314

Бесстароннасць і права журналіста на ўласнае меркаванне ва ўмовах ціску ўладаў — рэкамендацыі Камісіі па этыцы

30.03.2021 Крыніца: Камісія па этыцы ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»

Немагчыма мысліць, пісаць — і нікога не зачапіць.

Рыгор Памеранц

Камісія па этыцы грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў» прапануе разгорнуты агляд прафесійных і этычных стандартаў, якія закранаюць патрабаванні бесстаронасці і аб'ектыўнасці да журналістаў у іх працы, а таксама  шэраг адпаведных рэкамендацый.

Супярэчнасці

З усіх стандартаў і прынцыпаў прафесійнай этыкі патрабаванне бесстароннасці і ў той жа час захоўванне права журналіста на публічна выказанае ўласнае меркаванне з'яўляецца найбольш супярэчлівым. У дзеючым Кодэксе журналісцкай этыкі грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў» пазначана, што, з аднаго боку,  «Журналіст абавязаны... захоўваць незалежнасць сваіх палітычных поглядаў і перакананняў... Як і любы грамадзянін... мае права на палітычныя ды іншыя перакананні і прыхільнасці», з іншага, «...у сваёй прафесійнай дзейнасці ён павінен заставацца нейтральным і аб'ектыўным».

Калі ўдумацца, дык можна заўважыць яшчэ адну супярэчнасць: нейтральнасць і аб'ектыўнасць — розныя рэчы. Патрабаванне аб'ектыўнасці вымагае ад журналіста не толькі безумоўнай праўдзівасці ў выкладанні фактаў, асабістай чэснасці ў іх інтэпрэтацыі, але, як гэта часцяком здараецца, адстойваць сваю пазіцыю ў стасунках з грамадствам, уладамі і, што таксама не выключаецца, з кіраўніцтвам СМІ.

Тым не менш, патрабаванне нейтральнасці, распаўсюджанае на ўвесь дыяпазон журналісцкай дзейнасці, застаецца адным з найбольш устойлівых этычных пастулатаў. «...Я журналістка і не магу каментаваць нейкія падзеі», — сцвярджае суразмоўца аднаго з незалежных беларускіх інтэрнэт-выданняў. Але ці заўжды магчыма захаваць нейтральнасць? «Ты называеш курдаў сваімі сябрамі, — фармулюе пытанне "Наша Ніва" ў гутарцы з ваенным журналістам Сяргеем Марчыкам. — Але паводле стандартаў журналіст павінен прытрымлівацца нейтралітэту, а ты відавочна выбраў адзін з бакоў. Не атрымліваецца быць нейтральным ці нават не спрабуеш?» «Не атрымліваецца быць нейтральным, — тлумачыць Сяргей. — ...Калі ты працуеш ва ўмовах моцнай палярызацыі, наогул вельмі складана казаць аб журналісцкім нейтралітэце...»

Шматлікія Кодэксы журналісцкай этыкі, у тым ліку бажаўскі, намагаюцца згладзіць пазначаную супярэчнасць. «Бесстароннасць журналістыкі — фармулюецца ў Кодэксе журналісцкай этыкі БАЖ — не азначае, што журналісты павінны ўстрымлівацца ад выказвання асабістага меркавання. Аднак чытач павінен мець магчымасць адрозніваць артыкулы, што ўтрымліваюць выкладанне фактаў, ад матэрыялаў, якія выказваюць чыё-небудзь меркаванне ці інтэрпрэтацыю падзеяў». Не цяжка заўважыць, як лёгка «асабістае меркаванне» журналіста мяняецца на «чыё-небудзь».

Асаблівую вастрыню згаданыя супярэчнасці набываюць ва ўмовах ціску ўлады на незалежныя СМІ і развязанай ёю т. зв. інфармацыйнай вайны.

 

Ва ўмовах ціску ўладаў

Ужо далёка не першы год Беларусь знаходзіцца сярод аўтсайдэраў рэйтынгаў свабоды слова. У краіне закрываюцца газеты, блакуюцца сайты, журналісты апынаюцца ў турмах па адміністрацыйных і крымінальных справах, дзяржава цалкам кантралюе тэлебачанне і радыё. Зразумела, што ў такіх умовах ціску на незалежныя выданні захоўваць бесстаронносць і права на ўласнае меркаванне не проста.

