НЕ - ВАЙНЕ!
2165

Беларускія журналісткі: дробныя выпадкі на гендарнай глебе здараюцца, але ў цэлым роўнасць ёсць

08.07.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", фота ўзята з ФБ-акаўнтаў

Прэс-служба ГА “БАЖ” апытала беларускіх калег і пацікавілася, ці сутыкаліся яны ў журналістыцы з дыскрымінацыяй па гендарным прынцыпе.

Анастасія Зелянкова: “Нежаночых” тэм няма, пішам і пра футбол, і пра хакей

– Мне падаецца, што ў нашай прафесіі галоўнае – быць прафесіяналам, а мужчына ты ці жанчына – няма ніякай розніцы. Сказаць, што гэта дапамагала б ці перашкаджала нейкім чынам, я не магу. У беларускай журналістыцы вельмі шмат працуе жанчын і якасць журналістыкі ад гэтага ніякім чынам не становіцца горш ці лепш. Калі браць “Салідарнасць”, то ў нас адназначна няма нейкіх “жаночых” ці “нежаночых” тэм: я раблю матэрыялы і на палітычныя, і на эканамічныя тэмы. Калі трэба, мы ўсе спакойна бярэмся і за футбол, і за хакей. Так што ніякай няроўнасці я не адчуваю.

Марыя Эйсмант: У “Народнай волі” ўвогуле большасць менавіта журналістак

– За шмат гадоў сваёй працы я ніколі не адчувала нейкага іншага стаўлення да сябе, чым да журналістаў-мужчын. У нас у “Народнай волі” ўвогуле большасць журналістак-жанчын працуе, і мы бярэмся за любыя тэмы – не важна, складаныя яны ці не. Таму перадузятага стаўлення няма, і наогул шмат чаго ляжыць на жаночых плячах у нашай газеце і ў беларускай журналістыцы.

Ірына Арахоўская: На мяне часам глядзяць, як на дзевачку з камерай

– Часам здараюцца выпадкі, калі да мяне крыху перадузята калегі ставяцца. Я, канешне, не маю на ўвазе сваю рэдакцыю, а кажу пра працу “ў полі”. Часам прыходзіш здымаць нейкае мерапрыемства, а некаторыя калегі глядзяць, як на дзевачку з камерай, а не як на журналіста. Часам гэта адыгрывае станоўчую ролю, бо хтосьці з калег-мужчын саступіць мне месца. А быў выпадак, калі адзін з калег адпіхнуў мяне падчас здымак і зламаў тэлефон, на які я тады здымала. Маўляў, не перашкаджай тут фатографам здымаць. Цяпер у такіх выпадках я прапаную чалавеку хоць некалькі хвілін патрымаць сваю апаратуру – каб яны зразумелі, што маю працу зробіць яшчэ і не кожны мужчына.

Наста Храловіч: Я працавала ў рэдакцыях, дзе роўнасць ёсць

За час маёй працы журналісткай мне шмат разоў казалі, што “гэта не жаночая справа”. Маўляў, няма чаго табе камеру цягаць, трэба дзяцей нараджаць. Але гэта ніяк наўпрост не ўплывала на мае магчымасці. То бок не было такога, што па гендарным прынцыпе мяне не ўзялі на нейкую працу. Ды і тэмы я здымаю абсалютна розныя, нават футбол.

Дарэчы, калі я аднойчы здымала футбол, нейкі дзядзечка спачатку навіс над маім месцам фатографа, а потым яшчэ і пачаў бурчэць, што я нібыта яму перашкаджаю. Але не ведаю, наколькі гэта датычыць гендару – магчыма, ён гэтак жа паставіўся б да любога. А вось знаёмыя фатографы-мужчыны заўсёды да мяне добра ставяцца і часам нават дапамагаюць. Таму, калі падсумаваць, –  роўнасць ёсць. Прынамсі, я працавала менавіта ў такіх рэдакцыях.

Марына Коктыш: Дыскрымінацыі па гендарным прынцыпе ніколі не было

Я ніколі не сутыкалася з дыскрымінацыяй па гендарным прынцыпе. Ніколі ў працы са мной людзі не рабілі ніякіх спасылак на тое, што я жанчына, “бландынка”... То бок гэта не перашкаджала ў працы, але і не дапамагала асабліва. Хіба што на ўзроўні жартаў з калегамі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!