1985

А. Бастунец: “Мінск пазіцыянуецца як пляцоўка для перамоў, але самі беларусы з'яўляюцца ахвярамі расійскай прапаганды”

17.06.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

На канферэнцыі «Бяспека журналістаў, свабода і плюралізм СМІ ва ўмовах канфлікту», якая праходзіла ў Вене 15 і 16 чэрвеня, выступілі Андрэй Бастунец і Жанна Літвіна.

На форуме абмяркоўваўся крызіс у сферы свабоды СМІ ў выніку ўкраінска-расійскага канфлікту (анатаваны парадак дня і твітэр-транляцыя #journosafeosce). Адкрылі сустрэчу Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дуня Міятавіч і памочнік Генеральнага сакратара ААН па правах чалавека Іван Шымановіч.

Прапаганда і інфармацыйная вайна, бяспека журналістаў не толькі ў раёне ўзброенага канфлікту ва Усходняй Украіне, але і ў іншых краінах рэгіёну АБСЕ, праблемы прававога рэгулявання і журналісткай этыкі былі ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў канферэнцыі.

Старшыня ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец заўважыў, што ў апошні час Мінск пазіцыянуецца як пляцоўка для перамоў удзельнікаў канфлікту ва Усходняй Украіне, але пры гэтым самі беларусы з'яўляюцца ахвярамі расійскай прапаганды.

Сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што больш за 60 працэнтаў рэспандэнтаў, адказваючы на ​​пытанне аб далучэнні Крыму да Расіі, рэтранслююць пункт гледжання Крамля – ​​што гэта гістарычная справядлівасць. І гэта адбываецца ў «вертыкальна выбудаванай» краіне, дзе кіраўнік дзяржавы выказвае іншую пазіцыю па сітуацыі ва Украіне і дзе ўлады жорстка кантралююць інфармацыйную прастору.

Так, замежныя медыі павінны альбо рэгістравацца ў Міністэрстве інфармацыі, або атрымліваць там жа дазвол на распаўсюд сваёй прадукцыі. Дзейнасць карэспандэнтаў замежных СМІ без акрэдытацыі ў МЗС забараняецца, прычым гэта тычыцца і беларускіх грамадзян (з пачатку года 21 беларускі журналіст быў аштрафаваны за супрацоўніцтва з замежнымі медыя без акрэдытацыі). І, тым не менш, усе гэтыя абмежаванні не спрацоўваюць у выпадку з расійскай прапагандай.

А.Бастунец заўважыў, што стаўленне да яе адрозніваецца і ў краінах, суседніх з Расіяй, і ў дзяржавах Заходняй Еўропы. Украіна, Малдова, Літва прымаюць меры па абмежаванні вяшчання расійскіх тэлеканалаў, у той час як далей на захад расцэньваюць гэта як замах на свабоду слова. Прававыя механізмы абароны ад злоўжыванняў свабодай СМІ (у тым ліку распаўсюду мовы нянавісці) ёсць. Гэта і Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, і Еўрапейская канвенцыя аб трансгранічным вяшчанні. Але гэтыя інструменты зараз не працуюць, і на гэта дзяржавам-сябрам АБСЕ неабходна звярнуць самую пільную ўвагу.

Жанна Літвіна пачала сваё выступленне з цытаты Святланы Алексіевіч – што мы ўсе прайгралі. Падчас украінска-расійскага канфлікту прайгралі ўсе медыя. Пад пагрозай апынулася рэпутацыя прафесіі. Прыкметы нашай паразы – у нізкай запатрабаванасці якаснай журналістыкі, у неабароненасці свядомасці людзей перад разбуральнай сілай прапаганды.

Сёння такой краіне, як Беларусь, якая найбольш схільная прапагандысцкаму ўплыву, патрэбныя сур'ёзныя праграмы па медыяпісьменнасці. Нам патрэбен пастаянны маніторынг, які адлюстроўвае не толькі факты фальсіфікацыі, але і парушэнні правоў журналістаў. Маніторинг павінен суправаджацца экспертнымі ацэнкамі. Нас усіх павінны аб’яднаць усведамленне неабходнасці ўтрымання стандартаў прафесіі на міжнародным узроўні. Мы шануем партнёрства і супрацоўніцтва з МФЖ і ЕФЖ і выступаем за пашырэнне сумесных праграм. У прыярытэтах нашай увагі павінна быць падтрымка нацыянальных незалежных СМІ, аўдыторыя якіх найбольш устойлівая да ўздзеяння прапаганды.