4275

Анлайн-канферэнцыя “Сёння і заўтра беларускага інтэрнэту” (ВІДЭА)

05.11.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

5 лістапада з ініцыятывы Міжнароднай федэрацыі журналістаў у свеце праходзіла кампанія “Станем за журналістыку!”.

Кожная краіна найперш канцэнтруецца на тэме, важнай менавіта для яе. Мы лічым, што на гэты момант адной з самых актуальных праблем з'яўляецца ўвядзенне кантролю над Байнэтам і, як адна з яго праяваў, – блакаванне незалежных беларускіх сайтаў.

У чацвер на сайце ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” прайшла анлайн-канферэнцыя “Сёння і заўтра беларускага інтэрнэту. Тэндэнцыі, пагрозы, блакаванне”.

Удзел у ёй бралі:

Міхаіл Дарашэвіч – кіраўнік праекту Gemius Belarus, даследчык і незалежны эксперт у галіне развіцця інтэрнэт-тэхналогій;

Аляксей Казлюк – супрацоўнік па даследаваннях і прававых пытаннях Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend.

Вось некаторыя вытрымкі з гэтай гутаркі:

Міхаіл Дарашэвіч:

– Калі параўноўваць верасень 2014 года з вераснем 2015 года, то беларуская інтэрнэт-аўдыторыя вырасла на 3%. Калі летась яна складала 4 млн 920 тысяч чалавек ва ўзросце 15-74, то цяпер іх – 5 млн 069 тысяч.

Ці шмат гэта? Канешне, у параўнанні з 2009, 2010, 2011 гадамі, калі беларуская інтэрнэт-аўдыторыя расла па 10% за год, падаецца, што няшмат. Насамрэч, гэта больш чым дастаткова з улікам таго, што людзі ва ўзросце 20-45 ужо ўсе практычна ў Інтэрнце. Узровень пранікнення ў гэтай групе складае амаль 100%.

У параўнанні з мінулым годам крыху зменшылася доля карыстальнікаў з Мінска (на 0,42%), і павялічылася доля карыстальнікаў з малых гарадоў і сельскай мясцовасці. Нагадаю, што асноўнай групай карыстальнікаў Інтэрнэту ў Беларусі з’яўляюцца людзі з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. На 0,68% павялічылася доля тых, хто далучае сябе да беспрацоўных. Важна тое, што павялічылася дзённая аўдыторыя – на 3,4%. Сярэдняя лічба за верасень складае 3,382 млн карыстальнікаў штодня.

Аляксей Казлюк:

– Адбываецца барацьба тэхналогій: ёсць пэўныя метады блакавання, якія абыходзяць пры дапамозе тэхнічных сродкаў. Тым не менш, у доўгатэрміновай перспектыве зарэгуляванасць і магчымасць аказацца заблакаванымі аказвае “ахаладжальны эфект” ці “эфект самацэнзуры” – калі ўладальнік сайта можа адмовіцца ад апублікавання інфармацыі, якая можа выклікаць негатыўную рэакцыю дзяржавы…

Ананімайзеры – гэта толькі адзін з метадаў. Трэба ў комплексе разглядаць пытанне. Што прасцей – усталяваць ананімайзер ці сабрацца і задаць пытанне: навошта дзяржаве гэтыя інструменты, якія ўсе адно можна абысці і якія не будуць працаваць так, як задумана?.. Я – за комплексную палітыку: не палітыку рэгулявання, а палітыку кіравання, заснаваную на ўдзеле ўсіх зацікаўленых груп.

Міхаіл Дарашэвіч:

– Інтэрнэт – гэта заўсёды нейкая “экасісітэма”. Каб стварыць кантэнт, патрэбныя грошы, і кантэнт павінен задавальняць мэтавую аўдыторыю. Многія мэтавыя групы не жывуць у рэжыме Reuters і France Presse, яны зусім інакш спажываюць навіны. Многія групы людзей у Беларусі не ўвесь час знаходзяцца ў Інтэрнэце. Многія спажываюць інфармацыю ў выходныя дні – у той час, калі беларускія навінавыя рэсурсы ў асноўным адпачываюць.

Беларуская навінавая стужка прачынаецца гадзіне а 9-й. Прычым у прамежку паміж 7 і 9 раніцы – гэта ўчорашнія навіны. Таму не дзівіцеся папулярнасці тэлебачання…

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!