1843

Ананіч – пра эфектыўнасць папярэджанняў, Бастунец – пра непатрэбнасць Мінінфармацыі

15.03.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Заканадаўства ў галіне СМІ

“Мы лічым неабгрунтаваным пункт гледжання апанентаў наконт таго, што папярэджанне Міністэрства інфармацыі – гэта ўмяшальніцтва ў рэдакцыйную палітыку. Гэта не ўмяшальніцтва, а выкананне заканадаўства”.

Такое меркаванне выказала міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч у часе анлайн-канферэнцыі на сайце БелТА “Медыяасяродак Беларусі ў новых умовах”.

Яна прыгадала вынясенне пісьмовых папярэджанняў сайтам nn.by і ej.by у пачатку сакавіка: “Эфектыўнасць гэтага захаду відавочная – літаральна ў дзень атрымання папярэджанняў інтэрнэт-рэсурсы ліквідавалі правапарушэнні". 

“Ёсць бок, які павінен выконваць заканадаўства аб СМІ, і ёсць права Міністэрства інфармацыі на вынясенне папярэджанняў”, – лічыць спн. Ананіч.   

Старшыня ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец акурат гэткі падыход лічыць заганным.  

“Я пра гэта казаў і на “Клубе рэдактараў”, што наогул не справа Міністэрства інфармацыі – выступаць “арбітрам” у інфармацыйных спрэчках, – зазначыў у гутарцы з прэс-службай ГА “БАЖ” старшыня арганізацыі. – Міністр кажа, што да іх са скаргамі звяртаюца дзяржаўныя органы, грамадзяне, прадпрыемствы, а міністэрства вырашае, прымяніць санкцыю да СМІ ці не. Фактычна, тым самым яно бярэ на сябе і ролю суда, і ролю выканаўцы, прычым нават не звяртаючыся да другога боку – СМІ, інтэрнэт-рэсурсаў. Тыя постфактум даведваюцца, што ў дачыненні да іх ужытыя тыя ці іншыя захады. Адпаведным Канстытуцыі парадкам быў бы судовы разгляд інфармацыйных спрэчак, дзе бакі знаходзіліся б у роўных умовах. А Міністэрства інфармацыі з такімі паўнамоцтвамі наогул не павінна існаваць у дэмакратычнай дзяржаве”.  

У цэлым тэме кантролю дзяржавы над інтэрнэтам надавалася даволі шмат увагі ў часе анлайн-канферэнцыі Ліліі Ананіч:  

“Мы старанна аналізуем інфармацыйную прастору, і самы галоўны крытэр актуальнасці прынятых рашэнняў па рэгуляванні інтэрнэт-прасторы – гэта звароты грамадзян і арганізацый. За мінулы год паступіла больш за 300 такіх зваротаў па тэме інтэрнэту…

Звяртаюцца прадпрыемствы, арганізацыі, калі паказваюць нават на факты нядобрасумленнай канкурэнцыі паміж кампаніямі і прыводзяць факты скажэння інфармацыі аб той ці іншай кампаніі. Звяртаюцца таксама органы дзяржкіравання, калі ідзе скажэнне факталагічнай інфармацыі.

У гэтым кантэксце ў Міністэрства інфармацыі ёсць дакладны алгарытм дзеянняў, і лічу, што дзякуючы закону аб СМІ зроблены чарговы крок па нарошчванні прававой культуры ў гэтай сферы...

Інтэрнэт-рэсурсы адрозніваюцца ад традыцыйных сродкаў масавай інфармацыі тым, што там утрымліваюцца не толькі журналісцкія матэрыялы, але публікуюцца і каментары карыстальнікаў. У дачыненні да традыцыйных СМІ папярэджанні і іншыя меры ўздзеяння, прадугледжаныя заканадаўствам, эфектыўныя. Як правіла, дастаткова аднаго папярэджання. Праўда, быў выпадак, калі выданне, якое спецыялізуецца на крымінальнай тэматыцы, атрымала другое папярэджанне за публікацыі, якія абражаюць гонар і годнасць. Думаю, што калі і гэты ўрок не будзе ўспрыняты рэдакцыяй, то будзем больш пільна разглядаць дзейнасць гэтага СМІ…”