«Адсутнасць свабоды слова ў Беларусі — гэта пэўная канстанта. Журналіст, які піша крытычныя артыкулы, павінен быць падрыхтаваным да таго, што ў яго могуць з'явіцца сур'ёзныя праблемы», — мяркуе журналіст Андрэй Пачобут з Гродна, які сам неаднаразова быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. І працягвае: «Калі мы гаворым пра Беларусь, то кожны чалавек, журналіст у першую чаргу, які мае характар, самапавагу і не баіцца выказваць сваё меркаванне, павінен быць падрыхтаваным да таго, што можа апынуцца за кратамі. Кожны чалавек мае суб’ектыўны досвед, свой погляд, таму нельга сказаць, што журналіст можа быць цалкам аб’ектыўным. Але калі ты імкнешся да аб’ектыўнасці, гэта адно, а калі ты проста хочаш выставіць уладу ці апазіцыю ў добрым святле — гэта ўсё ж іншая прафесія».

Андрэй Пачобут не адзіны журналіст, які, пачынаючы з 2002 года, адчуў на сябе палітычна матываваны прысуд. Можна згадаць Міколу Маркевіча і Паўла Мажэйку з гродзенскай газеты «Пагоня». Да крымінальнай адказнасці ўсё па тым жа артыкуле «Паклёп на кіраўніка краіны» быў прыцягнуты светлай памяці галоўны рэдактар газеты «Рабочы» Віктар Івашкевіч, які змясціў у сваім выданні артыкул «Вор должен сидеть». Вось ягоныя разважанні пасля прысуду двух гадоў пазбаўлення волі («хіміі»): «Зараз кожны журналіст, калі піша, думае: "А што, калі мяне за гэта прыцягнуць да адказнасці?" Я пачынаў як палітык, і газету я ствараў як палітык, але чым больш я займаўся журналістыкай, тым больш разумеў, што журналіст павінен быць нейтральным і не быць ангажаваным да нейкай палітычнай плыні. І бывалі такія сітуацыі, калі я як сябра БНФ быў у канфлікце з Мікалаем Статкевічам, але як журналіст даваў яму выступіць на старонках сваёй газеты, за што мяне асуджала маё партыйнае кіраўніцтва. І я разводзіў рукамі і тлумачыў, што вось тут я — бээнэфавец, а вось там — журналіст, і мушу быць больш плюралістычным».

Былі і іншыя прыклады пераследу журналістаў рэгіянальных незалежных выданняў. Былі аштрафаваныя рэдактар газеты «Вечерний Столин» Аляксандр Ігнацюк нібыта за абразу прадстаўніка ўлады,  рэдактар «Борисовских новостей» Анатоль Букас. 

Ужо шмат гадоў беларускія незалежныя журналісты, нягледзячы на ціск з боку ўладаў, вымушаныя адстойваць сваё права на ўласнае меркаванне і заставацца пры гэтым бесстароннімі ў асвятленні жыцця краіны. Але менавіта з 2020 года рэпрэсіі супраць журналістаў і СМІ набылі нечуваны дагэтуль маштаб. Пачынаючы з 9 жніўня 2020 года, Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) зафіксавала больш за 500 парушэнняў свабоды медыя, учыненых прадстаўнікамі ўлады. Тут і затрыманні пры выкананні журналістамі сваіх прафесійных абавязкаў, і адміністрацыйныя арышты, і прысуды па прыцягнутых за вушы крымінальных артыкулах з пакараннямі доўгатэрміновым пазбаўленнем волі, і нават фізічны гвалт з боку праваахоўных органаў, які зведалі на сябе дзясяткі калег.

Звычайнай практыкай уладаў стала блакаванне сайтаў незалежных СМІ — дзясяткамі. Сярод іх аказаліся сайты Радыё «Свабода», «Еўрарадыё», «Белсата», udf.by, «Трыбуна», «Народныя навіны Віцебска» і многія іншыя.

Не абышлі бокам рэпрэсіі і найбуйнейшы інфармацыйны сайт краіны — tut.by. У 2020 годзе гэты партал страціў статус СМІ. Зроблена гэта было на аснове запыту Міністэрства інфармацыі пасля таго, як tut.by атрымаў некалькі папярэджанняў ад ведамства.

