104 0

Беларуска Алена Германовіч: «Сябе ж я не кіну, застацца адной не выпадае»

12.10.2017 Крыніца: VELVET, Анна Северинец

Рэпарцерка агенства БелаПАН Алена Германовіч шукае адказы на праклятыя пытанні беларускай паўсядзеннасці.

velvet__1.jpg

 Ці бачыце Вы сэнс у сваей прафесіі? У чым ен? Акрамя, канешне, заробка.

— Сэнс, як і апраўданне самому сабе, можна знайсці ва ўсім. Калі захацець — дык свет белы аббяжыш і знойдзеш — як сэнс, так і апраўданне. 

Апошнім часам, калі я задаю сабе пытанне наконт сэнсу маей працы то адказваю: «Ну а што рабіць?» Капаць не ўмею, прасіць саромеюся. Часам мне здаецца, што навіны, якія я пішу — гэта мастацкія плеткі. Добрая пляткарка, каб нешта новенькае даведацца — аббяжыць усю веску, зазірне ва ўсе закуткі, шчыліны ў брамцы, пацікуе праз зачыненыя фіранкі — так і тут. Бегаеш, шукаеш, вушы і вочы трымаеш заўседы напагатоў, нехта недзе нешта ляпнуў — правяраеш, аздабляеш гэта прыгожымі, карункавымі, а калі разумнейшы — мудрагелістымі словамі, бярэш каментарый у якога-небудзь эксперта — і гатова. 

Я люблю такія навіны з каментарыямі экспертаў. Напрыклад: «Беларусь у бліжэйшы час не плануе разводзіць у прамысловых мэтах цюленяў» — і далей некалькі каментарыяў біелагаў, метэаролагаў, абаронцаў жывел, доктара якіх-небудзь навук — для пераканаўчасці. 

Ці люблю такія каментарыі: «Аспрэчваюць». «У Акадэміі навук аспрэчваюць,  што…» «У адміністрацыі Цэнтральнага раена Гомеля аспрэчваюць, што…» Што, напрыклад, ваверак у парку будуць карміць тры разы на дзень гарачай ежай з камбінату школьнага харчавання. Ніхто і не збіраўся — але нехта недзе ляпнуў, а ты ўзяў каментарый у спецыялістаў…

Сэнс — у занятасці: здаецца, нешта робіш. Часам можна пафаснічаць перад сабой: я дапамагаю людзям… Калі пішаш пра сацыяльныя праблемы.

Сэнс… Як пісаў Курт Ванегут: «Людзі ўвесь час ці паміралі з суму, ці абміралі са страху». Я паміраю з суму. А калі напішу які «рэзкі» ці выкрывальніцкі артыкул — паміраю са страху. Але страх мінае, і зноў прыходзіць сум. І тады шукаеш нешта такое, за што было бы потым страшна.

Нядаўна было страшна, і я казала сабе: «Больш ніколі, ніколі зноў! Пра коцікаў буду пісаць! Пра гартэнзіі! А праз дзень зноў недзе сакрэтнічала са сваімі «крыніцамі», журботна думаючы: «Свіння бруду знойдзе…» Папраўдзе, нічога такога, але гэта не такі і вялікі горад, дзетка. Тым больш калі вакол усе ўсяго баяцца — цяжка не ўляпацца ва ўсе гэта «вой, як страшна».

velvet__2.jpg

— Дэфіцыт шчырасці, які ўзнікае з-за абмежавання рэдакцыйнай палітыкі, заканадаўства, сення з лішкам папаўняюць блогеры. 

Ці не ўзнікае жаданне: усе кінуць і сысці ў блог і пісаць там ад душы?

— Ад душы шчыра я пісала ў блог, калі тусіла ў «Жывым часопісе». Зараз разумею, што гэта была псіхатэрапія, прымальная для таго ўзросту. У FB, такое суб'ектыўнае ўражанне, людзі больш прымаюць «пазітыўчык», і гэта правільна, таму што ў кожным чалавечым жыцці хапае траблаў, жарсцяў, праблемаў і гемараў, каб яшчэ і ў віртуальным свеце на гэтым зацыклівацца. 

