадкаваньнем патрабаваньням прадстаўнікоў улады».

Аляксандру Кабанаву 49 гадоў. Ён нарадзіўся ў Віцебскай вобласьці, жыў у Баранавічах, Маскве, Бярозе. У вёсцы Зубачы Бярозаўскага раёну жывуць ягоныя бацькі. Яны мелі трох сыноў, цяпер застаўся адзін Аляксандар. Сам Аляксандар мае дарослага сына.

 

Будаваў у Расеі катэджы

Аляксандар Кабанаў адукацыяй — інжынэр-будаўнік. У 1990-х у Баранавічах заснаваў трыкатажны бізнэс, які хутка «задушылі», успамінаюць знаёмыя, і Аляксандар пераехаў у Маскву.

Сяброўка Аляксандра, намесьніца старшыні АГП Ганна Красуліна расказала:

«У Расеі Саша кіраваў фірмай, якая ўзводзіла буйныя катэджы, нават палацы заможных расейцаў каля Масквы. І ў яго была вельмі добрая рэпутацыя: яго проста «перадавалі з рук у рукі», бо ён будаваў сумленна, якасна, ня краў. Аднак ён расчараваўся ўзроўнем карупцыі і беззаконьня ў Расеі. І ў 2008 годзе вярнуўся на радзіму», — прыгадвае Ганна.

 

Вярнуўшыся ў Беларусь, таксама паспрабаваў папрацаваць па спэцыяльнасьці. Нават будаваў прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю ў Белавескай пушчы, інвэстарам будоўлі якой быў «Трайпл».

«Яны ўкладалі грошы, перадавалі адміністрацыі нацыянальнага парку, а тая ўжо была замоўнікам. І ў мяне там быў будаўнічы падрад, каля 50-60 чалавек працавалі. І вось зь імі не разьлічыліся, плюс спрабавалі крымінальную справу завесьці… Я быў у шоку. Як гэта так, на прэзыдэнцкім аб’екце — і такое адбываецца? Доўга ачуваўся ад гэтага», — расказваў Аляксандар Кабанаў у 2017 годзе ў інтэрвію «Нашай ніве».

Так Кабанаў канчаткова расчараваўся ў будаўніцтве, пераехаў жыць у Бярозу і зацікавіўся палітыкай.

 

У АГП уступіў па перакананьнях, «дарос» да намесьніка старшыні

Гадоў 10 таму актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі пачалі шмат езьдзіць па рэгіёнах. Тагачасны лідэр АГП Анатоль Лябедзька некалькі разоў прыяжджаў у Бярозу, пазнаёміўся з Кабанавым. У 2011 годзе Кабанаў стаў сябрам АГП.

«Чалавек ідзе па вуліцы, і зь ім шмат хто вітаецца, гэта так дзіўна было! У вёсцы звычайна ўсе вітаюцца, а ў гарадках — толькі са знаёмымі. Значыць, ён быў вядомай у Бярозе асобай. Ён праявіў свае добрыя арганізацыйныя здольнасьці — мы вельмі хутка займелі офіс партыі ў самым цэнтры Бярозы, ён дамовіўся з прадпрымальнікамі. Зьбіралася шмат людзей, і што кідалася ў вочы — 99% гэта былі мужчыны, і гэта былі людзі, якія ведалі Аляксандра», — успамінае Анатоль Лябедзька.

Актывіст АГП Аляксандар Кабанаў зьбірае подпісы супраць дэкрэту № 3 каля падатковай інспэкцыі ў Баранавічах, люты 2017 году

Ганна Красуліна дадае, што Кабанаў спачатку сур’ёзна вывучыў праграму партыі.

«Звычайна ў партыю прыходзяць за людзьмі — знаёмяцца спачатку з добрымі людзьмі, а потым ужо праграмай. А Саша быў тым чалавекам, які, наадварот, спачатку пазнаёміўся з праграмай, пераканаўся, што яна яму падыходзіць. Стварыў у Бярозе даволі вялікую ячэйку — мы прыяжджалі з партыйным аўдытам, трэнінгамі», — кажа Ганна Красуліна.

Аляксандар Кабанаў удзельнічаў у некалькіх выбарчых кампаніях: і мясцовых, і парлямэнцкіх.