«У дачыненні да нас улады вырашылі не абмежаваць доступ да рэсурсу, а абмежаваць доступ журналістаў да магчымасці атрымліваць інфармацыю, фактычна гэта ж назіралася ў сітуацыі з пазбаўленнем акрэдытацыі замежных журналістаў. Інакш як зачысткай інфармацыйнага поля назваць гэта не магу», — лічыць галоўная рэдактарка tut.by Марына Золатава.

Іншы від атакі быў абраны ў дачыненні да журналістаў замежных СМІ. Іх проста ўсіх пазбавілі акрэдытацыі для працы ў Беларусі, многія з іх былі вымушаныя пакінуць краіну, каб працягнуць працаваць з-за мяжы. Міністэрства замежных спраў займаецца пераакрэдытацыяй журналістаў, але яе змаглі прайсці толькі прадстаўнікі расійскіх СМІ і зусім крыху з іншых.

«Будзем казаць проста: рэдакцыі незалежных медыя ўжо многія месяцы перманентна знаходзяцца ў абсалютна экстрымальных умовах — стрэс, нервовыя, фізічныя перагрузкі... Калі скласці ўсе цяжкасці, якія зваліліся на незалежных журналістаў у 2020 годзе, то ён безумоўна апраўдвае званне высакоснага», — такое меркаванне выказаў галоўны рэдактар таксама заблакаванай інтэрнэт-газеты «Салідарнасць» Аляксандр Старыкевіч.

Такім чынам, не будзе перабольшваннем сцвярджаць, што ўлады ўзялі курс на татальную зачыстку  інфармацыйнай прасторы ад незалежных СМІ, на пазбаўленне грамадства яго неад'емнага канстытуцыйнага права на праўдзівую інфармацыю.

Узнікае пытанне: як захаваць бесстароннасць ва ўмовах гвалту з боку праваахоўнікаў, усвядомленай хлусні дзяржаўнай прапаганды, судовага пераследу за выкананне прафесійных абавязкаў? Як захаваць аб'ектыўнасць у асвятленні падзей, калі менавіта за яе, за праўду, журналістаў пазбаўляюць волі і распачынаюць супраць іх новыя крымінальныя справы? Ва ўсім свеце ўжо вядомы журналісткі тэлеканала «Белсат» Кацярына Бахвалава (Андрэева) і Дар'я Чульцова, журналістка партала tut.by Кацярына Барысевіч, якіх кінулі за краты за добрасумленную прафесійную працу.

Мы вернемся да гэтага пытання. А пакуль паспрабуем высветліць, як ставяцца да спалучэння бесстароннасці журналіста і ягонага права на ўласнае меркаванне ў свеце, ва ўмовах звычайных стасункаў журналістаў, грамадства і ўлады.

 

АГЛЯД МЕРКАВАННЯЎ

На працягу многіх гадоў бесстароннасць журналіста была адным з асноўных складнікаў прафесіі. Аднак апошнім часам гэты стандарт пачаў паціху губляць свае прывілеі. Перш за ўсё дзякуючы інтэрнэту і выхаду на ягоныя прасторы журналістаў-блогераў.

Узрастанне цікавасці аўдыторыі да каментароў і меркаваняў у супрацьвагу сухой аб'ектыўнай інфармацыі вядзе да таго, што журналістаў усё больш актыўна заахвочваюць весці «персанальныя» блогі і акаўнты ў сацыяльных сетках.

Тым не менш, бесстароннасць па-ранейшаму знаходзіцца ў ліку неаспрэчных законаў журналістыкі, каторыя, што праўда, не пазбаўленыя ваганняў сэнсу.

Яшчэ ў 1914 годзе Уолтар Уільямс, заснавальнік першай у свеце школы журналістыкі ў Місуры, пісаў: «Я веру, што журналістыка... шануе Бога і ўзвышае чалавека; што яна цвёрда незалежная; ...патрабавальная да самой сябе, нястомная, заўсёды паважлівая да чытача, але заўсёды адважная, яна нязменна абураецца, калі бачыць усялякую несправядлівасць; яна бесстаронняя да спасылак на прывілеі ці воклічы натоўпу».