Апошнім часам прыходзіць разуменне, — ці прасвятленне, ці наадварот ачмурэнне — што нікому твая шчырасць і «пакуты» не патрэбныя і не цікавыя, такі тавар «не прадаецца». Таму і не хочацца стаяць на «кірмашыку» і роспачна ўзірацца ў спіны мінакоў, працягваць свае «лахманы» з дзіркамі і латкамі тым, хто прыйшоў набыць новенькае норкавае футра.

(Насамрэч мне цікава ў асноўным толькі з двума чалавекамі «быць шчырай» — з адной кабетай, з якой нядаўна пазнаеміліся. Яна доўга не жыла ў Беларусі, таму «свежая кроў». І з самой сабой. Спадзяюся, гэта не псіхічнае захворванне, а калі і так — нічога страшнага, бо сама сябе ж я не кіну, так што баяцца застацца адной не выпадае).

velvet__3.jpg«Апошнім часам прыходзіць разуменне, што нікому твая шчырасць і «пакуты» не патрэбныя і не цікавыя»

 Ці есць хто-небудзь з калег-журналістаў, якога вы з задавальненнем чытаеце як чытач? А такое выданне есць?

— Апошнім часам з задавальненнем сачу за тым, што робіць перыядычна «Радые Свабода». Вельмі моцна, цікава і сучасна былі зробленыя матэрыялы пра Ельню, пра тое, як пякуць хлеб па 200-гадоваму рэцэпту, пра пратэстантаў у Альшанах, гісторыя выратавання навагрудскай сям'і Кушнераў — сваякоў Трампа, якую падрыхтавала Аляксандра Дынько. 

Вяртаючыся да шчырасці — з задавальненнем чытала «Падарожжы» Зміцера Бартосіка — у яго хапае і смеласці, і ўмеласці, напрыклад, разгаварыць суразмоўцаў, нават такіх, якія забівалі людзей ў вайну. Уражана. Асабліва запомніла яго тэкст з водгукамі былых аднавяскоўцаў, настаўніц Святланы Алексіевіч, якія жывуць у Петрыкаўскім і Мазырскім раенах.

Цікава, што перад тэкстам Бартосіка на тых «малых радзімах» былі і іншыя журналісты, але яны пісалі збольшага схематычна, так бы і я напісала: «Ах, ганарымся зямлячкай, памятаем, любім»... 

Пра Галапагосы нядаўна вельмі захапляльна было прачытаць на той жа «Свабодзе» ад Ігара Карнея. «Пяціхвілінкі» па мове ад Вінцука Вячоркі выклікаюць ва мне «душэўнае трымценне», бо калі чалавек любіць тое, чым ен займаецца — гэта не можа не захапіць іншых.

velvet__4.jpg«Калі чалавек любіць тое, чым ен займаецца — гэта не можа не захапіць іншых»

 Сучасным беларускім жанчынам наогул ці патрэбная журналістыка? І якая яна павінна быць, каб сапраўды цікавіць?

— Журналістыка канешне патрэбная. Бо ўсіх людзей цікавяць, прынамсі, навіны. Як сустракаюцца, то пытаюцца: «Што новенькага?». Розная патрэбная журналістыка.

Маей адной прыяцельцы патрэбны толькі навіны пра адзенне ды касметыку, навінкі па паляпшэнню скуры — крэмы з муцыну слімакоў, з «талай вады альпійскіх леднікоў», і «ластаўчыных гнездаў», пра што яна мне з неверагодным задавальненнем любіць распавядаць. А я люблю такія расповеды пра навіны касметычнай індустрыі, бо яны вельмі смешныя. 

Іншай падавай ІГІЛ, Трампа, фосфарныя бомбы, незалежнасць Каталоніі, праблемы анэксаваных тэрыторый. 

Трэцюю цікавяць толькі сабакі і ўсе навіны, звязаныя з жывельным светам. На кожны тавар знойдзецца свой пакупнік.

 Боль сучаснай беларускай жанчыны — у чым ен?

— Праўда — не ведаю. Непрыемна, калі зубы баляць. Ныркі таксама. Суставы баляць, галава... 

Душэўны боль непрыемны, але і ен лекуецца. Сродкаў хапае — і натуральных (парк, прырода, грыбы, літаратура, музыка), і фармакалагічных.

velvet__6.jpg«Душэўны боль непрыемны, але і ен лекуецца»

 Ці шмат магчымасцяў у сучаснай беларускі для самарэалізацыі?