«На дзіва, Аляксандар праводзіў вельмі добрыя кампаніі — пры нармальных выбарах прайшоў бы ў мясцовы ці абласны савет дакладна. І нават у парлямэнт. Ён мог згуртаваць даволі вялікую грамаду. Калі мы прывозілі інфармацыйныя матэрыялы, ён сам хадзіў і раскідваў іх па паштовых скрынках, раздаваў з рук у рукі. Яго зрабілі невыязным, наклалі столькі штрафаў, саджалі на «суткі» — іншы ўжо б ня вытрымаў і сышоў.

Калі Саша стаў прэс-сакратаром Ціханоўскай, часта тэлефанаваў, кансультаваўся ў міжнародных пытаньнях, не саромеўся пытацца, як лепш арганізаваць — вучыўся заўсёды, нягледзячы на ўзрост», — дадае Анатоль Лябедзька.

29 кастрычніка 2020 году на зьезьдзе АГП Аляксандра Кабанава выбралі намесьнікам старшыні АГП. У гэты час ён ужо паўгода знаходзіўся за кратамі.

 

Быў трэнэрам міліцыянтаў, яны яго вельмі паважалі

Пераехаўшы ў Бярозу, Аляксандар Кабанаў уладкаваўся працаваць трэнэрам усходніх адзінаборстваў: «Ён майстар спорту ў самба, мае чорны пояс у каратэ. Кабанаў трымаў бясплатную залю пры ўмове, што будзе трэнаваць міліцыянтаў. Аднак у яго было шмат іншых груп, займаўся і зь дзеткамі», — расказвае Ганна Красуліна.

«Ён майстар баявых адзінаборстваў — уся Бяроза ведала, — працягвае яна. — Усе бярозаўскія мужчыны альбо самі хадзілі на трэніроўкі, альбо дзяцей вадзілі. І міліцыянты яго вельмі паважалі — нават калі затрымлівалі і саджалі на суткі, ставіліся з павагай.

Аляксандар Кабанаў на прыёме ў дэпутата Палаты прадстаўнікоў Леаніда Качыны, 21 лютага 2017 году

Я прыгадваю яшчэ адзін момант — як ён вёў стрым з крамы ў Берасьці, гэта было пару гадоў таму, калі ён далучыўся да «Народного репортёра» (youtube-канал Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна. — РС). Маладая дзяўчына-прадавачка пачала хаміць. А Саша вельмі ветліва зь ёй размаўляў. Дзяўчына канфліктавала, выклікала міліцыю. Але нават у Берасьці міліцыянты да яго паставіліся паважліва, павіталіся зь мі, улагодзілі канфлікт. Бо яны ўсе глядзелі стрымы і «Народный репортёр». А прадавачка выбачылася перад ім», — расказала Ганна Красуліна.

 

«І рукасты, і галавасты»: гадаваў трусоў, індычак, перапёлак

Пасьля трэнэрскай працы Аляксандар Кабанаў сур’ёзна заняўся фэрмэрствам. Набыў хутар пад Бярозай. Узяў пару гектараў зямлі, гадаваў трусоў, сьвіней, курэй, гусей, індычак, качак і нават перапёлак.

«А для гэтага трэба, каб рукі расьлі з таго месца, і правільна расьлі. У яго была вялікая гаспадарка — ён і апрацоўваў зямлю, і гадаваў жыўнасьць, прадаваў па невялікіх цэнах. Некаторыя мае знаёмыя зь Менску куплялі ў яго мяса.

І з такой цікавасьцю апавядаў пра гэтых перапёлак-курапатак! Аказваецца, каб яны несьліся, павінен быць устойлівы тэмпэратурны рэжым, ён шмат ведаў пра жывёлагадоўлю. І гэта ж цяжкая праца. Адным словам, і рукасты, і галавасты», — кажа Анатоль Лябедзька.

У фэрмэра ўсё добра атрымлівалася, вялікіх грошай ён не зарабіў, але жыць з гаспадаркі можна было, Аляксандар пабудаваў дом у Бярозе. Але яго пачалі «душыць», прыгадваюць сябры.

«Фэрмэрскай гаспадарцы «Брэстэнэрга» налічыла істотную запазычанасьць — нібыта яна робіць вялікі перарасход электрычнасьці, за гэта яшчэ і шалёныя працэнты пені. Яго пачалі штрафаваць, а штрафы ён не аплачваў. Арыштавалі машыну, забралі правы кіроўцы. А фэрмэрская гаспадарка была за горадам, не было на чым езьдзіць. Гаспадарка, праўда, была добрая, мы на Каляды куплялі ў яго гусь», — успамінае Ганна Красуліна.

