1222

"Белсат" у абмен на "дыялог" з афіцыйным Менскам?

21.06.2016 Крыніца: Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

“Зачыніць тэлеканал “Белсат”, а грошы аддаць на падтрымку польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі, і на тэлевізійны канал “TVP Polonia” для палякаў за мяжой”. З такой ідэяй выступіў дэпутат польскага Сейму, які не належыць ні да ніякай фракцыі, старшыня арганізацыі Нацыянальны рух (Ruch Narodowy) – Робэрт Вінніцкі.

p1.jpeg

У размове з нашым радыё дэпутат патлумачыў сваю пазіцыю наступным чынам:

– Палітыка Польшчы ва ўсходнім напрамку за апошнія гады паказала сваю безвыніковасць. Я лічу галоўным прыярытэтам гэтай палітыкі – падтрымку польскай нацыянальнай меншасці, у тым ліку ў Беларусі. Таму Польшча павінна прапанаваць Беларусі вельмі просты варыянт: павага да палітычнай сувярэннасці дзяржавы, гэта значыць, што Польшча ні ў якім выпадку не будзе ангажавацца ў беларускія палітычныя спрэчкі ўнутры краіны, а замест – павага да правоў нацменшасцяў у абодвух дзяржавах. Гэта азначае, што Менск дазволіў бы існаванне школаў польскай меншасці ў Беларусі. І гэта сутнасць маёй прапановы, і прапановы, з якой павінна выступіць Польшча. Палітыка ў дачыненні да суседніх краінаў, якая накіраваная на падтрымку апазіцыйных настрояў у стаўленні да афіцыйнай ўлады, даволі рызыкоўная. Мы павінны як дзяржава мець магчымасць размовы і паразумення з уладамі іншай дзяржавы, незалежна ад таго, якія яны, і такім чынам рэалізоўваць польскія інтарэсы. І мы робім спробу, і паглядзім, што з гэтага выйдзе.

Робэрт Вінніцкі не ведае, колькі дэпутатаў Сейму падтрымлівае яго ідэі, але кажа, што яго падтрымліваюць чальцы польска-беларускай парламенцкай групы. Гэтая група ўключае 24 асобы, пераважна чальцоў партыі Kukiz’15 і PSL, і ўтварылася афіцыйна ў красавіку. Падобная група некалькі існавала ў польскім парламенце, але была ліквідаваная пасля таго, як улады Беларусі рэпрэсавалі Саюз палякаў у Беларусі і перанялі Польскія Дамы. Як паведаміла Rzeczpospolita, Робэрт Вінніцкі выступіў са сваёй прапановай у сацыяльных сетках пасля сустрэчы з паслом Беларусі ў Польшчы – Аляксандрам Авяр’янавым.

“Голас Робэрта Вінніцкага не так хвалюе, як пазіцыя ў гэтай справе Міністэрства замежных спраў Польшчы” – кажа дырэктарка “Белсату” – Агнешка Рамашэўская-Гузы:

p2.jpg

– Я спадзяюся, што гэта не ўплывае на рэальнае фінансаванне “Белсату” з боку польскага ўраду, што гэта толькі ідэі гэтага дэпутата, погляды. У Польшчы – дэмакратыя, і кожны можа мець свае погляды, у тым ліку і ён, і ён можа хацець знішчыць “Белсат”. Але што напраўду было б кепска – гэта калі б улада сапраўды хацела гэта зрабіць. Я спадзяюся, што да гэтага справы не дойдуць, хоць мяне непакоіць сітуацыя ў сувязі з “пацяпленнем” стасункаў з Беларуссю, а таксама ў сувязі з адсутнасцю бачання ў пэўных структурах перспектываў такіх праектаў як “Белсат”. І баюся націскаў дыпламатычных, кшталту, навошта гэты “Белсат”, ён замінае нашым стасункам. І гэтага баюся больш, чым меркавання спадара Вінніцкага – прадстаўніка апазіцыі, дарэчы, якая сёння не шмат можа. Мяне больш непакоіць становішча ў гэтай справе Міністэрства замежных спраў Польшчы.

Паводле Агнешкі Рамашэўскай-Гузы, заходнія краіны спынілі фінансаванне “Белсату”, а гэта адна-чацьвёртая, а пэўны час і адна-трэцяя частка ад фінансавых сродкаў. Гэта найперш паўночныя краіны – Швецыя, Нарвегія, але раней былі Нідэрланды, а таксама Канада, Еўрапейская камісія. Гэтае фінансаванне ў апошнія гады змяншалася, а сёлета фактычна спынілася.

