487

Барацьба з фэйкамі і маніпуляцыямі мала хвалюе ўлады — пра што гаварылі падчас дыскусій Media Literacy Solutions Forum

21.10.2019 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У Мінску адбыўся Media Literacy Solutions Forum. На вялікае профільнае мерапрыемства сабраліся больш за 200 удзельнікаў з 25-ці краін. Калі абагульніць сітуацыю, то з праявамі маніпуляцый, распаўсюдам ілжывых навін сутыкаюцца практычна паўсюль. І толькі ў адзінкавых выпадках улады клапоцяцца пра тое, каб супрацьстаяць гэтаму.

Прывядзём некаторыя выказванні ўдзельнікаў панэльных дыскусій, падчас якіх абмяркоўвалі агульную сітуацыю з распаўсюдам маніпулятыўных, фэйкавых навін у інфармацыйным асяродку і магчымыя крокі ў барацьбе з гэтым злом.

Польскі журналіст Гжэгаж Наўроцкі ў сваім выступе сказаў, што барацьба з інфармацыйнымі маніпуляцыямі — гэта палітычнае пытанне, шмат што ў гэтай дзейнасці залежыць менавіта ад настрою і жадання ўладаў.  

“У Польшчы ўжо чатыры гады ва ўладзе папулісцкі ўрад. Усё пераўтварылася ў прапагандысцкі канал, хаця раней гэта былі грамадскія медыя. На мінулым тыдні былі выбары і падчас гэтай кампаніі грамадскае тэлебачанне заняло прапагандысцкую пазіцыю. На шчасце, у нас ёсць і прыватныя медыя", — сказаў журналіст.

Журналіст мяркуе, што агулам людзі не зацікаўленыя ў фактах, таму глабальна нічога немагчыма зрабіць, і ніхто не ведае, як зацікавіць людзей правяраць інфармацыю, шукаць праўду.  

“Дзіця, калі ходзіць у пачатковую школу, развівае перакананні, што інтэрнэт — крыніца праўды. Таму, калі мы не зможам выхаваць дзяцей, немагчыма будзе працаваць далей з людзьмі ў гэтым кірунку”, — перакананы Гжэгаж Наўроцкі.

Панэльная дыскусія ў межах Media Literacy Solutions Forum. Фота: Яўгенія Налецкая

Аднак на прыкладзе Украіны можна ўбачыць, што сур’ёзныя канфлікты, крытычныя падзеі прымушаюць усіх задумвацца пра інфармацыйнае поле, у якім жывуць людзі.

Марына Дораш, праектны менеджар Learn to Discern in Education (IREX, Украіна) сказала, што хваля ініцыятыў па медыяпісьменнасці стала важнай і масавай акурат у сувязі з трагічнымі падзеямі 2014 года — узброеным канфліктам на Данбасе і анэксіяй Крыма. Большасць ініцыятыў па медыяпісьменнасці рэалізуюцца грамадзянскай супольнасцю.

Гэта пацвердзіла і Наталля Лігачова, кіраўніца праекта “Дэтэктар-медыя” (Украіна).

Паводле яе слоў, галоўным рашэннем уладаў, што датычна інфармацыйнай гігіены, як бы тое не крытыкавалася, было адключэнне расійскіх тэлеканалаў, блакаванне расійскіх сацыяльных сетак “Вконтакте” і “Одноклассники”.

“Гэта выклікала дыскусію, але было эфектыўным. Паводле апошніх дадзеных, расійскае тэлебачанне глядзяць 26 % украінцаў. Наступны наш выклік — прарасійскія СМІ, якія ці фінансуюцца з Расіі, ці падтрымліваюць прарасійскую палітыку. Гэта, да прыкладу, той жа “Таймер” у Адэсе. У нас асноўнай крыніцай інфармацыі для насельніцтва з’яўляецца тэлебачанне. Ужо тры тэлеканалы сталі ўласнасцю Віктара Мядведчука — кума Пуціна. На гэтых каналах — наўпрост прарасійская рыторыка. Я мяркую, што барацьбу за ўнутраныя СМІ ўлады прайграюць”, — гаворыць Наталля Лігачова.

Экспертка адзначае, што ў краіне ёсць шэраг ініцыятыў, якія займаюцца выкрываннем фэйкавых навін, але ў асноўным яны недзяржаўныя, працуюць з падтрымкай розных фондаў.

