НЕ - ВАЙНЕ!
2587

“БДГ” жывая, піша аб палітыцы праз эканоміку і плануе выйсці на самаакупнасць

15.02.2016 Крыніца: Гутарыў Барыс Гарэцкі

Здзіўленне ў многіх калег год таму падчас прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі выклікала пытанне ад “Белорусской деловой газеты”. Дакладней, здзівіла не пытанне, а само існаванне выдання, якое тады прадстаўляла Алена Несцяровіч.

 

 

Слухаючы прэс-канферэнцыю, я ўзгадаў, што ў 2003 годзе, яшчэ школьнікам, удзельнічаў у пікеце ля Міністэрства інфармацыі, накіраваным супраць закрыцця “БДГ”. І дакладна памятаў, што “БДГ” тады прыпыніла выхад.

Што праўда, існаванню “БДГ” на прэс-канферэнцыі здзівіўся і сам Лукашэнка, які яшчэ раз удакладніў, чаму, калі “БДГ” існуе, яму не прыносяць друкаваную версію газеты.

Прэс-служба ГА “БАЖ” вырашыла пацікавіцца тым, хто ж стаіць сёння за легендарным брэндам і якія планы ставіць перад сабой “БДГ-анлайн”? На гэтыя пытанні ласкава згадзілася адказаць ужо згаданая вышэй галоўны рэдактар сайта Алена Несцяровіч.

– Зараз “БДГ” – гэта больш інфармацыйна-аналітычны рэсурс, чым навінавы. Мы вырашылі публікаваць больш паўнавартасных артыкулаў, так званых “лонгрыдаў”, і рабіць больш строгую селекцыю навін, зыходзячы з інтарэсаў дзелавой аўдыторыі. Гэта і ёсць наша разуменне пераемнасці, бо ў свой час “БДГ” была знакамітай найперш праз якасныя аналітычныя тэксты. Канцэптуальна гэтая ніша на дадзены момант застаецца свабоднай.

Па сутнасці, мы зараз робім тое, што хацеў зрабіць з сайтам Пётр Марцаў. Пётр казаў, што хоча ператварыць сайт у эканамічны аналітычны медыярэсурс, насычаны сучаснымі тэхналогіямі і новымі магчымасцямі. Мы сталі над гэтым працаваць, змянілі дызайн і падыход да напаўнення.

“БДГ” жывая, пазбягае палітыкі і плануе выйсці на самаакупнасць

– Каму належыць сённяшняя “БДГ”?

– Сайт падтрымлівае група сяброў Марцава, у праекце таксама пагадзілася паўдзельнічаць дачка Пятра Лізавета. У рэдакцыйнай камандзе ёсць як вопытныя журналісты, якія калісьці працавалі ў “БДГ”, так і маладыя таленавітыя аўтары. Для афіцыйнай працы ў межах заканадаўства зарэгістравана юрыдычная асоба. Сімвалічна, што месціцца наша рэдакцыя ў тым жа самым будынку, дзе раней “БДГ” займала цэлы паверх – на вуліцы Чкалава, але зараз займае толькі адзін невялікі пакой.

– Доўгі час пра “БДГ” не было чуваць амаль нічога. А якія планы рэдакцыя сайта ставіць перад сабой цяпер? Вы будзеце рабіць яшчэ адно эканамічнае выданне?

– Сайт падтрымліваўся ўвесь час пасля заканчэння выпуску друкаванай версіі газеты, але ва ўмовах абмежаваных рэсурсаў і магчымасцяў. Зараз мы імкнемся да таго, каб сайт стаў самаакупным медыйным праектам. Менавіта гэтага заўсёды хацеў Петр ад “БДГ”, у тым ліку і ў перыяд выпуску друкаванай версіі. Мы хацелі б, каб гэта быў сур’ёзны экспертна-аналітычны рэсурс, адрасаваны ў першую чаргу дзелавым і палітычным кругам нашай краіны.

Нам вельмі падабаюцца такія праекты, як Probusіness.by ці Marketіng.by – экспертна-арыентаваныя на бізнэс-аўдыторыю. Мы лічым, што ў Беларусі зараз не хапае такіх медыяпраектаў і пляцовак – іх павінна быць нашмат болей.

Мы хочам зрабіць сайт, дзе будуць раскрывацца праблемы бізнесу, эканомікі, але менавіта з аналітычным і практыка-арыентаваным падыходам. То бок, зараз мы кажам пра праблему, якая існуе ў Беларусі з бізнес-журналістыкай, асабліва з інвестыцыйна-фінансавай журналістыкай.

Мы спадзяемся, што ў будучыні з удзелам “БДГ” у краіне з’явяцца і адукацыйныя праекты ў галіне сучаснай дзелавой журналістыкі. Такой, што адпавядала б чаканням інвестараў і бізнесоўцаў з іншых краін, якія разглядаюць магчымасць весці аперацыі ў Беларусі.

Акрамя гэтага, мы плануем стаць афлайнавай пляцоўкай для прамога дыялогу бізнесоўцаў, чыноўнікаў, прадстаўнікоў разнастайных грамадскіх арганізацый. Гэта будуць экспертныя сустрэчы па канкрэтных пытаннях, якія вымагаюць рашэння сёння, тут і цяпер.

“БДГ” жывая, пазбягае палітыкі і плануе выйсці на самаакупнасць

– У мінулым годзе “Белорусы и рынок” фактычна падзяліўся на два СМІ. Такім чынам у вас з’явіліся новыя канкурэнты?

– Я чытала іх артыкулы. Яны цікавыя, карысныя і вызываюць павагу і інтарэс. Але наш падыход будзе адрознівацца ў бок аналітычнасці і практычнасці. У цэлым мы лічым узнікненне канкурэнцыі ў сегменце бізнес-СМІ вельмі добрым трэндам. Але, на наш погляд, ён чакае Беларусь наперадзе, пакуль жа канкурэнцыя тут вельмі малая.

Мы актыўна шукаем аўтараў, хоць у сувязі з заяўленымі мэтамі ў нас даволі спецыфічныя патрабаванні да журналістаў. Мы бяром у сваю каманду толькі тых журналістаў, якім давяраем. Пётр Марцаў заўсёды прытрымліваўся гледжання, што наш аўтар павінен быць не толькі таленавітым і добра кваліфікаваным журналістам, але і добрым чалавекам.

Мы лічым, што з праверанымі і дасведчанымі людзьмі нам будзе цікава працаваць. З імі мы можам выйсці не толькі на самаакупнасць, але і стварыць паспяховы і прыбытковы медыяпраект, патрэбны грамадству.

Дарэчы, літаральна нядаўна, 7 лютага, споўнілася 24 гады з дня заснавання “БДГ”.

«Белорусскую деловую газету» заснавала ў 1992 годзе Выдавецкае прыватнае ўнітарнае прадпрыемства «Марат». «БДГ» была штодзённым незалежным выданнем дзелавых і палітычных колаў Беларусі. У маі 2003 г. Міністэрства інфармацыі прыпыніла на тры месяцы выхад «БДГ» і яе дадатку «БДГ. Для служебного пользования» пасля таго, як Генпракуратура ўгледзела ў двух публікацыях абразу Аляксандра Лукашэнкі. (На момант прыпынення наклад «БДГ» дасягаў 70 тысяч асобнікаў.) У сакавіку 2006 года друкаваная версія «Белорусской деловой газеты» вымушана была спыніць выхад у сувязі з забаронай на яе выпуск у беларускіх друкарнях і распаўсюд праз РУП «Белпошта» і «Белсаюздрук».

Фота mediakritika.by

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!