403

Бастунец прысуд Золатавай зьвязвае з набліжэньнем выбараў

04.03.2019 Крыніца: Алесь Дашчынскі, "Радыё Свабода"

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэй Бастунец ня можа пагадзіцца з тым, што Марыне Золатавай вынесены абвінавачвальны прысуд.

Андрэй Бастунец, архіўнае фота

Паводле Бастунца, у гэтай сытуацыі тое, які штраф паводле памеру, справа другасная.

«Ад самага пачатку было і застаецца ўражаньне, што гэта проста форма ціску на незалежныя мэдыі», — лічыць старшыня БАЖ.

Паводле Бастунца, у БАЖ узьнікла многа пытаньняў і падчас судовага працэсу, і падчас вынясеньня прысуду.

«Напрыклад, для мяне застаецца незразумелай кампэнсацыя судовых выдаткаў БЕЛТА. Наколькі я разумею гэта былі выдаткі адвакатаў БЕЛТА, плата іх паслугаў, але падчас сьледзтва па ўсіх 15 справах. І чаму гэта ўсё вешаецца на Золатаву, незразумела», — сказаў Бастунец у інтэрвію Свабодзе.

Падсумоўваючы ўвесь працэс і яго вынік, Андрэй Бастунец кажа, што гэта была рэакцыя на тое, што незалежныя СМІ займаюць першае месца ў індэксах наведвальнасьці, а tut.by яшчэ і з вялікім адрывам.

«Гэта і тое, што ў краіне набліжаюцца выбарчыя кампаніі, магчыма, паўплывала на тое, што гэта ганебная справа была распачатая».

4 сакавіка судзьдзя Аляксандар Петраш вынес Марыне Золатавай прысуд у выглядзе штрафу ў памеры 7650 рублёў. Таксама Золатава мусіць сплаціць судовыя выдаткі (на аплату адвакатаў БелТА) ў памеры 6000 рублёў.