Яна кажа, што Кабанаў — заўзяты рыбак і вельмі добры кулінар. І не пераносіць няякаснай ежы.

«Мы неяк былі ў Бярозе на трэнінгу — я, мой муж і Аляксандар Дабравольскі. Саша прыйшоў да нас у госьці са смажанай рыбай розных відаў. Я такой смакаты ніколі ня ела!

Ён вельмі прамы чалавек. Аднойчы, пасьля чарговай ягонай адседкі ў Бярозаўскім ізалятары, мы пайшлі зь ім у кавярню. А гэтая кавярня гатуе ежу для арыштантаў. Саша пытаецца ў кухаркі: «Гэта вы гатуеце ежу для СІЗА? Дык вось я перадаю вам «прывітаньне» ад сядзельцаў: катлеты заўсёды недасмажаныя, ежа вельмі дрэннай якасьці. Жанчыне гэтай было вельмі няёмка», — узгадвае Ганна Красуліна.

 

«Саша аказаўся вельмі тонкім дыпляматам — берасьцейцы на яго ледзьве не маліліся»

Апошнія 3 гады Аляксандар Кабанаў шмат часу праводзіў у Берасьці. У 2017 годзе арганізоўваў «Маршы недармаедаў», змагаўся за адмену дэкрэту №3. Яго затрымлівалі, саджалі на суткі, штрафавалі, зрабілі невыязным.

Аляксандар Кабанаў і Сяргей Пятрухін далучыліся да кампаніі супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасьці, супраць Белазёрскага заводу «БІТ-сплаў», які перапрацоўвае старыя акумулятары, выкрывалі несанкцыянаваныя пахаваньні адкідаў у Берасьці, Івацэвіцкім, Бярозаўскім раёнах.

Аляксандар Кабанаў (з мэгафонам) на акцыі пратэсту супраць «дэкрэту аб дармаедах», Берасьце, 26 лютага 2017 году

«Аднак калі Кабанаў зь Пятрухіным пайшлі да людзей, іх спачатку мясцовыя не прынялі: маўляў, «нам тут палітыкі ня трэба, у нас толькі экалягічныя і эканамічныя патрабаваньні». А потым на іх ледзьве не маліліся, — успамінае Анатоль Лябедзька. — Саша аказаўся вельмі тонкім дыпляматам. Калі была апошняя парлямэнцкая кампанія, ён сказаў, што туды пойдзе толькі дзеля таго, каб дапамагчы людзям. Ён тлумачыў, што апазыцыя — гэта нармальныя людзі. І там крануўся лёд; ён рабіў усё, каб людзі станавіліся грамадзкімі актывістамі».

 

«Народны рэпартэр» стаў народнай тэлевізіяй»

Аляксандар Кабанаў заняўся блогерствам і далучыўся да праекта берасьцейца Сяргея Пятрухіна — youtube-каналу «Народный репортёр».

Некаторыя выпускі і стрымы «Народнога репортёра» маюць даволі вялікую глядацкую аўдыторыю.

«З чым ідзе на выбары Аляксандар Лукашэнка?» — 162 тысячы праглядаў

«На чым трымаецца ўлада Лукашэнкі?» — 156 тысяч праглядаў

«Перарваны АМАПам выпуск навінаў» — 106 тысяч праглядаў

Анатоль Лябедзька прызнаецца, што для яго было вельмі нечаканым, што Аляксандар Кабанаў захапіўся блогерствам.

«Шчыра кажучы, мне здавалася, што ў Сашы не было такіх лідэрскіх здольнасьцяў. Ён быў вельмі разважлівы, калі гаварыў, то толькі па сутнасьці, нічога лішняга. А ў блогерстве ён нечакана адкрыўся абсалютна па-новаму. Зь Сяргеем Пятрухіным яны былі як адно цэлае, вельмі ўдала дапаўнялі адзін аднаго. Саша пісаў сцэнары, а агучку рабіў Сяргей Пятрухін. Калі Пятрухін быў творчым чалавекам, працаваў у тэатры, для яго блогерства было чаканым. А Саша Кабанаў проста па-добраму зьдзівіў!», — апавядае Анатоль Лябедзька.