— Я думаю, што есць (гвалт зараз будзе) усе магчымасці. Бо «самыя каштоўныя перамогі — тыя, што даюцца праз пераадольванне сябе, праз цяжкасці» (зноў кінулася ў пафас, ніяк не магу пазбавіцца гэтага). 

Мая знаемая захапілася ткацтвам. Сама станок зрабіла, сама тчэ, і вельмі прыгожыя стылевыя рэчы. Думаю, калі яна будзе іх прадаваць — тавар не заляжыцца на паліцах. Наконт паліц таксама — іншая такую краму стварыла «Свая палічка», дзе сабрала рамеснікаў, іх вырабы, дала магчымасць прадавацца, праводзіць майстра-класы.

Але што гэта я пра «жаночыя» штучкі... Калі я захацела займацца скалалажаннем, то мне таксама ніхто не чыніў супраціў. Набыла сабе скальнікі і страхоўку і пайшла сабе лазіць па скаладроме, нягледзячы на «узрост». 

Калі я захачу напісаць «оперу» ці «раман» — то ніхто ж не забярэ ў мяне ноўтбук. Гледзячы куды чалавека цягне, у які бок. Здаецца, праблема не ў адсутнасці магчымасцяў (хаця і павінна быць такая праблема), а ў тым, што цяжка разабрацца — што ты хочаш насамрэч? 

Мой адзін прыяцель вельмі сумны апошнім часам. Кажа — праца надакучыла (даволі высакародная, дарэчы), не магу больш. Кажа: «Вось няма такога, каб сказаў, што гэта — справа майго жыцця, разумееш?!» — таксама недзе пафасу нахапаўся. Я кажу: «Дык а што ты хочаш? Ты ведаеш наогул, што ты хочаш?» — «На канапе хачу ляжаць, у інтэрнэце сядзець, тэлевізар глядзець....» От табе і «справа ўсяго жыцця».

velvet__7.jpg«Каго не сустрэнеш — усе на адной хвалі — стомленыя і прыгнечаныя»

 Як вам здаецца, на ваш востры прафесійны погляд, чаму мы ўсе зараз нейкія стомленыя і прыгнечаныя? Ці ня ўсе?

— Амаль усе — стомленыя і прыгнечаныя. Менавіта! Каго не сустрэнеш — усе на адной хвалі — стомленыя і прыгнечаныя. Не хапае кіслароду, як пісаў Віктар Марціновіч. Рэальна не хапае. Як каго сустрэнеш — 100% стомлены і прыгнечаны. 

Ужо і не хочаш нікога сустракаць — бо як у люстэрка пазіраеш, якое выдае табе непрыгожую карцінку з нейкім перапалоханым тварам, зморшчынамі, адбіткам усіх бур і ліхалеццяў здаецца, не толькі гэтага, але і мінулых усіх пакаленняў. На цябе глядзіць чалавек з нейкім посттраўматычным сіндромам, нібыта некалькі войнаў перажыў! 

Ох... Чаму — заганнае пытанне. Нават задаваць яго заганна. Гэта так мудра і хітра я адказала, каб не паказваць свае глупства, што я не ведаю, банальна не ведаю.

velvet__5.jpg«Што такое шчасце і няшчасце, як не навязаныя нам трафарэты, шаблоны, стэрэатыпы»

 Як спалучаецца прафесія журналіста са шчаслівым сямейным жыццем? Ці няма пачуцця віны перад сям'ей?

— Як ты ў прафесіі «удаўся», так і ў сям'і. Усе ўзаемазвязана. Каб я была супер-пупер у прафесіі, то і ў сям'і было бы ўсе добра. А так... Так-растак. Вось і шчырасць, пра якую вы раней пыталіся. 

Пачуцця віны я стараюся пазбягаць, супакойваючы сябе, вычытаўшы ў Энтоні Мэло такое: «Ніхто не вінаваты. Ніх-то!». Хаця што такое шчасце і няшчасце, як не навязаныя нам трафарэты, шаблоны, стэрэатыпы? Багаты — шчаслівы? Здаровы — шчаслівы? Сям'я, дзе ніколі не сварацца — шчаслівая? 

Скажу прама — у нашым родзе не было такіх людзей «хрэстаматыйна-паспяховых», на агульна-прыняты погляд мы былі ўсе недарэкамі. І чаму тады я павінна ламаць усю сістэму, перакручваць і змяняць хаду гісторыі, падводзіць продкаў і рабіцца раптам «паспяховай»? 

