757 0

Андрэй Бастунец каментуе змены ў заканадаўства аб СМІ, прынятыя Палатай прадстаўнікоў ДАКУМЕНТ

15.06.2018 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Заканадаўства ў галіне СМІ

У чацвер Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі прыняла папраўкі ў закон аб СМІ ў другім чытанні. У параўнанні з першым чытаннем, у законапраект былі ўнесеныя некаторыя змены (выніковы тэкст законапраекта). Па вялікім рахунку практычна ўсе праблемныя нормы, на якія звярталі ўвагу прадстаўнікі медыясупольнасці, у тым ліку БАЖ, захаваліся.

Кіраўнік ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, юрыст Андрэй Бастунец адзначае ключавыя моманты, якія працоўная група прыняла да ўвагі.

— Я прагназаваў, зыходзячы з размоў з прадстаўнікамі працоўнай групы, што могуць быць прынятыя да ўвагі два важных моманты: уведзены судовы парадак абскарджванняў рашэнняў Міністэрства інфармацыі аб блакаванні інтэрнэт-рэсурсаў, а таксама ўведзена больш простая працэдура рэгістрацыі анлайн-СМІ.

Мой прагноз спраўдзіўся напалову — магчымасць абскарджваць у судзе рашэнні мінінфарма прапісаная, а працэдура рэгістрацыі застаецца такой жа складанай. Напрыклад, застаецца вызначэнне, што рэдакцыяй можа быць толькі юрыдычная асоба, а не індывідуальны прадпрымальнік ці фізічная асоба.

Гэта істотна абмяжоўвае ўваход на рынак медыя.

На сёння ў Беларусі інтэрнэт-рэсурсы наогул не рэгістраваліся як СМІ, іх статус юрыдычна не быў вызначаны. Цяпер уводзіцца добраахвотная рэгістрацыя, але далёка не ўсе змогуць гэта зрабіць.

Да прыкладу, заснавальнікамі папулярных рэгіянальных рэсурсаў media-polesye.by і ex-press.by з'яўляюцца індывідуальныя прадпрымальнікі. Адпаведна, калі яны захочуць мець статус СМІ, уласнікам трэба стварыць і зарэгістраваць юрыдычную асобу, а пасля падаваць свае інтэрнэт-рэсурсы на рэгістрацыю ў Міністэрства інфармацыі.

З першага погляду, прыбралі з законапраекта нормы пра адказнасць інтэрнэт-рэсурсаў — у КаАП прапаноўвалася ўвесці артыкулы, што вызначаюць дадтковую адказнасць для ўласнікаў інтэрнэт-рэсурсаў у 200-500 базавых велічынь. Гэтыя нормы зніклі з законапректа, але рана радавацца, бо, паводле нашай інфармацыі, яны перанесеныя ў іншы законапраект — аб унясенні змяненняў у Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях.  Самае галоўнае, норма не знікла, а застаецца ў актыўнай распрацоўцы.

Па вялікім рахунку ўсе астатнія пытанні, на якіх рабілі акцэнт прадстаўнікі ГА “БАЖ”, і прадстаўнікі медыясупольнасці засталіся па-за ўвагай.

Агулам абмеркаванне законапраекта больш падобнае на імітацыю, чым на спробу знайсці ўзаемапаразуменне.

У законапраекце застаюцца абавязкі рэдакцый адсочваць змест каментароў, абавязковая ідэнтыфікацыя каментатараў у інтэрнэце і пазасудовыя магчымасці для Міністэрства інфармацыі блакаваць інтэрнэт-рэсурсы. Па вялікім рахунку практычна ўсе праблемныя нормы законапраекта, на якія звярталі ўвагу прадстаўнікі медыясупольнасці, у тым ліку БАЖ, захаваліся.

Таксама ні Міністэрства інфармацыі, ні Палата прадстаўнікоў, наколькі нам вядома, не заангажавалі да працы міжнародных экспертаў, хаця прадстаўнікі АБСЕ самі выказвалі зацікаўленасць у гэтым.

Замечания и предложения БАЖ по поводу поправок в закон о СМИ

Мінінфарм не паведамляе, якія заўвагі наконт паправак у закон аб СМІ будуць прынятыя ВЫНІКІ СУСТРЭЧЫ

БАЖ накіраваў кожнаму дэпутату парламента свае заўвагі і прапановы адносна закона аб СМІ

Поправки в Закон о СМИ: регистрация интернет-изданий, идентификация комментаторов, блокировка соцсетей

Проблемы СМИ в Беларуси: что, где, куда

Каментары