373 0

Аперацыя «233», ці Як дабівалі «Народную газету»

28.06.2018 Крыніца: Аляксандр Кур’яновіч, "Новы Час"

Аляксандр Лукашэнка 28 чэрвеня 1996 года падпісаў указ №233 «Аб рэарганізацыі газеты «Народная газета»». Ён прадугледжваў стварэнне на базе рэдакцыі закрытага акцыянернага таварыства. Пры гэтым 70% акцый пераходзілі ва ўласнасць дзяржавы, а астатнія 30% — ва ўласнасць працоўнага калектыву.

https://baj.by/sites/default/files/analytics/preview/pavel_jakubovicz_pavel_szarament_mikalaj_halko_fota_z_asabistaha_arhivu_mikalaja_halko_.jpg

Ва ўказе было напісана, што новая структура ЗАТ «Народная газета» ажыццяўляе выпуск масавага грамадска-палітычнага і парламенцкага перыядычнага выдання Рэспублікі Беларусь. Такім чынам Лукашэнка вывеў «Народную газету» з-пад юрысдыкцыі Вярхоўнага Савета. Парламент страціў важны і даволі ўплывовы на тыя часы сродак масавай інфармацыі. У той жа дзень беларускі кіраўнік падпісаў указ №235, згодна з якім галоўным рэдактарам (адначасова генеральным дырэктарам ЗАТ) «Народнай газеты» прызначаўся Міхаіл Шыманскі, які раней кіраваў «Белорусской нивой». Каб адказаць на пытанне, чаму так адбылося, трэба зрабіць невялічкі гістарычны экскурс у мінулае.

Сапраўды народная

Гісторыя «Народнай газеты» пачалася 3 ліпеня 1990 года, калі на чарговым пасяджэнні сесіі Вярхоўнага Савета 12 склікання дэпутаты ўзнялі пытанне пра стварэнне парламенцкага перыядычнага выдання. Як і чакалася, меркаванні кардынальна падзяліліся. Калі адны дэпутаты (Сяргей Навумчык: «Беларусь — сябар ААН, а газет менш, чым у Гамбургу») адназначна выступалі за стварэнне газеты, то іншыя (Аляксандр Лукашэнка: «Прибыль нам нужна, товарищи, извините за банальность, не от газеты, а от молока и мяса») — супраць.

Аднак большасць народных дэпутатаў 12 ліпеня 1990 года прагаласавала за стварэнне самастойнай «Народнай газеты». 23 ліпеня 1990 года на пасадзе галоўнага рэдактара «Народнай газеты» быў зацверджаны Іосіф Сярэдзіч, які працаваў намеснікам галоўнага рэдактара «Советской Белоруссии».

Першы нумар «Народнай газеты» выйшаў 2 кастрычніка 1990 года накладам у 253 тысяч асобнікаў. Нумар адкрываўся ўступам галоўнага рэдактара з феерычнай назвай «Жыві, Беларусь!». Сярэдзіч у ім заявіў, што выданне ніколі не стане закладнікам нейкіх карпаратыўных жаданняў.

25 чэрвеня 1991 года Прэзідыум Вярхоўнага Савета зацвердзіў Часовы Статут «Народнай газеты». Асноўнымі мэтамі газеты абвяшчаліся: інфармаванне насельніцтва рэспублікі пра дзейнасць Вярхоўнага Савета, яго Прэзідыума і камісій; забеспячэнне высокага прафесійнага ўзроўню пры падачы публікаваных матэрыялаў; аб’ектыўнае асвятленне фактаў і падзеяў, прадстаўленне старонак газеты для розных меркаванняў.

Ці ўдалося гэта НГ за перыяд рэдактарства Сярэдзіча? З поўным правам на гэтае пытанне можна даць станоўчы адказ. Калі ў 1992 годзе наклад «Народнай газеты» складаў у сярэднім 400 тысяч асобнікаў, то на пачатку 1994 года — 607 тысяч.

І гэта пры тым, што газета фактычна не датавалася з дзяржаўнага бюджэту, сам-насам заставалася з дарагавізнай паперы, адсутнасцю кампутарнай тэхнікі і іншымі праблемамі. Тым не менш, дзякуючы намаганням рэдакцыі, выданне, у тым ліку і за кошт рэкламы, фактычна перайшло на самаакупнасць.

17 сакавіка 1994 года дэпутат Лявонцій Зданевіч заявіў, што «Народная газета» ў 1993 годзе не атрымала ад дзяржавы «амаль нічога». Між іншым, па словах Зданевіча, у 1993 годзе на «Советскую Белоруссию» далі 309 мільёнаў рублёў, на «Рэспубліку» — 357 мільёнаў, на «Белорусскую ниву» — 286 мільёнаў.

