318 0

Ангола, Ліберыя, Бразілія? Часопіс “Марскія і каланіяльныя справы” ў 1930-я гады пісаў пра Польшчу як каланіяльную дзяржаву

02.12.2017 Крыніца: Ігар Мельнікаў, кандыдат гістарычных навук для baj.by

Міжваенная Польшча разглядала магчымасць каланізацыі былой германскай калоніі Камеруна. У канцы 1930-х гадоў “Марская і каланіяльная ліга” была адной з найбольш уплывовых польскіх арганізацый, выдаваўся і адмысловы часопіс, які пісаў пра светлую каланіяльную будучыню. Пра гэта піша гісторык Ігар Мельнікаў.

Пару гадоў таму ў Брэсце я набыў некалькі нумароў польскага часопіса “Марскія і каланіяльныя справы” (Sprawy morskie i kolonialne — І.М.). Хутчэй за ўсё яны паходзілі з бібліятэкі “Марской і каланіяльнай лігі” (Liga morska i kolonialna — І.М.), адзяленне якой у міжваенны час знаходзілася і ў Берасці-на-Бугу. Гэтая арганізацыя ўзнікла ў красавіку 1924 года. Першапачаткова, яе дзейнасць была накіраваная на прапагандаванне марской тэматыкі сярод польскага грамадства.

Але пазней асноўнай мэтай “Лігі” стала стварэнне ўмоў для набыцця ці атрымання Другой Рэччу Паспалітай калоній у Афрыцы, Лацінскай Амерыцы.

У 1930 г. палякі скіравалі свой погляд на партугальскую калонію Анголу. Паміж Польшчай і Партугаліяй была падпісана дамова аб гандлі, а хутка з’явілася польская акцыянерная кампанія Polangola. У гэты ж час, у адным з віленскіх выданняў з’явілася інфармацыя аб тым, што Варшава збіраецца “набыць” у Лісабона Анголу. У гэты час у Заходняй Беларусі дзейнічала шмат махляроў, якія, карыстаючыся шуміхай, збіралі ў суграмадзян сродкі на “здзелку стагоддзя”. Такія паводзіны занепакоілі партугальцаў і ў хуткім часе супраца з палякамі спынілася.

У 1934 годзе “Марская і каланіяльная ліга” набыла зямлю на тэрыторыі бразільскага штата Парана і стварыла там польскае пасяленне “Марская воля”. У тым жа годзе была падпісана дамова з Ліберыяй, якая павінна была паспрыяць польскай каланізацыі гэтай краіны (там, між іншым, мелі з’явіцца польскія плантатары — І.М.). Акрамя гэтага, міжваенная Польшча разглядала магчымасць каланізацыі былой германскай калоніі – Камеруна. У канцы 1930-х гадоў “Марская і каланіяльная ліга” была адной з найбольш уплывовых польскіх арганізацый. У яе шэрагах знаходзілася каля мільёна грамадзян Другой Рэчы Паспалітай, а прадстаўніцтвы гэтай арганізацыі былі, у тым ліку, і на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Штаб-кватэра Віленскай  акругі “Лігі” знаходзілася ў Вільні на вуліцы Святаерскай, 3. У Навагрудку бюро арганізацыі размяшчалася на вуліцы Слонімскай, 30. У Гродна — на вуліцы Лістоўскага, 35 і, нарэшце, вышэй узгаданае адзяленне Палескага аддзялення “LMK” у Берасці-на-Бугу знаходзілася па адрасе Зыгмунтоўская, 72. У міжваенны час дадзеная арганізацыя выдавала шэраг перыядычных выданняў і адным з галоўных сярод іх быў менавіта часопіс “Марскія і каланіяльныя справы”.

Абгрунтаванне польскага каланіялізма

Матэрыялы, якія публікаваліся ў гэтым выданні, былі прысвечаны палітычнай і навуковай тэматыцы. Побач з артыкуламі вядомых міжваенных гісторыкаў, дэмографаў, сацыёлагаў публікаваліся працы польскіх палітыкаў і грамадскіх дзеячаў, якія актыўна прасоўвалі ідэю неабходнасці перагляду статуса старых калоній і атрымання Другой Рэччу Паспалітай заморскіх земляў.

У адным з нумароў часопіса за 1934 год інжынер Станіслаў Галеўскі разважаў над тэмай магчымай польскай каланізацыі Перу. Даследчык адзначаў, што ўзрост колькасці польскага насельніцтва і праблемы ў эканоміцы стымулююць эміграцыйныя працэсы.

Галеўскі падкрэсліваў, што эміграцыя польскіх грамадзян у Перу будзе пазітыўна ўспрынята перуанскімі ўладамі, бо паспрыяе “узмацненню сілы белай расы” ў гэтай краіне.

Інжынер дэталёва апісваў магчымасці развіцця польскіх пасяленняў у лацінаамерыканскай краіне і праблемы, з якімі могуць сустрэцца польскія грамадзяне за акіянам.

