2454

Беларусь – у спісе краін з несвабодным інтэрнэтам

28.10.2015 Крыніца: Паводле БелаПАН

Праваабарончая арганізацыя Freedom House (ЗША) зноў аднесла Беларусь да ліку краін з несвабодным інтэрнэтам. Пра гэта гаворыцца ў штогадовым дакладзе, які ахоплівае перыяд з чэрвеня 2014 г. па май 2015 г.    

У раздзеле пра Беларусь гаворыцца, што індэкс свабоды інтэрнэта ў нашай краіне складае 64 пункты (летась было 62). Краіны з індэксам ад 0 да 30 Freedom House адносіць да свабодных, ад 31 да 60 — да часткова свабодных, ад 61 да 100 — да несвабодных.

«У дакладзе адзначаецца, што ў снежні 2014 года ў Беларусі былі прынятыя папраўкі ў закон аб СМІ і іншыя заканадаўчыя акты, якія значна пашырылі магчымасці ўлад для абмежавання доступу да інфармацыі ў інтэрнэце, уключаючы дазвол на блакіроўку сайтаў без рашэння суда», – піша БелаПАН.

«Указана на павелічэнне колькасці выпадкаў блакіроўкі незалежных СМІ з мэтай абмежаваць доступ грамадзян да аб'ектыўнай інфармацыі пра падзеі, што адбываюцца ў краіне і за яе межамі. Акрамя таго, улады ўзмацнілі ціск на незалежных журналістаў, у тым ліку шляхам завядзення адміністрацыйных спраў у дачыненні да фрылансераў».

«У дакладзе таксама згадваецца пастанова аб парадку абмежавання доступу да інтэрнэт-рэсурсаў, што набыла моц у лютым 2015 года, якая прадугледжвае ўнясенне ў спіс абмежаванага доступу проксі-сервераў, ананімных сетак накшталт Tor і іншых сродкаў, якія дазвалялі б карыстальнікам атрымліваць доступ да заблакаваных сайтаў... У дапаўненне да заканадаўчых змяненняў улады перыядычна блакавалі доступ да вядучых інфармацыйных сайтаў і сайтаў навін... Расійская прапаганда і дэзінфармацыя аказвае асабліва згубны ўплыў на Беларусь, таму што руская мова і інтэрнэт-сайты, якія знаходзяцца ў Расіі, дамінуюць у беларускай анлайн-прасторы».  

У верасні 2015 г. Freedom House апублікавала таксама даклад «Свабода прэсы-2015», паводле якога Беларусь увайшла ў дзясятку краін і тэрыторый, дзе сітуацыя ў галіне свабоды прэсы найгоршая ў свеце. Акрамя Беларусі ў дзясятцы – Іран, Куба, Крым (у якасці тэрыторыі), Паўночная Карэя, Сірыя, Туркменістан, Узбекістан, Экватарыяльная Гвінея і Эрытрэя.

У Беларусі, паводле даклада, працягваецца ціск на незалежных журналістаў. Адзначаецца, што ў 2014 годзе завялі больш за 20 судовых спраў па абвінавачванні журналістаў без акрэдытацыі ў «незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ». Згадваецца пра ваеннага эксперта Аляксандра Алесіна, якога  затрымалі па падазрэнні ў шпіянажы, а затым адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Адзначаецца, што ў Беларусі захоўваецца манаполія дзяржавы на тэлевяшчанне, а дзяржаўныя СМІ атрымліваюць фінансаванне з бюджэту.