Скрозь шыхты

У выдання не маглі не з’явіцца нядобразычліўцы, і нават ворагі (у Вярхоўным Савеце — дэпутаты-ветэраны і камуністы, у Савеце Міністраў — дзяржаўны сакратарыят па барацьбе са злачыннасцю і па нацыянальнай бяспецы на чале з Генадзем Данілавым). 9 лістапада 1993 года пытанне аб справаздачы галоўнага рэдактара Іосіфа Сярэдзіча было ўнесена ў парадак дня. Разгляд яе адбыўся 16–17 красавіка 1994 года і больш нагадваў здзек з галоўнага рэдактара з боку пракамуністычнай парламенцкай большасці. Аднак, дзякуючы рашучай пазіцыі дэмакратычных дэпутатаў, Сярэдзіч застаўся на сваёй пасадзе.

«Народнай газеце» было наканавана фатальнае выпрабаванне. У ліпені 1994 года кіраўніком краіны быў абраны Лукашэнка. Насуперак перадвыбарчым абяцанням, ён пачаў рэальна абмяжоўваць свабоду слова. Газета пачала крытыкаваць і сацыяльна-эканамічную палітыку новай улады.

Роўна праз год пасля парламенцкіх «разборак» з «Народнай газетай», 17 сакавіка 1995 года прыйшла сумная навіна: паводле ўказа №113 аб асобных парушэннях заканадаўства ў сродках масавай інфармацыі Іосіф Сярэдзіч быў вызвалены з пасады галоўнага рэдактара. З мэтай падвесці юрыдычную базу пад звальненне, ва ўказе ішла гаворка пра канстытуцыйныя захады кіраўніка дзяржавы па забеспячэнні палітычнай стабільнасці, абароне правоў і свабод грамадзян. Такія правы Лукашэнку даваў пункт 1 артыкула 100 тагачаснай рэдакцыі Канстытуцыі (у лістападзе 1995 года ў інтэрв’ю германскаму выданню «Handelsblatt» Лукашэнка прызнаўся, што паводле пункта 1 артыкула 100 можа рабіць усё, што захоча).

Фармальнай прычынай паслужыла публікацыя 10 сакавіка ліста на адрас Лукашэнкі аднаго з чытачоў, што падпісаўся Здзіславам Вальняровічам. Аўтар ліста рэзка выступіў супраць ініцыяванага Лукашэнкам рэферэндуму па змене сімволікі, дзяржаўнасці рускай мовы, эканамічнай інтэграцыі з Расіяй і па роспуску Вярхоўнага Савета. Ліст быў расцэнены як заклік «да гвалту і грамадзянскага супрацьстаяння».

Нягледзячы на сыход Сярэдзіча, газета працягвала дзейнічаць на дэмакратычных прынцыпах. Гэтаму спрыяла і тое, што 20 красавіка 1995 года на пасаду галоўнага рэдактара Лукашэнкам быў прызначаны Мікалай Галко. Апошні, аднак, не збіраўся прагінацца пад выканаўчую ўладу: газета публікавала ў тым ліку і крытычныя матэрыялы. З абраннем Вярхоўнага Савета 13 склікання газета адчула сябе больш упэўненай, зрабіла даволі смелыя крокі, распачаўшы публікацыі інтэрв’ю з галоўнымі палітычнымі апанентамі Лукашэнкі.

У першым нумары за 1996 год было змешчана інтэрв’ю з экс-кіраўніком МУС Юрыем Захаранкам («Александр Григорьевич знал меня как министра, но не знал как человека»), а ў нумары за 13 лютага — з Віктарам Ганчаром («Человек с неистребимым желанием быть лучше всех»).

Цярпенне Лукашэнкі скончылася 18 сакавіка 1996 года. У гэты дзень ён падпісаў указ (№103) аб звальненні Галко «в связи с несоответствием выполняемой работе». Адначасова Лукашэнка падпісаў указ (№104) аб прызначэнні выконваючым абавязкі галоўнага рэдактара Міхаіла Шыманскага. У гэтым указе таксама гаварылася пра тое, каб унесці ў парадак дня першай сесіі Вярхоўнага Савета Беларусі 13 склікання пытанне пра зацвярджэнне Шыманскага ў якасці галоўнага рэдактара.

За «Народную»!

Аднак парламент не жадаў саступаць кіраўніку дзяржавы. Шыманскі так і не быў зацверджаны ў якасці галоўнага рэдактара. І гэта пры тым, што Лукашэнку, напрыклад, 4 мая 1996 года ўдалося дабіцца ад Вярхоўнага Савета прызначэння самых важных кандыдатур: Леаніда Мальцава (міністр абароны), Валянціна Агальца (міністр унутраных спраў) ды іншых. Больш за тое, парламент даў згоду на вызваленне ад пасады міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі (адстаўка адбылася яшчэ ў кастрычніку 1995 года).