Зьлева направа: журналіст «Нашай нівы» Зьміцер Панкавец, тагачасны старшыня АГП Анатоль Лябедзька, Аляксандар Кабанаў у кепцы з надпісам «Жыць» (дэвізам кампаніі супраць акумулятарнага заводу) і тагачасны намесьнік старшыні АГП Мікалай Казлоў

Зьлева направа: журналіст «Нашай нівы» Зьміцер Панкавец, тагачасны старшыня АГП Анатоль Лябедзька, Аляксандар Кабанаў у кепцы з надпісам «Жыць» (дэвізам кампаніі супраць акумулятарнага заводу) і тагачасны намесьнік старшыні АГП Мікалай Казлоў

На думку берасьцейскага праваабаронцы Рамана Кісьляка, праект «Народный репортёр» стаў сапраўды «народнай тэлевізіяй».

«Кабанаў і Пятрухін прыходзілі на плошчу і пыталіся ў людзей, што яны думаюць пра завод, пра жыцьцё. Людзі шчыра выказваліся — у той час, калі з афіцыйных каналаў нам толькі хлусяць. Прычым блогеры цудоўна дапаўнялі адзін аднаго: Сяргей вясёлы, балбатун, нараджае ідэі, а Аляксандар яго «прызямляў», рабіў дасьледаваньні.

Натуральна, уладам гэтая народная тэлевізія не падабалася, і блогераў пачалі перасьледаваць, затрымліваць, штрафаваць, запалохваць. А вось цяпер спрабуюць прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці», — кажа праваабаронца Раман Кісьляк.

 

«Толькі не зьдзіўляйцеся нашай справе: гэта нават ня белыя ніткі, а бялізнавыя вяроўкі і канаты»

Калі пачалася пандэмія, блогеры Аляксандар Кабанаў і Сяргей Пятрухін «самаізаляваліся» ў вёсачцы Гарадзішча пад Пінскам. 18 красавіка Кабанава а 7-й раніцы падманам выбавілі з хаты, пасадзілі на 15 сутак. У СІЗА ён «падхапіў» каранавірус, 9 траўня трапіў на 3 тыдні ў шпіталь.

Калі 29 траўня ў Горадні затрымалі Сяргея Ціханоўскага і ягоны штаб ачоліла жонка Сьвятлана, Аляксандар Кабанаў пагадзіўся стаць прэс-сакратаром штабу Сьвятланы Ціханоўскай.

Праз 2 тыдні затрымалі і Кабанава. Яму патэлефанавалі нібыта з паліклінікі — запрасілі зьявіцца для кантролю па адбыцьці карантыну. Аднак замест паліклінікі даставілі ў ІЧУ Ленінскага раёну Берасьця, потым асудзілі на 15 сутак. 20 чэрвеня Аляксандр Кабанаў прапаў зь ІЧУ. Пр тое, што ён зьяўляецца фігурантам крымінальнай справы, праваабаронцы даведаліся 25 чэрвеня. У ягоных бацькоў, што жывуць у вёсцы Зубачы Бярозаўскага раёну, адбыўся ператрус. А яго самога перавялі ў Менск, у СІЗА на Валадарку.

На Аляксандра Кабанава і ягонага калегу Сяргея Пятрухіна завялі крымінальную справу паводле часткі 1 артыкулу 342 КК (арганізацыя групавых дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, зь яўным непадпарадкаваньнем патрабаваньням прадстаўнікоў улады) — гэта зьвязана з падзеямі ў Горадні 29 траўня, калі быў затрыманы Сяргей Ціханоўскі.

Меркавалася, што Кабанава і Пятрухіна будуць судзіць у Берасьці, аднак суд чамусьці раптоўна перанесьлі ў Магілёў.

Аляксандру Кабанаву шмат хто піша ў турму, часам ад яго прыходзяць адказы.

«Толькі не зьдзіўляйцеся нашай справе, у якой няма ніводнага доказу. Адныя меркаваньні і фантазіі. Ну ўсё, як заўсёды, беларускае «правасудзьдзе» яно такое, своеасаблівае. Як і сьледзтва», — напісаў Аляксандар Кабанаў у лісьце ад 28 сьнежня 2020 году.

«Вельмі спадзяюся, што на працэсе будуць журналісты, паглядзяць, як у нас шыюць справы: гэта нават ня белыя ніткі, а бялізнавыя вяроўкі і канаты», — цытата яшчэ з аднаго ягонага ліста з-за кратаў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!