Неяк малому загадалі ў школе нешта спекчы, змайстраваць і прынесці на выставу-спаборніцтва з нагоды Вялікадню, — так, у свецкай-звычайнай школе. Я хацела спачатку адбрахацца, што мы не будзем нічога рабіць, хацела адбіцца ад малога пафасам — «рэлігійнымі перакананнямі». Маўляў, мы — католікі, і ў гэтыя праваслаўныя гульні не гуляем! Веру святую не прададзім! Кулічыкі пекчы не буду! 

Але малы паглядзеў на мяне без пафасу, і сказаў: «Усе, хопіць! Ніхто веру прадаваць табе не прапануе! Ты мне дапамажы булку якую спячы ці што там на выставу, каб класная не сварылася на мяне!». Мы ўздыхнулі і пайшлі рабіць яйкі з жэлаціну, узгадваючы казку пра «крыварукіх».  Яшчэ я пекла «Мішкі і шышкі» у савецкай чыгуннай форме з коштам 3 руб 5 кап. — вяршыня кулінарнага майстэрства! 

І ранкам малы панес тыя яечкі з жэлаціну і «Мішак» у школу. Чакалі з нецярпеннем і трывогай яго вяртання. «Ну і што — данес ты іх? — Данес. — І яны не распаўзліся ў латку? — Не. — Не?! І нават трымалі форму яйка?  — Трымалі, праўда, я іх з латку не даставаў, то можа б і распаўзліся. — Ага! (Мнагазначна працягнулі мы). — І што — «Мішкі» таксама былі прапечаныя? — Прапечаныя, толькі з крэмам унутры! — Ага, з крэмам унутры, усе зразумела!» 

(Абрадваліся мы. Канечне, гэта быў не крэм, а малы не парушыў наш фэншуй, не здрадзіў нам, не абмяняў на шкляныя бразготкі — перамогі ў нейкіх там конкурсах, наша «золата», нашы рэлігійныя перакананні, нашы святыя традыцыі Роду Недарэкаў).

 Ад чаго вы атрымліваеце кайф у прафесіі?

— Ад таго ж — кайфу пляткарства, калі нешта недзе першая даведалася і ўсім першая пра гэта распавяла, трохі прыбрахаўшы на свой густ. Калі ў мяне суразмоўцы просяць спасылку на надрукаваны матэрыял, я даю, з прыпіскай: «Спадзяюся, не моцна там усе перабрахала». Часам крыўдзяцца, часам не — гэта ад выхавання залежыць. 

Адна паэтэса пачытала і кажа: «Так, усе добра ты напісала, толькі адна драбяза, не варта і ўвагі, прабач, што кажу. Зборнік мой называўся «Жывая вада», а не «Святая вада». 

Ой, падумаеш. Якая розніца? Я хоць прозвішча яе правільна напісала!

velvet__8.jpg

«Часам боль прыносіць проста бачыць чалавека незнаемага на вуліцы»

 А ад чаго стамляецеся?

— Зараз сорамна пісаць, прабачце мяне, калі ласка. Але я стамляюся ад людзей. Ад усіх людзей, абсалютна. Ад размоў, ад вачэй, ад іншых частак цела. Нават нагу ці руку заўважыш у аўтобусе ці на прыпынку, проста выпадкова глянеш, паглядзіш на яе — і непрыемна, ці злосць бярэ, усюды гэтыя людзі!

Часам боль прыносіць проста бачыць чалавека незнаемага на вуліцы. Ці пойдзеш дажджлівым вечарам, амаль ноччу ў парк цягацца — і раптам сустрэнеш там некага, дык проста балюча бачыць! А яшчэ як хто пазвоніць па тэлефоне... 

Праўда, я навучылася ўважліва, ветліва, прыязна слухаць — але нічога не чуць. І думаць пра што заўгодна пры гэтым. Ну прабачце мяне, калі ласка. Я больш не буду.

 Калі не журналістыка — то што?

— Я б лесніком пайшла. Ну хоць бы на летні цеплы перыяд. Вывучала бы сляды звяроў, дрэвы, назвы раслінаў розных. Зноў жа — грыбы збірала бы, ягады...

Фотаздымкі: з архіва Алены Германовіч

Каментары