1662

Астанкінізацыя vulgaris

15.01.2016 Крыніца: Міхась Янчук, намеснік старшыні ГА "БАЖ", Facebook

Некалькі месяцаў таму разам з групай беларускіх медыяэкспертаў з праекту «Рэфорум» я браў удзел у распрацоўцы новых прапаноў для канцэпцыі нацбяспекі ў сувязі з новымі выклікамі для Беларусі.

Гаворка перадусім вялася пра пагрозу гібрыднай вайны з Усходу і неабходнасць быць у стане даць адэкватны адказ недаімперыі ў выпадку, калі пачнуцца падобныя дзеянні супраць нашай краіны. Прыслухаюцца да нас улады ці не — гэта на іх сумленні.

Больш за сотню старонак усебаковых рэкамендацый па інфармацыйнай абароне нашай краіны, думаю, ужо ляжаць на патрэбных уладных сталах. Адной з самых неабходных зменаў нашая група палічыла стварэнне сапраўднага грамадскага тэлебачання ў нашай краіне – як супрацьвагі расійскай прапагандысцскай тэлепамыйцы.

Чаму я пра гэта? Бо намагаюся зразумець матывы тых людзей у Польшчы, што напрыканцы мінулага месяца здзейснілі хуткія змены ў медыязаканадаўстве, якія дэ-факта ператвараюць грамадскія медыі ва ўрадавыя ці нават аднапартыйныя. Нагадаю, што паводле новых нормаў права, міністр дзяржаўнага скарбу аднаасобна будзе прызначаць чальцоў управы і назіральных радаў грамадскага радыё і тэлебачання.

Конкурсы на гэтыя пасады, а таксама акрэсленыя тэрміны знаходжання на пасадзе скасоўваюцца.

Кіруючая ў Польшчы партыя «Права і Справядлівасць» на сённяшні дзень мае большасць у абедзвюх палатах парламенту, а таксама перавагу ў Канстытуцыйным Трыбунале. Якім моцным крокам пры такім раскладзе была б дэманстратыўная дэпалітызацыя грамадскіх медыяў! Няхай бы нават і з папярэдняй зачысткай сёняшняга кіраўніцтва, якое спрыяе іх палітычным апанентам з Грамадзянскай Платформы.

Але калі б мэтаю праведзеных зменаў у заканадаўстве было стварэнне сістэмы цалкам пазапартыйных грамадскага радыё і тэлебачання — медыяў на чале з медыяпрафесіяналамі, а не палітычнымі прапагандыстамі, —  у партыі «Права і Справядлівасць» была б капітальная індульгенцыя на будучыню як унутры краіны, так і за яе межамі, калі папулярнасць партыі ў рамках дэмакратычна-выбарчага цыклу непазбежна пачне зніжацца.

Крыху б Чэрчыля ім у зараз у галаву, а не Орбана!

На жаль, кіруючая ў Польшчы партыя, якой і я сімпатызаваў на этапе выбараў, абрала іншы шлях — шлях астанкінізацыі грамадскага тэлебачання. Што праўда, на плоце вакол TVP яшчэ няма калючага дроту, як вакол Астанкіна, але ён хутка можа з'явіцца на калідорах — нябачны, але не меней ад гэтага небяспечны.

Мае калегі кажуць — пачакайма, бо яшчэ ж нічога дрэннага не сталася. Але я не хачу чакаць. Бо ніхто мяне не пераканае, што партыйны прызначэнец міністра на дырэктара ТБ у грамадскіх медыях будзе лепшы за беспартыйнага прафесіянала.

Як неаднаразова даводзіла практыка, гэты тып сякеры для рэгулявання гадзіннікавага механізму непрыдатны.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!