НЕ - ВАЙНЕ!
336

«Беларусь перадусім». Вось што зразумеў Мікіта Мелказёраў пасля 77 вялікіх гутарак з беларусамі

08.07.2022 Крыніца: Алесь Наваборскі, Белсат

Праект «Жыццё-маліна» зрабіў 77 вялікіх інтэрв’ю з рознымі беларусамі: ад футбаліста Драгуна да палітыка Пазняка. 9 ліпеня на канале стартуе новы сезон. Калегі з "Белсата" распыталі, як робяцца такія гутаркі і што з іх вынес для сябе сам Мікіта Мелказёраў.

Беларускі журналіст Мікіта Мелказёраў два гады таму пачаў публікаваць на Youtube-канале «Жизнь-малина» доўгія відэаінтэрв’ю з вядомымі і «шырокавядомымі ў вузкіх колах» беларусамі. Да таго Мелказёраў, футбольны журналіст «Трыбуны», публікаваў яшчэ восем вялікіх інтэрв’ю са спартоўцамі на канале «MelkazeRaw». Цяпер на «Жыццё-маліну» падпісаныя 111 тысяч карыстальнікаў, відэа маюць сотні тысяч праглядаў.

«Гэта ж беларускі Дудзь?»

У Рунэце такі фармат доўгіх відэаінтэрв’ю папулярызаваў расейскі спартовы журналіст Юрый Дудзь. Папулярызаваў настолькі, што ўсіх наступных, хто рабіў падобнае, называлі «яшчэ адным Дудзём», а Мелказёрава – «беларускім Дудзём». Мелказёраў ужо не крыўдуе і не адчувае сораму, хіба першы час абураўся. Яго турбуе, што беларусы ў бальшыні сваёй «прадукт імперыі», «застаюцца ў палоне расейскай культуры і параўноўваюць толькі з расейскім ют’юбам».

Тым больш, расказвае ён, з Дудзём знаёмы і разам працаваў: калі Дудзь быў галоўным рэдактарам Sports.ru, Мелказёраў быў намеснікам галоўнага рэдактара беларускай «Трыбуны», якая была «фактычна філіяй Спортсу». Праект «вДудь» Мелказёраву спадабаўся: «вельмі кайфова», «вельмі высокі ўзровень прафесіяналізму». І ён вырашыў, што можна рабіць такі ж праект у Беларусі.

«Але ў той час мне сказалі мае знаёмыя і калегі, што «ты ніколі не набярэш столькі цікавых герояў у Беларусі», – згадвае Мелказёраў. – Я паверыў, два-тры гады нічога не рабіў, а пасля ўжо ўсё гэта развярнулася. Так выйшла, што, я лічу, у мяне ёсць адзіная супермоц: сядзець на крэсле і слухаць гісторыі».

«Чаму кантэнт такі палітызаваны?»

Праект «Жыццё-маліна» запусціўся ўлетку 2020 года. Першымі гасцямі былі вядомыя спартоўцы, з якімі, праўда, размовы былі не толькі пра спорт, а і пра сітуацыю ў краіне. 11-м госцем стаў палітолаг і журналіст Арцём Шрайбман – і далей між гутаркамі са спартоўцамі сталі з’яўляцца палітыкі, актывісты, музыкі… Былі і Святлана Ціханоўская, і Вадзім Пракоп’еў, і Сяргей Чалы. На момант публікацыі самае новае відэа – з Зянонам Пазняком. Да яго быў самбіст Сцяпан Папоў, пра якога ў загалоўку напісана: «быў ябацькам, але цяпер жорстка супраць Лукашэнкі».

Чаму размовы сталі палітычнымі? Па-першае, не чыста палітычнымі, удакладняе Мелказёраў. Ён разважае: у жыцці бальшыні беларусаў да 2020 года «не было палітыкі», і цяпер шмат хто расчараваўся ў 2020 годзе і зноў «не пускае палітыку ў жыццё». Але калі пытаюць, «чаму кантэнт стаў такі палітызаваны», Мелказёраў адказвае: «Ён не палітызаваны, а адлюстроўвае жыццё». Насамрэч план такі і быў: да спартоўцаў паступова дадаваць іншых суразмоўцаў, а 2020 год гэта прыспешыў.

«Я з вялікім задавальненнем буду весці філасофскія размовы пра тое, як гадаваць дзяцей і якую музыку слухаць, каб развіваўся добры густ, – запэўнівае Мелказёраў. – Але зразумела, што большасці ўсё роўна цікавыя палітычныя рэчы, цікава, калі нашыя працэсы скончацца ці неяк зменяцца».

«СМІ пра тых, хто з’ехаў?»

Мікіта Мелказёраў з’ехаў з Беларусі год таму. Цяпер ягоныя госці – беларусы за мяжою. Але канал не зрабіўся «СМІ пра эмігрантаў», перакананы ён: адсылае да статыстыкі каналу, у якой 80 % праглядаў з Беларусі. Такі праект цяпер проста немагчыма рабіць з Беларусі – «з-за кратаў, дзе я 100 % апынуўся б», – кажа ён. «Жыццё-маліна» застаецца гутаркамі пра Беларусь, а калі стане медыя пра дыяспару, праекту «наступіць кабзда», бо гэта праект пра «нашую сувязь з краінай» і «будаванне самапавагі».  

Наадварот, расказвае Мелказёраў, цяпер у беларускім Youtube «ствараецца сетка вяшчання», хоць рынку няма, цяжка развівацца і цяжка знаходзіць аўдыторыю новым праектам. Хто з’ехаў, тыя «займаюцца захаваннем беларускага наратыву», – мяркуе ён.

