НЕ - ВАЙНЕ!
389

Антырэкорд: 92% працэсаў у Гомельскім абласным судзе — палітычныя

23.11.2022 Крыніца: Наша Ніва

Флагшток звярнуў увагу на чарговы паток працэсаў па палітычна матываваных крымінальных справах у Гомельскім абласным судзе. Практычна штодня жыхароў вобласці судзяць за выказаныя меркаванні, запісы ў сацсетках, паведамленні ў чатах, прыгаворваючы да зняволення. У некаторыя дні суддзі Гомельскага абласнога суда разглядаюць выключна «палітычныя» справы. Гомельшчына стала лідарам па колькасці «экстрэмістаў» сярод усіх рэгіёнаў краіны.

Флагшток вывучыў расклад пасяджэнняў ва ўсіх абласных судах Беларусі за апошнія сем дзён лістапада. Высветлілася, што безумоўным лідарам у «палітычных» працэсах стаў Гомельскі абласны суд, дзе колькасць такіх спраў зашкальвае. З 23 па 30 лістапада прызначана да слухання ў судзе першай інстанцыі 13 крымінальных спраў. З іх 12 — з палітычнай афарбоўкай (больш за 92%), і толькі адна асабліва крымінальная — забойства.

У «палітычных» працэсах пераважаюць абвінавачванні за дзеянні ў сацсетках — «распальванне сацыяльнай варожасці», «абраза прадстаўнікоў улады» і асобна Лукашэнкі, «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

Дваіх мужчын, Уладзіслава Яцэнку і Кірыла Плакушчава, будуць судзіць за замах на «ўдзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце».

Таксама працягваюцца працэсы па абвінавачванні ў «здрадзе дзяржаве» (справа «Рабочага руху»), «тэрарызме» (справа «светлагорскіх партызан»).

А што ў іншых рэгіёнах? За той жа перыяд у Брэсцкім абласным судзе — усяго два слуханні ў судзе першай інстанцыі, з іх адно — за забойства, а другое — «палітычнае», за «распальванне варожасці». У Віцебскім абласным судзе з чатырох прызначаных спраў «палітычных» — два. Аналагічна— у Гродзенскім абласным судзе.

У Магілёўскім абласным судзе за тыя ж 7 дзён разгледзяць толькі дзве крымінальныя справы ў судзе першай інстанцыі, з іх «палітычныя» абедзве. У Мінскім абласным судзе на дадзены момант прызначаны тры працэсы, з якіх з палітычнай афарбоўкай — два.

Чытаць яшчэ: 

Эпідэмія, рэвалюцыя, рэпрэсіі, вайна… Ці застаецца месца культуры на старонках беларускіх СМІ?

Шасці рэдактарам апазіцыйнай газеты ў Ганконгу пагражае пажыццёвае зняволенне

Да 15-годдзя «Белсату». Першапраходцы: Вольга Швед

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!