У іншым нумары выдання за той жа 1934 год адзін з аўтараў часопісу аналізаваў паняцце “калоніі” і спрабаваў зразумець, у якой часцы свету ў Другой Рэчы Паспалітай ёсць шансы паўдзельнічаць у “перадзеле заморскіх тэрыторый”.

“Мадагаскар — астраўная калонія, з гарачым кліматам, а насельніцтва там, у асноўным, абарыгеннае. Тут распаўсюджана плантацыйная гаспадарка, якая моцна залежыць ад Францыі. Тангаіка — гэта мандатная ангельская калонія з сухім кліматам і перавагай абарыгеннага насельства. Там развіта плантацыйная і жывёлагадоўчая гаспадарка. [...] Вялікабрытанія бярэ значную частку прадуктаў, такіх як какава, гарбата, каўчук, золата менавіта з калоній. [...] Дзяржавы, якія не маюць тэрытарыяльных калоній, але маюць шматлікія эміграцыйныя калоніі, якія знаходзяцца па ўсім свеце ад Сахаліна, праз Азію, Еўропу, Амерыку, аж па Каліфорнію, павінны праводзіць сваю каланіяльную палітыку. Тут трэба ўлічваць, што эміграцыйныя калоніі з’яўляюцца культурнымі і гаспадарчымі фарпостамі дзяржаў і грамадства, якія іх высылаюць. У большасці выпадкаў яны рыхтуюць у будучым змену тэрытарыяльнай прыналежнасці гэтых тэрыторый. Варта разумець, што сённяшняя сітуацыя з калоніямі і іх гаспадарамі не вечная і не з’яўляецца вечнай палітычная, ці эканамічная перавага тых, ці іншых дзяржаў.

Каланіяльныя дзяржавы, якія не маюць дастатковых магчымасцяў і людзкіх рэсурсаў, каб запоўніць свае вялікія каланіяльныя тэрытарыяльныя ўладанні, ці маюць за шмат калоній, павінны саступіць месца іншым. Нам трэба быць гатовымі да таго, калі для Польшчы прыйдзе спрыяльны момант каб атрымаць заморскія калоніі”, — адзначаў аўтар публікацыі.

У нумары 4 за 1935 год аўтары выдання разважалі наконт каланіяльных перспектыў Трэцяга Рэйха. “Яшчэ ў жніўні 1934 года Гітлер запэўніваў прадстаўніка “Daily Mail”: “Мы не збіраемся плаціць кроўю немцаў, каб  атрымаць якія бы то не было калоніі. Былыя афрыканскія калоніі Германіі сёння з’яўляюцца цяжкай раскошай”. Аднак 9 верасня таго ж года намеснік фюрэра — Рудольф Гес на кангрэсе нацыянал-сацыялістычнай партыі ў Нюрнбергу адзначыў, што цяжкай раскошай гэтыя тэрыторыі з’яўляюцца для Англіі, а не для Германіі. [...] Акрамя гэтага за наяўнасць у Германіі калоній выступіў і міністр гаспадаркі доктар Шахт”.

“Натуральны прырост насельніцтва ў Польшчы штогод дасягае 400-500 тысяч чалавек, а ўсходнія крэсы могуць прыняць максімум 5 мільёнаў і кожны разумее, што праз 10 гадоў мы запоўнім гэтыя тэрыторыі. І што потым? Тут з’яўляецца пытанне знешняй каланізацыі. [...]

Наяўнасць заморскіх калоній звязана таксама з пэўнымі карыснымі момантамі ў сферы культуры. Праз іх можна пашыраць нашую нацыянальную культуру сярод іншых народаў і краін. Калоніі — гэта тэрыторыі, на якіх народ, які імі валодае, можа арганізаваць цікавы эксперымент. А менавіта ў мірным суіснаванні можа ўплываць на народы і паказваць вартасць сваёй культуры. Калі мы глядзім, як 150 тысяч англічан кіруюць 360 мільёнамі насельніцтва Індыі, то мы прызнаем сілу і прывабнасць англійскай культуры. Калоніі нам патрэбны і з эканамічных поглядаў. Мы разумеем, што ўдзел Польшчы ў замежным гандлі вельмі малы. Наш удзел у ім павінен узрастаць. І гэты ўзровень павысіцца, калі мы атрымаем тэрыторыі, якія будуць даваць нам танную сыравіну. Калоніі з’яўляюцца выдатнай адміністратыўна-палітычнай  і вайсковай школай. Чым калоніі будуць для Польшчы? Будуць працягам польскай тэрыторыі, будуць працягам Польшчы ў культурным сэнсе, будуць працягам нашага эканамічнага жыцця”, — адзначаў у артыкуле, апублікаваным у 1937 годзе ў часопісе “Марскія і каланіяльныя справы”, прафесар Познаньскага ўніверсітэта Станіслаў Паўлоўскі.

Габрэйская эміграцыя з тэрыторыі міжваеннай Польшчы

Варта адзначыць, што пастулаты, агучаныя вышэй, польскія ўлады ў міжваенны час актыўна ажыццяўлялі на тэрыторыях Заходняй Беларусі і Украіны.

