235 0

«Белпартызан» працягвае прытрымліваецца правіла, заведзенага Шараметам — Калінкіна

10.02.2017 Крыніца: "Радыё Свабода", Дзміры Гурневіч

Пасьля забойства Паўла Шарамета створаны ім сайт «Беларускі Партызан» апынуўся ў крытычнай сытуацыі. Без стваральніка рэсурсу, які часта фінансаваў яго з уласных сродкаў, існаваньне «Белпартызана» было пад пытаньнем.

Летась у інтэрвію Свабодзе журналістка Сьвятлана Калінкіна распавяла, што яе апошняя перапіска з Шараметам датычыла менавіта працы сайту:

«Цяпер я ня ведаю, што будзе як з гэтым праектам, так і зь іншым — «Гістарычнай праўдай». Таму гэты клопат нашай мэдыя-супольнасьці, напэўна, трэба будзе браць на сябе» — сказала летась у ліпені Калінкіна.

Праз паўгоду пасьля гэтых словаў Свабода пацікавілася ў журналісткі, як «Беларускі партызан» дае сабе рады без заснавальніка і шматгадовага рэдактара Паўла Шарамета.

Гурневіч: Сьвятлана, ці зьмянілася ўвогуле нешта ў працы «Белпартызану» пасьля забойства Паўла Шарамета?

Калінкіна: Зьмянілася тое, што «Белпартызану» цяпер трэба працаваць без чалавека, які быў энэрджайзэрам праекту, які меў шмат кантактаў, які меў доступ да інсадэйрскай інфармацыі. Цалкам гэта кампэнсаваць немагчыма. Таму «Белпартызан» шукае іншыя «нішы», каб палепшыць кантэнт. У першую чаргу — праз павелічэньне колькасьці і якасьці эксклюзыўных тэкстаў і пашырэньне «геаграфіі тэмаў». Беларусь — не сама па сабе са сваімі цікавымі і ня вельмі навінамі, а ў кантэксьце агульнаэўрапейскіх, сусьветных і рэгіянальных тэндэнцый. Сайт цяпер спрабуе выпрацоўваць гэткі погляд на падзеі ў нашай краіне.

Гурневіч: Пасьля забойства Паўла Вы казалі, што ён фінансаваў праект у тым ліку і са сваіх грошай, і што далейшае існаваньне можа быць пад пытаньнем. Ці сёньня гэтае пытаньне яшчэ актуальнае?

Калінкіна: Сайт працуе. Дзякуй Гуглу, пры разьмеркаваньні рэклямы яны ня ўлічваюць палітычную каньюнктуру, а ўлічваюць толькі колькасьць наведвальнікаў, колькасьць уваходаў на старонкі. Так што глеба ёсьць.

Гурневіч: Дарэчы, ці зьмянілася нейкім чынам рэдакцыйная палітыка сайту і колькасьць карыстальнікаў?​

Калінкіна: Палітыка, як мне падаецца, не зьмянілася, хаця надаўна была гарачая дыскусія наконт таго, ці трэба даваць магчымасьць мець блог на «Белпартызане», напрыклад, Дыянаву. Некаторым не падабаецца Кадыраў, некаторым — Валчанін, некаторым — Падгол… Ды ці мала хто каму не падабаецца. Але пакуль сайт прытрымліваецца правіла, заведзенага Шараметам, погляды могуць быць рознымі, яны могуць не падабацца і нават не прымацца тым ці іншым, але лепш пра гэтыя погляды ведаць, дыскутаваць, шукаць аргумэнты, чым штучна ствараць «віртуальныя клюбы аднадумцаў». А што тычыцца колькасці карыстальнікаў, то яна расьце. На галоўнай старонцы ёсьць лічыльнік, які фіксуе колькасць наведвальнікаў у дзень, у тыдзень, у месяц. Мяне гэта цешыць.

Гурневіч: Сьвятлана, а што для Вас у місіі «Белпартызану» найважнейшае?

Калінкіна: Я не зьяўляюся рэдактарам сайта. Я хутчэй «назіральная рада» і дарадца. Найважнейшае — аналізаваць і апісваць падзеі з пункту гледжаньня здаровага сэнсу. Рэдакцыя сур’ёзна думае над паляпшэньнем якасьці аналітычных матэрыялаў і над тэмамі для сваіх журналісцкіх расьследваньняў.

Гурневіч: МУС Украіны сярод магчымых прычын забойства Паўла называе і яго дзейнасьць у Беларусі. Наколькі гэтая думка пад сабой рэальны грунт?

Калінкіна: Тэарэтычна — усё можа быць. Тэарэтычна, падкрэсьліваю, у Беларусі можа быць нямала «дабразычліўцаў» Паўла, якія шмат гадоў выношвалі пляны помсты. Але, наколькі я ведаю, ніякіх сьледчых дзеяньняў у Беларусі пасьля забойства Паўла не праводзілася. Як я разумею, гэта азначае, што і украінскія сьледчыя вэрсію пра беларускі сьлед агучваюць выключна як тэарэтычную.

Каментары