Дэвід Бруэр: «Быць бесстароннім значыць быць непрадузятым у стаўленні да пэўнага боку, быць чэсным і ставіцца да ацэнак узважана. Гэта няпроста. Кожны журналіст мае ўласныя погляды, але ён мусіць быць вышэй за ўласную пазіцыю, каб забяспечыць усеабдымны і аўтарытэтны разгляд навін і бягучых падзей... Бесстароннасць уключае: збалансаванае асвятленне тэм і поглядаў; адлюстраванне розных меркаванняў; вывучэнне супрацьлеглых пунктаў гледжання; праверку таго, што ні адзін з бакоў не быў недастаткова адлюстраваны ў матэрыяле. У пошуках бесстароннасці мы павінны разумець, што вучоныя, журналісты і іншыя госці праграмы зусім неабавязкова будуць неперадузятымі, хоць мы запрашаем іх з мэтай падрыхтаваць больш аб’ектыўны матэрыял».

Вольга Дабравідава падкрэслівае: «Неабходна выразна аддзяляць меркаванні ад фактаў... Наш абавязак заключаецца ў тым, каб інфармаваць шырокую грамадскасць, незалежна ад нашых уласных пераваг і поглядаў. Не заўсёды падчас падрыхтоўкі асобна ўзятага матэрыялу маецца магчымасць быць бесстароннім: навіна сама па сабе можа быць настолькі адназначнай, што спробы прадставіць іншы бок могуць проста ператварыць матэрыял у насмешку».

А вось яшчэ цікавы погляд: «Ва ўлады і прэсы ў Брытаніі адносіны любоўна-ненавісныя». Гэтае вызначэнне належыць сэру Бернарду Інгэму, які цягам 11 гадоў праўлення Маргарэт Тэтчар адпрацаваў на пасадзе яе прэс-сакратара.

 «Прэса ў Вялікабрытаніі, — казаў Бернард Інгэм, — надта ўжо свабодная. Што ж тут дзіўнага? Англійскі парламент — маці ўсіх парламентаў. Англійскаму досведу ўтаймавання ўлады — 800 гадоў. І тыя ж 800 гадоў наша прэса змагаецца за сваю свабоду. Так, 800 гадоў мы шукаем спосабы і метады, каб стрымаць дзяржаўную ўладу. Аднак варта прызнаць, што гэтыя пошукі трошкі больш паспяховыя, чым пошукі ідэальнай любові... Брытанскі падаткаплатнік ніколі не дазволіць траціць на ўрадавыя СМІ свае грошы. У нас, адрозна ЗША, палітычным партыям не дазволена нават рэкламны час купляць на тэлебачанні».

Тым не менш, урадавы пункт гледжання, паводле меркавання вядомага даследчыка прафесійнай этыкі журналіста Віталя Чэлышава, ...прысутнічае на BBC у выглядзе схаванай прапаганды. Аднак карпарацыя, безумоўна, клапоціцца пра дакладнасць, правы аўтараў, ураўнаважанасць погляду на людзей і культуру Вялікабрытаніі, пра тое, каб праграмы не абражалі густы і прыстойнасці, не прапагандавалі антысацыяльныя і злачынныя паводзіны. Маральная бяспека грамадства і дзіцяці, а таксама інтарэсы ўсяго спектра слухачоў і гледачоў сапраўды знаходзяцца ў сферы кантролю BBC. Вось адзін з названых вышэй прынцыпаў працы BBC: бесстароннасць («ні адна важная праява думкі не можа аказацца не адлюстраванай ці не быць прадстаўленай на BBC»).

У дапаможніку для журналістаў і выкладчыкаў журналістыкі «Медыя- і інфармацыйная пісьменнасць у журналістыцы» адзначаецца: «...Сучасная тэхналогія верыфікацыі інфармацыі абумоўлена такімі этычнымі нормамі, як незалежнасць, аб’ектыўнасць, бесстароннасць і дакладнасць... Трыманне гэтых прынцыпаў фармуе бездакорную рэпутацыю выдання і выклікае давер шырокай аўдыторыі. Скажэнне ж фактаў разглядаецца як злачынства супраць аб’ектыўнасці... гаворка ідзе пра бесстароннасць і незалежнасць як базавыя якасці сацыяльна адказнай журналістыкі. Знарокавая маніпуляцыя ўводзіць журналіста ў стан інфармацыйнага агрэсара, удзельніка інфармацыйнай вайны».

