1169 1

Андрэй Дынько: Бюджэтныя датацыі павінны стаць даступнымі для недзяржаўных СМІ

15.02.2017 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Барацьба з пірацтвам, усеагульны пераход медыяў да платнай падпіскі ў інтэрнэце, дзяржаўныя датацыі ці стварэнне роўных умоў працы. Цягам другога дня канферэнцыі “Медыя Беларусі: выклікі і шанцы” абмяркоўваліся эканамічныя аспекты працы беларускіх выданняў. Удзел у дыскусіі ўзялі кіраўнікі СМІ і медыяэксперты. Прыводзім выступы дакладчыкаў.

Андрэй Аляксандраў, намеснік дырэктара агенцтва “БелаПАН”

— Медыярынак немагчыма ўявіць асобна ад эканамічнай сітуацыі ў Беларусі. Эканамічная сітуацыя сёння не радуе, бо краіна знаходзіцца ў стане рэцэсіі. Назіраецца дамінаванне дзяржсектара і вялікая прывязка нашай эканомікі да Расіі.

Да таго ж за апошнія гады мы заўважылі сур’ёзнае падзенне капіталізацыі беларускага медыярынка — прыкладна на 40 %. Ёмкасць медыярынка Беларусі на сённяшні дзень складае прыкладна 70 мільёнаў долараў, 18 мільёнаў з іх — гэта рынак інтэрнэт рэкламы.

Змянілася таксама і структура медыярынка: у 2005 годзе друкаваныя СМІ займалі прыкладна 26 % рынка, 52 % — ТБ, 1 % — інтэрнэт. У 2016 годзе друкаваныя СМІ складалі прыкладна 5 % рынка, а інтэрнэт — каля 25–26 %. І гэта тэндэнцыя працягваецца развівацца.

Асаблівасць нашай медыяпрасторы і ў тым, што ў ёй дамінуюць буйныя гульцы, многія з якіх не беларускія, а расійскія. Таксама цяпер пачалі актыўна прасоўваць сябе ў інтэрнэце дзяржаўныя СМІ.

Трэба згадаць палітычны складнік эканомікі беларускіх медыя: рынак медыя перакошаны з-за бюджэтных субсідый дзяржаўным выданням. Таксама сюды можна дадаць сістэму распаўсюду, у якую не могуць трапіць многія недзяржаўныя медыя.

Яшчэ адна праблема — прымусовая падпіска на дзяржаўныя газеты, ціск на рэкламадаўцаў, бар’еры для выхаду на рынак (рэгістрацыя, размеркавання частотаў, інвестыцыі). Канешне ж трэба згадаць праблемы з доступам журналістаў да інфармацыі.

Але не ўсё так кепска, у нас усё роўна ёсць магчымасці, якія можна паспяхова выкарыстоўваць. Найперш, гэта развіццё тэхналогій, новыя платформы для працы. Таксама з’явіліся новыя фарматы рэкламы, якія дазваляюць зарабляць нават маленькім сайтам. Змяніліся і падыходы рэкламадаўцаў, якія хочуць скіроўваць рэкламу канкрэтнай мэтавай аўдыторыі.

Маркетынг і продаж. На мой погляд, у беларускіх медыя па-ранейшаму існуе перакос рэдакцыі ў бок стварэння кантэнту. Але апроч стварэння сёння важна навучыцца і прафесійна прадаць свой кантэнт. Тыя выданні, якія зразумелі гэта, могуць вельмі паспяхова развівацца.

Што тычыцца кампаніі БелаПАН, яшчэ нядаўна у нас быў вялізны перакос у бок продажу навінаў. Але зараз мы імкнёмся павялічыць адсотак даходаў ад рэкламы. Для гэтага летась запусцілі новую версію сайта, на якой адразу стала значна больш рэкламы.

Дзякуючы  новай версіі трафік на сайт за некалькі месяцаў павялічыўся прыкладна на 40 % і цяпер мы падбіраемся да 1 мільёна унікальных наведвальнікаў у месяц.