– І цяпер справа за канкрэтным рашэннем нашых заснавальнікаў – МЗС і польскага тэлебачання. Што ў гэтай сітуацыі зрабіць: ці мы спрабуем змагацца са спадзяваннем, што ўсё наладзіцца, ці пакідаем усё як ёсць. Без гэтых грошай “Белсат” не вытрывае. Калі польскае тэлебачанне, мне здаецца, добра разумее сітуацыю, то МЗС Польшчы – не ведаю гэтага дакладна – мяне непакоіць вельмі, даходзяць розныя да мяне сігналы.

Старшыня Галоўнай рады Саюзу палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс, каментуючы сітуацыю, у якую Саюз трапіў між сваёй волі, выказвае свае словы падтрымкі незалежнаму тэлеканалу:

p3.jpg

– Праект “Белсат” і праект дапамогі Палоніі і палякам – гэта абсалютна розныя справы, яны не перасякаюцца паміж сабой. Гэта было б нелагічна, каб столькі заінвеставаць у праект “Белсат”, які ўвесь час развіваецца, а цяпер гэта спыніць – гэта недахоп паслядоўнасці ў дзейнасці. Тым больш, што “Белсат” пачаў існаванне пры партыі ПіС, якая цяпер пры ўладзе. Напэўна, палякам на Беларусі пасля ліквідацыі “Белсату” лепей не стане. Я не веру ў тое, што пасля ліквідацыі “Белсату” ў Беларусі з’явяцца польскія школы і ўсё ў польскай нацыянальнай меншасці будзе добра. Нармалізацыя сітуацыі з польскай меншасцю – гэта пытанне палітычнай волі, якую можна выявіць незалежна ад існавання “Белсату”. Гэтая воля або ёсць, або яе няма.

У гэтай сітуацыі вельмі значны ліст у падтрымку тэлеканала, які напісалі шэраг вядомых беларусаў – нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, экс-старшыня Беларускай Асацыяцыі Журналістаў Жана Літвіна, першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, лідар праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі, паэт, палітык Уладзімір Някляеў, палітык Мікалай Статкевіч ды іншыя асобы.

Сярод падпісантаў таксама старшыня Руху “За Свабоду” – Аляксандр Мілінкевіч:

p4.jpg

– Лёгкага жыцця ніколі не было ні ў “Белсата”, ні ў Радыё Рацыя, таму што заўсёды былі розныя погляды на ўсходнюю палітыку. Але для мяне гэтыя праграмы, а таксама Праграма Каліноўскага – гэта такія сімвалы, сцягі, якія дэманструюць польскую палітыку, у тым ліку маральную, каштоўнасную, стратэгічную палітыку на ўсходзе. Гэтыя праграмы павінны захоўвацца, бо гэта не толькі ў інтарэсах беларусаў, не толькі ў мэтах праяваў салідарнасці, але і ў мэтах бяспекі самой Польшчы на фоне таго, як Расея сябе агрэсіўна паводзіць, і расейская прапаганда выйграе ў Беларусі. Фота Agencja Gazeta / Fot. Agnieszka Sadowska Agenc – На жаль, Праграма Каліноўскага скончвае сваё існаванне ў ранейшым фармаце. І галоўны аргумент – што няма рэпрэсаваных студэнтаў, але гэта зусім не так. Да нас надалей прыходзяць сігналы ўціску студэнтаў па палітычных поглядах і выкідаюць студэнтаў з навучання. Гэтая праграма – патрэбная. Я бачу ўсходнюю палітыку наступным чынам: дыялог неабходны, ізаляцыя Беларусі – стымуляцыя нашага адыходу ў Расею. Але дыялог павінен быць каштоўнасным, з умовамі, і крытычным. Калі дыялог – толькі супраца з уладай, то гэта гіблая справа для нашай краіны. Маю надзею, што тыя, хто вырашае лёсы гэтых праектаў, змогуць іх захаваць. Трэба працаваць стратэгічна. А стратэгічна Польшчы патрэбная незалежная, вольная Беларусь.

Белсат – гэта спадарожнікавы тэлевізійны канал, які працуе на беларускай мове, уваходзіць у склад польскага тэлебачання TVP, і фінансуецца польскім Міністэрствам замежных спраў. Вяшчанне на Беларусь тэлеканал пачаў у снежні 2007 году.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!