1196

Amnesty International: У Беларусі існуюць строгія абмежаванні свабоды выказвання, як у заканадаўстве, так і на практыцы

11.02.2020 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International падрыхтавала вялікую справаздачу па Беларусі для працэдуры Універсальнага перыядычнага агляду на 36-ю сесію рабочай групы УПА ў траўні 2020 года. Эксперты адзначаюць, што ў Беларусі застаюцца сур'ёзныя праблемы ў сферы правоў чалавека.

Прыводзім вытрымку са справаздачы Amnesty International, датычнай свабоды слова і медыя.

У раздзеле "Свабода выказвання і свабода СМІ" адзначаецца, што ў Беларусі па-ранейшаму існуюць строгія абмежаванні свабоды выказвання, як у заканадаўстве, так і на практыцы. Крытыкі ўраду і іншадумцы, якія спрабуюць скарыстацца гэтым правам, сутыкаюцца з уціскам і іншымі рэпрэсіямі з боку ўладаў, у тым ліку адміністрацыйным і крымінальным пераследам.

Змены ў Закон аб сродках масавай інфармацыі, якія ўступілі у сілу ў снежні 2018 года, значна ўзмацнілі дзяржаўны кантроль над інтэрнэт-СМІ. Цяпер як зарэгістраваныя, так і не зарэгістраваныя інтэрнэт-выданні абавязаныя ідэнтыфікаваць карыстальнікаў, якія пакідаюць каментары ў артыкулах ці на інтэрнэт-форумах (што ўшчамляе правы людзей на ананімнасць), а таксама раскрываць гэтую інфармацыю па запыце адпаведных органаў.

Уладальнікі зарэгістраваных анлайн-СМІ нясуць адказнасць за змест каментароў. Гэтыя нормы паспрыялі фармаванню культуры ўзмоцненага сачэння і далейшаму згортванню адкрытага абмеркавання і свабоды выказвання.

Нягледзячы на перапынак у пераследзе журналістаў, што супаў з Еўрапейскімі Гульнямі ў Мінску, улады працягваюць накладаць вялікія штрафы на журналістаў-фрылансераў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ, згодна з артыкулам 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (“незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”).

У кастрычніку 2019 года, Мінскі абласны суд вызваліў былога вязня сумлення Дзмітрыя Паліенку, які знаходзіўся ў зняволенні з сакавіка 2019 года, але прысудзіў яго да дзесяці месяцаў абмежавання волі без накіравання (так званай "хатняй хіміі").

Дзмітрый Паліенка быў гвалтоўна затрыманы ў сябе дома 20 сакавіка 2019 года. У красавіку 2019 года яму было прад'яўлена абвінавачанне па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Два эпізоды звязаныя з графіці (артыкул 341 "шкода дзяржаўнай уласнасці" і артыкул 130 частка 1 "распальваньне варожасці"). Таксама Паліенка абвінавачваўся ў меркаваным нападзе на чалавека (артыкул 339 частка 3 "асабліва злоснае хуліганства"). Падчас яго знаходжання пад вартай у чаканні суда, яму былі прад'яўленыя яшчэ два абвінавачванні: "абраза прадстаўніка ўлады" (паводле артыкула 369), і яшчэ адзін эпізод "шкоды дзяржаўнай маёмасці".

Amnesty International заявіла, што, нягледзячы на сур'ёзныя асцярогі з нагоды падстаў для абвінавачвання ў "асабліва злосным хуліганстве", усе іншыя абвінавачванні супраць Паліенкі былі незаконнымі і датычыліся яго права на свабоду слова. У першы дзень суда, пракуратура адмовілася ад усіх іншых абвінавачанняў. Акрамя таго, пад моцным ціскам з боку праваабаронцаў і грамадзянскай супольнасці, суд адмяніў рашэнне аб правядзенні закрытага суда. Таксама, выказвалася заклапочанасць адносна абыходжання з Дзмітрыем Паліенкам у папярэднім зняволенні, якое было звязана з ягоным пераследам з боку ўладаў, у тым ліку адвольнага размяшчэння ў адзіночную камеру і адмова ў перадачы пасылак і пошты.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!