Таксама мы актыўна прасоўваем старонкі Facebook, Twitter, Youtube.

Мы сур’ёзна працуем над рэструктурызацыяй агенцтва, каб яно заставалася вядучым гульцом на беларускім рынку — гэта і развіццё аддзела маркетынгу, мультымедыйны кантэнт, аптымізацыя структуры рэдакцыі, барацьба з крадзяжом інфармацыі і партнёрства з іншымі медыя.

Паўлюк Быкоўскі, медыяэксперт

— Часам здаецца, што не можа быць, каб людзі перасталі чытаць папяровыя газеты і слухаць радыё. Але змена мадэлі спажывання інфармацыі змяняе медыя-бізнес. Гэта з’ява клапоціць не толькі недзяржаўныя СМІ, але і чыноўнікаў. Нядаўна пра падзенне накладаў казала міністр інфармацыі Беларусі.

Калі прааналізаваць рынак, то самыя масавыя друкаваныя выданні ў Беларусі — гэта грошы і жыроўкі :). Але нават гэтыя друкаваныя выданні у хуткім часе стануць электроннымі.

Што тычыцца тэндэнцый, то сёння зніжаецца роля сайтаў СМІ і расце роля медыяпрысутнасці на розных платформах. Ужо змянілася значэнне тытульнай старонкі сайта, бо людзі прыходзяць на канкрэтны матэрыял з сацыяльных сетак, пошуку, спасылак сяброў.

Самая галоўная валюта медыя — увага аўдыторыі. Ідзе сур’ёзная барацьба за аўдыторыю на мабільных прыладах, дзе кожны чалавек мае цэлы кіёск з канктэнтам і рэкламай. Цалкам прэзентацыя Быкоўскага - тут.

Уладзімір Янукевіч, дырэктар выдавецкага дома “Інтэкс-прэс”

— На прыкладзе выданняў, якія ўваходзяць у Асацыяцыю выдаўцоў рэгіянальнай прэсы, магу сказаць, што асноўныя праблемы сёння — гэта па-ранейшаму няроўны доступ да сістэм распаўсюду, датацыі для дзяржаўных СМІ, рознае цэнаўтварэнне ў параўнанні з дзяржаўнымі выданнямі ў паліграфіі, арэндзе, ускосныя датацыі і ільготы для дзяржаўных выданняў, няроўны доступ да рынка рэкламы.

Сустрэча галоўнага рэдактара “Народнай волі” Іосіфа Сярэдзіча з Аляксандрам Лукашэнкам толькі падкрэсліла, што ніякай свабоды ў заключэнні дамоваў з рэгіянальнымі выданнямі ў “Белсаюздрука” і “Белпошты” няма і ўсё можа вырашацца па камандзе зверху.

Прымусовая падпіска ў рэгіёнах даходзіць да таго, што настаўнікаў абавязваюць падпісвацца на тыя ці іншыя выданні і прыносіць у школу квіток з пошты, каб пацвердзіць, што ты падпісаўся. А калі настаўнік падпісаўся, ён атрымлівае дадатковы дзень да летняга адпачынку.

Таксама часта ўлады прымушаюць прыватныя прадпрыемствы не браць нашу газету на рэалізацыю. Напрыклад, калі ў Баранавічы прыйшла “Карона”, мы добра пачалі з імі супрацоўнічаць. У першы ж дзень прадалі, хіба, 200 ці 300 асобнікаў газеты ў новай краме. А потым мне тэлефануе кіраўніцтва “Кароны” і кажа, што ім забаранілі з намі супрацоўнічаць. Прычым называюць прозвішчы канкрэтных службовых асобаў з гарвыканкама. У нас усе званкі ў рэдакцыю запісваюцца і мы мае запіс гэтай размовы як доказ.

Таму асноўнае наша патрабаванне і пазіцыя: умовы павінны быць аднолькавыя для ўсіх выданняў. Тады з намі наогул ніхто канкураваць не зможа, бо мы робім самы цікавы прадукт на рынку свайго рэгіёна.