У канцы мая 1996 года адносіны кіраўніка дзяржавы і Вярхоўнага Савета зноў рэзка абвастрыліся. Галоўным чынам гэта было звязана з тым, што большасць дэпутатаў адмовілася разглядаць прапановы прапрэзідэнцкай фракцыі «Згода» аб рэарганізацыі Канстытуцыйнага Суда, які, як вядома, цалкам фарміраваўся парламентам. Кіраўнік «Згоды» Уладзімір Канаплёў назваў Канстытуцыйны Суд «однокрылой птицей» і заклікаў разгледзіць такія прапановы (падпісаліся 40 дэпутатаў), паводле якіх палова Канстытуцыйнага Суда фарміравалася б Лукашэнкам.

Апагей супрацьстаяння паміж Лукашэнкам і Вярхоўным Саветам прыйшоўся на 4 чэрвеня 1996 года, калі старшыня парламента Сямён Шарэцкі публічна раскрытыкаваў палітыку Лукашэнкі, назваўшы яго генсекам, а яго адміністрацыю — Палітбюро.

На працягу месяца сітуацыя напружвалася. У СМІ кіраўнік дзяржавы і Вярхоўны Савет абвінавачвалі адзін аднаго ў нежаданні ўзаемна працаваць, нагнятанні палітычнай істэрыі і гэтак далей. Паміж заканадаўчай і выканаўчай уладай вяліся бясконцыя «войны законаў»: Лукашэнка накладваў «вета», Вярхоўны Савет яго скасоўваў, дзвюма трацінамі галасоў пацвярджаючы свае рашэнні.

Дзень «Д» настаў, калі 26 чэрвеня 1996 года дэпутаты ўнеслі змены і дапаўненні ў закон аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі: дзяржаўныя тэлебачанне і радыё павінны былі штотыднёва «в удобное время» ажыццяўляць трансляцыю праграм (45 хвілін) аб працы Вярхоўнага Савета, яго пастаянных камісій, дэпутацкіх фракцый.

Акрамя таго, дзяржтэлебачанне і радыё абавязаліся (раз на месяц) даваць дэпутатам мажлівасць для выступу або ўдзелу ў тэледэбатах. Працягласць такой перадачы павінна была быць не менш за 30 хвілінаў. Па просьбе дэпутатаў праграма магла ісці ў прамым эфіры без папярэдняга запісу.

Таму Лукашэнка і нанёс 28 чэрвеня моцны контрудар у выглядзе акцыянавання «Народнай газеты». У вочы адразу ж кідаліся тры спасылкі на канстытуцыйныя нормы (частка трэцяя артыкула 33: аб недапушчальнасці манапалізацыі СМІ, артыкул 34: права грамадзян на інфармацыю і вышэйадзначаная частка 1 артыкула 100), што падкрэслівала важнасць указа для кіраўніка дзяржавы і жаданне надаць гэтаму акту як мага больш прававой моцы.

Фармальнай нагодай акцыянавання стаў зварот да Лукашэнкі працоўнага калектыву газеты. У звароце было сказана, што газета ператварылася ў закладніка палітычнай барацьбы розных фракцый і груповак, што яна да сёння не мае пастаяннага статута і гэтак далей. Таму адзінае выйсце, сцвярджалася ў дакуменце, — гэта акцыянаванне з доляй дзяржаўнага ўдзелу. Аднак распрацоўшчыкі плана акцыянавання (гэтым пытаннем займаўся намеснік кіраўніка прэзідэнцкай Адміністрацыі Уладзімір Замяталін) сур’ёзна «пракалоліся». У адпаведным нумары «Народнай газеты» апублікаваныя ўказ і зварот датаваліся аднолькава — 28 чэрвеня 1996 года, што выглядала камічна.

Праўда, для Вярхоўнага Савета не было нічога смешнага. Ён кінуўся ў бой за сваё выданне.

11 ліпеня 1996 года дэпутат Аляксандр Дабравольскі заклікаў сваіх калегаў не хаваць галаву ў пясок, а вырашыць пытанне з газетай. У гэты ж дзень пытанне «Народнай газеты» было ўнесена ў парадак дня. За гэта прагаласавалі 130 дэпутатаў пры кворуме ў 100 (з зарэгістраваных 166 прагаласавалі 134, устрымаліся 2 і «супраць» — 2).

Заканчэнне артыкула чытайце ў №24 "Новага часу", які з'явіцца ў продажы 30 чэрвеня.

Каментары