994

Арлем Дэзір: У Беларусі ёсць смелыя журналісты, гатовыя змагацца за плюралізм меркаванняў

18.03.2019 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Арлем Дэзір распачаў запланаваны візіт у Мінск з сустрэчы з кіраўніцтвам Беларускай асацыяцыі журналістаў і прадстаўнікамі недзяржаўных медыя.

Падчас сустрэчы прадстаўнікі журналісцкай супольнасці нагадалі спадару Дэзіру пра асноўныя праблемы ў галіне свабоды медыя ў Беларусі: празмернае рэгуляванне сферы інфармацыі дзяржавай, няроўныя эканамічныя ўмовы, складанасці ў рэгістрацыі новых медыя, пазасудовы парадак блакавання інтэрнэт-рэсурсаў, частыя затрыманні журналістаў, адміністрацыйны пераслед калег за супрацоўніцтва з замежнымі медыя без акрэдытацыі і нядаўнюю крымінальную “справу БелТА”.

Асаблівая ўвага падчас сустрэчы была нададзена праблемам з доступам журналістаў недзяржаўных медыя да інфармацыі. Калегі падрабязна распавялі Арлему Дэзіру пра неабгрунтаваныя адмовы ў акрэдытацыі з боку дзяржаўных органаў і немагчымасць абскардзіць такую адмову.

Старшыня ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец і юрыст арганізацыі Алег Агееў падрабязна распавялі пра практыку прымяненне заканадаўства ў сферы барацьбы з экстрэмізмам, пераслед актывістаў анархісцкага руху за допісы ў сацыяльных сетках, пра магчымае ўвядзенне больш жорсткіх прававых нормаў у закон.

Падводзячы вынікі сустрэчы, Арлем Дэзір адзначыў, што ў парадку дня прадстаўнікоў АБСЕ ёсць спіс праблемных пытанняў, якія будуць абмяркоўвацца цягам бліжэйшых дзён з прадстаўнікамі беларускіх уладаў.

— Найперш гэта — праблема з адмоваю ў акрэдытацыі. Па меркаванні АБСЕ, абавязковай акрэдытацыі журналістаў наогул не павінна існаваць. Калі ж такая працэдура ёсць, яна мусіць быць адкрытай і празрыстай, без магчымасці неабгрунтаваных адмоваў. Сюды ж уваходзіць і праблема з доступам да інфармацыі.

Арлем Дезир

Па-другое нас хвалююць пытанні, звязаныя з новай рэдакцыяй закона Аб СМІ і рэгістрацыяй выданняў. Таксама нас хвалююць пытанні барацьбы з экстрэмізмам і экстрэмісцкай прадукцыяй, пад удар у выніку чаго могуць трапіць і медыя. Важна, каб усе працэдуры адбываліся празрыста і з магчымасцю абскардзіць тое ці іншае рашэнне.

Мы ганарымся тым, што ў Беларусі ёсць смелыя журналісты, гатовыя змагацца за плюралізм меркаванняў і шматбаковае асвятленне сітуацыі, — адзначыў падчас сустрэчы Арлем Дэзір.

Заўтра прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды медыя сустрэнецца з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, міністрам інфармацыі Аляксандрам Карлюкевічам, старшынёй Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Андрэем Наумовічам, а таксама наведае рэдакцыі медыя.

 

Візіт Арлема Дэзіра ў Мінск працягнецца да 20 сакавіка.

Нагадаем, прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ ўважліва сочыць за сітуацыяй у галіне медыя ў Беларусі. Сваю пазіцыю ён агучваў пасля агалошвання крымінальнага прысуду Марыне Золатавай, масавых затрыманняў журналістаў па “справе БелТА”, ператрусаў у гродзенскіх фрылансераў.

Фота: Вольга Хвоін