Некаторыя сённяшнія польскія даследчыкі адкрыта называюць “усходнія крэсы” ўвогуле і Палессе ў прыватнасці “польскім Мадагаскарам”. Там праводзілася асіміляцыйная палітыка, укараненне польскай мовы і каталіцкай веры. Пры гэтым, дзеля справядлівасці, варта адзначыць, што на працягу міжваеннага дваццацігоддзя польскія ўлады імкнуліся палепшыць эканамічнае становішча гэтага рэгіёна і, нарэшце, ліквідаваць падзел сваёй краіны на Польшчу “А” і Польшчу “Б”.

З гэтым, дарэчы, звязана і праблема габрэйскай эміграцыі з усходніх польскіх ускраін, у тым ліку і заходнебеларускага рэгіёна. Аўтары часопіса “Марскія і каланіяльныя справы” звярталі на гэта вялікую ўвагу. “Міграцыйныя тэндэнцыі сярод габрэяў былі заўсёды распаўсюджаныя. Звязана гэта было з тым, што іх гаспадарчая дзейнасць была звязана з гандлёвым абменам”, — адзначаў адзін з аўтараў выдання.

“Калі большасць польскіх грамадзян негабрэйскага паходжання ў 1926–1935 гг. эмігравалі ў асноўным у еўрапейскія краіны, то габрэйскае насельніцтва эмігруе за мора. Гэта азначае, што габрэі не прымаюць удзелу ў т.зв. сезоннай эміграцыі (на сезонныя працы, напрыклад, у Латвію, у міжваеннае дваццацігоддзе выязджала вялікая колькасць беларусаў, жыхароў Віленскага, Навагрудскага і Палескага ваяводстваў — І.М.). Асноўны накірунак габрэйскай эміграцыі — Злучаныя Штаты Амерыкі, куды толькі ў 1921 годзе накіравалася каля 70 тысяч габрэяў з Польшчы. [...]Аднак, галоўным месцам эміграцыі габрэяў застаецца Палестына.  [...] Варта адзначыць, што да 1933 года польскія габрэі жадалі эміграваць у іншыя краіны, але закрыццё магчымасцяў эміграцыі ў Амерыку прывяло да таго, што вялікая колькасць габрэйскага насельніцтва накіравалася менавіта ў Палесціну. У 1919–1935 годзе туды прыехала каля 260 000 габрэйскіх эмігрантаў, з якіх каля 40 % складалі польскія грамадзяне”, — пазначалася ў іншым артыкуле.

У якасці прычын, якія спрыялі габрэйскай эміграцыі з тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай, адзначаўся высокі натуральны прырост габрэйскага насельніцтва, яго паўперызацыя, канкурэнцыя з хрысціянскімі гандлёвымі і фінансавымі структурамі, урбанізацыя, гаспадарчы крызіс.

Аўтары часопісу не называлі аднак вельмі важнага фактару, а менавіта антысемітызму, які ў другой палове 1930-х гадоў меў месца і ў Польшчы.

Гэта, напрыклад, уплывала на тое, што з футбольных каманд звальнялі гульцоў габрэйскай нацыянальнасці. Здараліся нават антыгабрэйскія пагромы (дзін з такіх меў месца ў Берасці ў 1937 г. – І.М.). У адной з публікацый часопіса “Марская і каланіяльная справа” акрыта адзначалася:

“Тут улічваецца не толькі гаспадарчае развіццё краіны, але яе нацыянальны характар і абароназдольнасць. Польшча не не можа павялічваць у сябе колькасць габрэяў з-за адсутнасці дастатковай колькасці тэрыторый. Больш таго, Польшча з’яўляецца адзінай краінай (маецца на ўвазе ў Еўропе — І.М.), якая празмерна насычана імі”.

Аўтары часопісу разглядалі магчымасць эміграцыі польскіх габрэяў, у тым ліку, і з Заходняй Беларусі, у…Бірабіджан, на тэрыторыю СССР і адзначалі, што там можа пасяліцца да 1 мільёна асоб габрэйскай нацыянальнасці. Для вырашэння гэтай справы дзеячы “Марской і каланіяльнай лігі” заклікалі аказваць ціск на савецкія ўлады. Але гэтыя “прапановы” былі банальнай фантастыкай. У канцы 1930-х гадоў Савецкі Саюз быў  закрытай краінай, а кожны замежнік там успрымаўся як агент замежнай выведкі.

Польскія мары пра заморскія калоніі засталіся толькі марамі. У верасні 1939 года Другая сусветная вайна прынесла цяжкія выпрабаванні на польскія і беларускія землі. Тыя, хто не паспеў эміграваць з тэрыторыі Польшчы, вымушаны былі змагацца за ўласнае жыццё. Каланіялізм і ўсе яго праявы паступова на працягу ХХ ст. былі ліквідаваны. Сёння даваенны польскі часопіс “Марскія і каланіяльныя справы” з’яўляецца цікавай і карыснай крыніцай ў тым ліку і па гісторыі Беларусі міжваеннага часу.

Каментары