У Беларусі падобная сітуацыя, але "ў нас няма рубільніка", заўважыла намесніца дырэктара Прэс-клуба Беларусь, кіраўніца праекта Media IQ Ала Шарко:

“На нашых тэлеканалах шмат расійскага кантэнту. Дзяржаўныя медыя ці калядзяржаўныя працягваюць працаваць па савецкіх лекалах. Калі адбываюцца важныя грамадска-палітычныя падзеі, то СМІ ці чакаюць адмашкі зверху на іх асвятленне, ці даюць у нейкай сваёй трактоўцы. Агулам медыя ўспрымаюцца як канал для перадачы патрэбнай уладам інфармацыі”.

Панэльная дыскусія ў межах Media Literacy Solutions Forum. Фота: Яўгенія Налецкая

Кіраўніца Прэс-клуба Беларусь Юлія Слуцкая распавяла, што для Беларусі сур’ёзная праблема палягае ў тым, што ў глабальных сэрвісах і агрэгатарах, кшталту Яндекс-навіны і Google-навіны, Беларусь не выдзяляецца, як асобная краіна, таму беларускім карыстальнікам гэтыя сэрвісы часта прапаноўваюць кантэнт суседніх медыярынкаў, у прыватнасці, расійскага.

Цяпер з грамадскай ініцыятывы кіраўнікі буйнейшых медыя працуюць над петыцыяй да карпарацый, каб Беларусь прызналі асобным рынкам, была распрацаваная лакалізацыя сэрвісаў навін для нашай краіны. Гэтая лакалізацыя падавала б беларускім чытачам найперш інфармацыю з айчынных рэсурсаў (найбольш правераная і дакладная інфармацыя пра беларускія падзеі змяшчаецца менавіта на нацыянальных сайтах), а не з расійскіх.  

Падчас працы Media Literacy Solutions Forum. Фота: Яўгенія Налецкая

Каментуючы “рубільнік, як інструмент барацьбы з фэйкавымі навінамі”, Наталля Лігачова зазначыла, што Украіна першая на постсавецкай прасторы сутыкнулася з праблемай інфармацыйнай вайны, таму эксперты праекта “Дэтэктар-медыя” падтрымліваюць такія захады.

“Расійскія СМІ — гэта сродкі прапаганды, але не камунікацыі, інфармавання. Калі ёсць доля дзяржаўнага расійскага капіталу, то мы  разглядаем гэтае медыя, як рупар агрэсара. Такі шлях, можа, не ўсім падыходзіць. Але ўсім трэба асэнсаваць, што расійскія СМІ — гэта не СМІ, і гэта не свабода слова”, — перакананая Наталля Лігачова.

Панэльная дыскусія ў межах Media Literacy Solutions Forum. Фота: Яўгенія Налецкая

Я з таталітарнай краіны, таму адчуваю сябе як дома, — заявіла на пачатку свайго выступу Гулім Амірханава, кіраўніца кампаніі па медыяпісьменнасці ў сацыяльных сетках для Цэнтральнай Азіі, рэгіянальная менеджарка Internews (Казахстан). — У Казахстане здаралася, што фэйкавыя навіны праз Viber ледзь не прыводзілі да краху буйнейшых банкаў. Таму нават у такіх краінах, як нашыя, можна тлумачыць аўтарытарнаму кіраўніцтву, што іх дабрабыт таксама залежыць ад медыяпісьменнасці".

Гулім Амірханава распавяла, што да іх звярталіся нават з Міністэрства ўнутраных спраў з просьбай навучыць змагацца з фэйкамі, навучыць фактчэкінгу і шукаць сапраўдную інфармацыю для пошуку злачынцаў.

"Нядаўна ў Цэнтральным Казахстане кіраўнік рэгіёна адкрыў тэлеграм-канал, які павінен разбураць фэйкі пра ўладу. У гарадах развесілі экраны, на якіх рэкламавалі гэты канал і тлумачылі, як змагайцца з фэйкавымі навінамі і дэзінфармацыяй. Гэта адзінкавы выпадак, але нават у нашых уладаў узнікаюць такія выдатныя ініцыятывы,” — гаворыць Амірханава.

Фота: Яўгенія Налецкая

#MediaLiteracySolutions
#MediaLiteracyMinsk