384

Беларускія сайты зрабілі адказнымі за тое, што на іх пішуць карыстальнікі

23.09.2019 Крыніца: "Радыё Свабода"

Адзін з пунктаў указу Аляксандра Лукашэнкі «Аб асаблівасьцях выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту сеткі Інтэрнэт» (PDF), апублікаванага 21 верасьня, ускладае адказнасьць за зьмест інфармацыі, што разьмясьціў карыстальнік, ня толькі на самога карыстальніка, але і на сайт, на якім зьявілася тая інфармацыя.

Пункт 12 ранейшага «інтэрнэт-указу» 2010 году ўскладаў адказнасьць за разьмешчаную ў інтэрнэце інфармацыю толькі на таго, хто яе разьмясьціў. Цяпер гэты пункт сфармуляваны так:

«Адказнасьць за зьмест інфармацыі, што разьмяшчаецца (перадаецца) у нацыянальным сэгмэнце сеткі Інтэрнэт, нясуць асобы, якія разьмясьцілі (перадалі) гэтую інфармацыю, і ўладальнікі інфармацыйных рэсурсаў, разьмешчаных у сетцы Інтэрнэт».

Аляксей Казьлюк, архіўнае фота

Юрыст і сузаснавальнік праваабарончай арганізацыі Human Constanta Аляксей Казьлюк у камэнтары Свабодзе адзначае: цяпер гэта адпавядае закону «Аб СМІ», дзе адказнасьць ускладаецца на ўладальнікаў выданьняў, а раней было супярэчаньне, бо ўказ 2010 году ўскладаў адказнасьць на таго, хто разьмяшчаў інфармацыю. Але што будзе з сайтамі іншага кшталту, невядома.

«З аднаго боку, прыбралі супярэчаньне, — разважае Аляксей Казьлюк. — Але зь іншага, здаецца, што ня ў той бок.

Уявім сабе працу інтэрнэт-пляцовак кшталту Фэйсбуку, што можа зьявіцца ў нацыянальным сэгмэнце інтэрнэту. Калі карыстальнік разьмяшчае пост ці камэнтар, то трэба накіраваць высілкі, каб, калі гэты пост мае проціпраўнае зьмесьціва, знайсьці гэтага карыстальніка і пакараць. Але замест гэтага выходзіць, што пляцоўка будзе несьці адказнасьць і, адпаведна, ва ўладальніка інтэрнэт-рэсурсу зьяўляецца неабходнасьць уводзіць цэнзуру, жорсткую мадэрацыю».

Тое, што мусіў бы разьбіраць суд, давядзецца рабіць мадэратарам, кажа Аляксей Казьлюк, а без адпаведнай юрыдычнай адукацыі можа быць цяжка адрозьніць законнае ад незаконнага.

Правайдэраў абавязалі выдаваць гісторыю наведваньняў праваахоўнікам

У 2015 годзе правайдэраў абавязалі захоўваць гісторыю наведваньня карыстальнікаў цягам году, але тая пастанова не абавязвала штосьці камусьці выдаваць.

Згодна ўказу 2010 году, пастаўнікі інтэрнэт-паслугаў былі абавязаныя выдаваць на запыт праваахоўнікаў (у тым ліку органаў папярэдняга сьледзтва і падатковай інспэкцыі) пэрсанальныя зьвесткі карыстальніка або зьвесткі пра прыладу карыстальніка, а таксама зьвесткі «аб аказаных інтэрнэт-паслугах», але гісторыя наведваньняў там ня згадвалася наўпрост.

Цяпер адпаведны пункт удакладнілі, дадалі фразу «…і наведаных карыстальнікамі інтэрнэт-паслугаў інфармацыйных рэсурсаў (іх складніках)…».

Фактычна абавязкі правайдэраў засталіся бязь зьменаў, тлумачыць Казьлюк.

«Гэтая практыка парушае права на прыватнасьць, бо парадак выкарыстаньня пра аказаныя паслугі ня вызначаны выразна, — дадае ён. — У прыватнасьці, пры якіх умовах спэцслужбы могуць атрымліваць доступ да такой інфармацыі».

Што яшчэ зьмянілі

У новым указе замацавалі такую норму: грошы за дамэнныя імёны, прададзеныя праз аўкцыёны, накіроўваюцца дзіцячым дамам (якім менавіта, вырашае пакупнік).

Такое яшчэ да ўказу практыкавала кампанія Hoster.by, якая ладзіла аўкцыёны з «прыгожымі» дамэннымі імёнамі, за якія не заплацілі ў належны тэрмін (напрыклад, у 2013 годзе імя Online.by прадалі за 100 млн рублёў).

Апэратыўна-аналітычны цэнтар атрымаў больш паўнамоцтваў — цяпер ён арганізуе міжнародную супрацу ў пытаньнях бясьпекі інфармацыі ў інфармацыйных сетках і выступае ў якасьці нацыянальнага цэнтру рэагаваньня на кампутарныя інцыдэнты.

Таксама ААЦ вызначае парадак фармаваньня базаў уладальнікаў дамэнных імёнаў і парадак доступу да іх; вызначае пастаўнікоў інтэрнэт-паслугаў для дзяржаўных органаў; можа зьбіраць пэрсанальныя зьвесткі ўладальнікаў дамэнаў бязь іх згоды для фармаваньня адпаведнай базы.

Аляксей Казьлюк адзначае: цікава, што з указу 2010 году зь неназванай прычыны прыбралі пункт пра спыненьне доступу да незаконнай інфармацыі, порна ці прапаганды гвалту на просьбу карыстальніка. Юрыст кажа, што такую паслугу абанэнтам ужо даўно аказваюць правайдэры (звычайна гэта завецца «бацькоўскім кантролем»), таксама такая паслуга можа выкарыстоўвацца для адукацыйных установаў. Што азначае зьнікненьне абавязку аказваць такую паслугу, невядома.

«Мы бачым, што зьмены ёсьць: некаторыя больш істотныя, некаторыя менш, — рэзюмуе Аляксей Казьлюк. — Нейкай радыкальнай зьмены палітыкі адносна інтэрнэту няма. Больш за тое, мы бачым, што ўсё больш і больш паўнамоцтваў перадаецца профільным міністэрствам і ведамствам, прыбіраюцца супярэчаньні. Мы як праваабаронцы хацелі б бачыць рух у бок большай свабоды інтэрнэту, але, на жаль, гэтага няма і пакуль не прадбачыцца».