Мелказёраў расказвае, як зладзіў сабе эксперымент і цягам тыдня глядзеў выключна беларускія Youtube-каналы. Пералічвае: шмат «запасаў» непрагледжанага было на «Еўрарадыё», былі гістарычныя відэа «Белсату» і «Слухай сюды», пра спорт – «Hodasevich Live» і «ЧестнОК», а яшчэ «Около Культуры» Моніча, пра секс на «Полчаса кардио» і пра музыку на «Longplay» … Беларускі Youtube «цалкам можна глядзець», робіць выснову Мелказёраў.

«Хто ўсе гэтыя людзі?»

Сярод гасцей «Жыццё-маліна» – сацыёлаг Андрэй Вардамацкі, метал-спявак Лэслі Найф, пісьменніца Яўгенія Пастарнак, айцішнік Яраслаў Ліхачэўскі… Для кагосьці гэта «ого, крута», іншыя пытаюцца: «А гэта хто?» Мелказёраў кажа, наконт гэтага хваляваўся: ацэньваў знакамітасць людзей паводле «галівудскіх» ці «расейскіх» параметраў. Але калі цяпер кажуць, што «героі драбнеюць», адказвае, што «ідзе ў глыбіню», бо мае рэсурс прасоўваць важныя тэмы.

«Цяпер я разумею, што цікавасць Беларусі – гарызантальная вядомасць, – тлумачыць ён. – Я шмат казаў пра тое, што окей, Святлану Георгіеўну [Ціханоўскую] вы не пабачыце ў адным аўтобусе з вамі, але з Чалым у Варшаве вы можаце лёгка сустрэцца, са Шрайбманам, я думаю, таксама. Падысці – і гэтыя людзі нават пэўны час будуць з вамі размаўляць!» 

Ён разважае так. Калі гутарку з цікавым яму чалавекам паглядзелі 70 тысяч разоў, а раней гутаркі з тым чалавекам мелі пару тысяч праглядаў, то гэта поспех. У гэтым кантэксце ён згадвае размовы з праваабаронцам Андрэем Палудам, актывісткай Настай Базар, настаўніцай і пісьменніцай Ганнай Севярынец, ксяндзом Вячаславам Барком – размова з апошнім, магчыма, пабіла рэкорд Youtube у праглядах інтэрв’ю па-беларуску, «а гэта таксама місія». Згадвае і пісьменніка Сашу Філіпенку, які дапамагаў зладзіць здымкі гутаркі з ім у Швецыі, і мастацкага кіраўніка «Свабоднага тэатру» Мікалая Халезіна як «чалавека з невялікай колькасцю абмежаванняў».

Мелказёраў робіць выснову: трэба паказаць беларускіх людзей, каб беларусы верылі ў саміх сябе – гэта шлях да самапавагі на нацыянальным узроўні праз асэнсаванне таго, што «побач мора кайфовых людзей».

Чаму навучылі столькі размоваў з вядомымі беларусамі?

Мелказёраў кажа, што за апошнія два гады жыццё так змянілася, што ўжо «ўспрымаеш усе гэтыя мудрыя словы як належнае», але ад усіх «бярэш сабе што-небудзь». Да беларусаў, кажа ён, і раней меў «неактываваную зацікаўленасць», але сапраўды зразумеў, што «Беларусь перадусім», з пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Вядоўца тлумачыць: украінцы гэта «супернарод», але яны мала чаго ведаюць пра Беларусь і спрабуюць выкарыстаць беларусаў у сваіх інтарэсах. У беларусаў жа, заўважае ён, «высокая інфармаванасць і расейцамі, і ўкраінцамі, і палякамі», а нармальная нацыя найперш цікавіцца сабою.

«Я вельмі хачу, каб у нас скончыўся гэты перыяд прадукту імперыі, скончыліся каланіяльныя комплексы, і мы пачыналі ўспрымаць гэты свет з сябе, – тлумачыць Мелказёраў. – Нават маё разуменне, хто такія беларусы, пачалося ад супрацьлеглага: мы не такія, як украінцы, мы не такія, як літоўцы, мы не такія, як расейцы. Усё роўна патрэбныя нейкія параўнанні. А цяпер я намагаюся жыць ад сябе».

Мелказёраў згадвае нядаўнюю гутарку з Зянонам Пазняком. Той уразіў яго не палітычнымі поглядамі, а менавіта як герой інтэрв’ю: у яго, кажа Мелказёраў, было найлепшае бліц-апытанне ў канцы выдання – запомнілася, як той казаў пра сэнс жыцця, як раіў паглядзець на котку, якая бегала па здымачнай пляцоўцы, і павучыцца ў яе таму, што такое шчасце.

Таксама ад размовы з Пазняком ён прасякнуўся павагаю да людзей, якія «здабывалі і захоўвалі беларушчыну, нягледзячы на Савецкі Саюз і на тое, што насельніцтва часам не было ў гэтым зацікаўленае». Амаль уся гісторыя Беларусі – «пра нейкія пакуты», дадае ён, але «мы яшчэ ёсць, гэта ўжо добры вынік». 

Самую цікавую думку для сябе Мелказёраў пачуў не ва ўласных інтэрв’ю, а ў трэнажорнай зале, на мінулым тыдні. Пытаў у трэнера, калі стане лягчэй, бо год не трэнаваўся пасля таго, як яго збіў аўтамабіль. Трэнер адказаў: «Лягчэй не стане ніколі, ты проста будзеш рабіцца мацнейшы».

Фота вокладкі: Наша Ніва

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!