Але дзяржава робіць усё магчымае, каб недапусціць нашай паспяховай працы. У інтэрнэце ж, дзе не трэба вялікіх грошай, усе грамадска-палітычныя недзяржаўныя выданні ўжо даўно абыходзяць дзяржаўную прэсу.

Андрэй Дынько, шэф-рэдактар “Нашай Нівы”

— “Наша Ніва” — гэта больш за 7 мільёнаў праглядаў старонак у інтэрнэце штомесяц. Мы выкарысталі скарачэнне папяровай газеты як шанец для сур’ёзнага развіцця ў інтэрнэце.

З гэтага досведу магу сказаць, што мадэлі іншых краінаў не аднолькава працуюць і для Беларусі. Напрыклад, я не бачу такой аддачы ад сацыяльных сетак, пра якую ўсе так шмат кажуць. Проста самі сабе публікацыі ў сацыяльных сетках не прыносяць нам сёння грошай. Сацыяльны сеткі і мэсэнджары павінны працаваць на тое, каб прыцягваць аўдыторыю на старонку выдання.

Гэта, напрыклад “Радыё Свабода” можа дазволіць трымаць 6 чалавек на вялікіх стаўках заробку для адміністрацыі сацыяльных сетак. Беларускія выданні ў большасці сваёй не могуць сабе гэта дазволіць.

Краўдфандынг. “Наша Ніва” была першая з грамадска-палітычных выданняў, хто ў след за часопісам “Имена” паспрабаваў сабраць грошы на працу. Мяркуем, што цягам года праз краўдфандынг мы зможам сабраць 10-11 тысяч еўра. Не думаю, што хтосьці зможа сур’ёзна існаваць за гэтыя грошы.

Якая ж можа быць іншая мадэль?

Мне вельмі падабаецца прыклад Даніі, дзе буйныя выданні дамовіліся і ў адзін час перавялі сайты на платную падпіску для чытачоў. Я не выключаю, што мы павінны падыйсці да такога салідарнага дзеяння — стварэння гэтай самай PayWall. Бо без платнага доступу да сайта мы не маем чым замяніць фінансаванне нашых выданняў грамадствам.

Канешне, такі платны доступ магчымы тады, калі дасягне дастатковага развіцця сістэма электронных грошай, таму тут мы крыху залежым ад дзяржавы. Па меры развіцця электронных плацяжоў нам трэба думаць пра салідарныя дзеянні ў галіне ўвядзення платнай падпіскі.

І таксама я не бачу нічога кепскага ў дзяржаўнай падтрымцы медыя. Але гэтыя датацыі павінны стаць даступныя і для недзяржаўных выданняў. Нам трэба змагацца за тое, каб БелаПАН, “Народная воля”, “Наша Ніва” і іншыя выданні маглі прэтэндаваць на дзяржаўную падтрымку. Сукупнасць платнага доступу да сайтаў і дзяржаўная падтрымка ўсіх відаў СМІ могуць стварыць сапраўдную здаровую канкурэнцыю на рынку.

Для таго, каб недзяржаўныя выданні сталі моцнымі, мала таго, каб нас вярнулі ў сістэмы распаўсюду і запрашалі на прэс-канферэнцыі Лукашэнкі. Для гэтага неабходна, каб у краіне была выбудаваная галосная роўнапраўная сістэма размеркавання дзяржаўных датацый сярод розных форм медыяў.

Ганна Канапацкая: Я на сабе ўжо адчула розніцу ў працы дзяржаўных і недзяржаўных СМІ. Першы дзень канферэнцыі

Прадстаўнікі ўраду праігнаравалі міжнародную канфэрэнцыю БАЖ

АБСЕ: Для Беларусі актуальныя пытанні акрэдытацыі замежных журналістаў і прызнання фрылансераў

Каментары

Спасылка на гэты артыкул: http://belisrael.info/?p=9776