Рэдакцыйныя каштоўнасці ВВС

«Не ўсякая журналістыка з'яўляецца бесстаронняй, і гэтае патрабаванне не варта стасаваць да ўсіх без выключэння інфармацыйных арганізацый. Напрыклад, многія журналісты паспяхова працуюць у газетах, якія займаюць пэўную пазіцыю. ...Журналісты BBC павінны быць бесстароннімі, і менавіта гэты параметр адрознівае BBC ад іншых крыніц навін. Бесстароннасць таксама з’яўляецца часткай кантракта паміж BBC і публікай. Бесстароннасць часам тлумачыцца няправільна, асабліва людзьмі, якія не вераць, што журналістыка наогул можа быць бесстаронняй. Кожны асобны элемент вашай прадукцыі — асабліва навіна ў бюлецені навін — павінен быць дакладным. Аднак часта, асабліва калі важная падзея толькі што адбылася альбо падзеі разгортваюцца, бесстароннасць можа быць дасягнутай не адразу, а толькі праз пэўны час. Каб вашае паведамленне было бесстароннім, патрабуецца час, цягам якога можна знайсці некалькі неабходных меркаванняў. Таму ў тым выпадку, калі адзін бок адмаўляецца пракаментаваць сваю пазіцыю, гэта не падстава для таго, каб наогул не перадаваць інфармацыю пра гэта пытанне». Алег Самарцаў ў даследванні «Журналістыка інфармацыйнай эпохі: фактары трансфармацыі, праблемы і перспектывы».

Цягам не аднаго дзясятка, калі не соцен гадоў, улады розных краін імкнуліся падмяць пад сябе журналістаў. Аднак у краінах, дзе насамрэч дзейнічае закон, спробы націснуць на СМІ сустракаюць адпор.

Усім памятная вайна экс-прэзідэнта ЗША Дональда Трампа з прэсай. Вядома таксама, чым яна скончылася.

Што да Еўропы, дык арганізацыя «Рэпарцёры без межаў», якая пастаянна маніторыць сітуацыю ва ўсіх краінах кантынента, адзначае, што апошнім часам палітыкі вышэйшага рангу ўсё часцей дазваляюць сабе слоўныя нападкі на журналістаў.

Адзін з яскравых прыкладаў — Польшча. У лютым гэтага года дзясяткі выдавецкіх дамоў прыпынілі выхад сваіх выданняў. Многія газеты выйшлі з пустымі першымі палосамі альбо змясцілі на іх адкрыты ліст пад назвай «СМІ, у якіх няма выбару». Гэтым самым быў выказаны пратэст супраць новага закона аб увядзенні падатку на рэкламу ў СМІ. Сітуацыю патлумачыў галоўны рэдактар штотыднёвіка Polityka Ежы Бачынскі: «Падчас сваёй апошняй легіслатуры партыя PiS узяла на прыцэл публічна-прававыя СМІ, паставіўшы там паўсюль сваіх людзей, ператварыўшы тым самым гэтыя медыі ў прапагандысцкую сістэму, якая кіруецца з аднаго цэнтра. А цяпер пачалася другая фаза «навядзення парадку на медыярынку».

 

ВЫСНОВЫ

 1. Адна з праблем — блытаніна ў тэрмінах. Бесстароннасць часта разумеецца як своеасаблівая гарантыя аб'ектыўнасці. «Кажуць, што ад журналіста, які паважае свайго чытача, гледача і слухача, патрабуецца аб’ектыўнасць, бесстароннасць. Бесстаронні журналіст, — лічыць гісторык Анатоль Сідарэвіч, — калі ён сапраўды бесстаронні, заўсёды зацікаўлены ў высвятленні праўды, праўдзівага стану рэчаў». Але ці можна лічыць аб'ектыўным уласнае меркаванне журналіста? Яно заўжды будзе суб'ектыўным, што зусім не супярэчыць бесстароннасці пры высвятленні фактаў, пазіцый і меркаванняў розных бакоў.

2. Бесстароннасць часта блытаюць з нейтральнасцю, пакідаючы за журналістам ролю бяздумнага рэгістратара чужых думак і меркаванняў. На постсавецкай прасторы, у Беларусі таксама, такое ўяўленне аб ролі і сутнасці журналісцкай прафесіі стала вельмі распаўсюджаным, калі не асноўным. Любое ўласнае меркаванне журналіста, якое не даспадобы ўладам альбо нязгодным з ім чытачам (слухачам, гледачам), выклікае абвінавачанне ў прапагандзе. Але прапаганда ў адрозненне ад журналістыкі — гэта свядомае скажэнне фактаў, маніпуляцыя імі альбо наўпроставая хлусня дзеля перамогі ў т. зв. інфармацыйнай вайне і дасягнення пэўных палітычных мэтаў.

3. Рэалізацыя права журналіста на ўласнае меркаванне мае адметную залежнасць ад тых ці іншых жанраў. Лічыцца, што датычна інфармацыйных жанраў (інфармацыя, інтэрв’ю, рэпартаж) дастаткова абмяжоўвацца бесстароннім выкладаннем фактаў, думак суразмоўцы, ходу тых ці іншых падзей. Спажыўцы інфармацыі, маўляў, самі зробяць з яе высновы. Яно так. І, безумоўна, з'яўляецца прыкметай паважлівага стаўлення журналіста і СМІ да аўдыторыі. Але ці не закладзеныя ў такі падыход пэўныя хітрыкі? І на інфармацыі, і на пытаннях у інтэрв’ю, і на рэпартажы, асабліва тэкставым, не цяжка заўважыць адбітак уласнага меркавання аўтара альбо рэдакцыі СМІ. Ці парушаюцца пры гэтым этычныя стандарты прафесіі? Парушаюцца, калі навідавоку альбо прыхаванае маніпуляванне фактамі і сэнсамі. Дастаткова скарыстацца правам на аўтарскі ці рэдакцыйны каментар.

Іншая справа — жанры аналітычна-публіцыстычнага кшталту (артыкул, нарыс, эсэ, фельетон). Менавіта яны з этычнага пункту гледжання дазваляюць стоадсоткава рэалізаваць права журналіста на ўласнае меркаванне. Між тым заўважана, як збяднела журналістыка на згаданыя жанры. Захаваўся як жанр толькі аналітычны артыкул, збольшага з-пад пяра палітыкаў, адмыслоўцаў у тых ці іншых сферах жыцця. Дастаткова вялікую папулярнасць набылі артыкулы палітычных аглядальнікаў, каторыя (якія) часцяком кваліфікуюць сябе ў якасці палітолагаў. Але ці журналістыка гэта — пытанне спрэчнае.

4. Права на ўласнае меркаванне вымагае ад журналіста высокай адказнасці. Нягледзячы на тое, што яно мае ўніверсальны характар, яго ў пэўным сэнсе трэба заслужыць у вачах калег і, галоўнае, аўдыторыі. То бок заслужыць сабе Імя.

           

РЭКАМЕНДАЦЫІ

Усведамляючы дыскусійны характар праблемы, працоўная група Камісіі па этыцы ГА «БАЖ» (С. Ваганаў, Дзм. Падбярэзскі, Зм. Панкавец) рэкамендуе:

1. Выключыць з Кодэкса прафесійнай этыкі ГА «БАЖ» (раздзел «Свабода друку»), як не маючыя сэнсу з гледзішча захоўвання бесстароннасці, патрабаванні:

а) садзейнічаць «рэалізацыі права выказваць непапулярныя меркаванні ці пагаджацца з поглядамі большасці»;

б) «...у сваёй прафесійнай дзейнасці... заставацца нейтральным і аб'ектыўным».

2. Рэкамендаваць рэдакцыям незалежных СМІ распрацаваць уласныя Кодэксы (прынцыпы) журналісцкай этыкі на падставе Дэкларацыі прынцыпаў прафесійнай этыкі ГА «БАЖ».

3. Садзейнічаць жанравай разнастайнасці журналісцкіх публікацый, маючы на ўвазе рэалізацыю права журналістаў на ўласнае меркаванне.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!